Выбрать главу

На змярканні рушылі ў паход дзве групы войска: трыццаць чырвонаармейцаў з Букрэем на чале і восем чалавек сялян пад камандаю дзеда Талаша, а ўсяго разам сорак чалавек. I быў гэта другі дзень з тых трох дзён, на сходзе якіх дзед Талаш і Мартын Рыль павінны былі злучыцца на Доўгім Бродзе. Дзед Талаш цвёрда трымаў гэта ў памяці. Такім парадкам, наперадзе была цэлая доўгая зімняя ноч і цэлы кароткі зімні дзень. Часу зусім выстарчала для таго, каб не спяшаючыся прыйсці ў тэрмін на ўмоўленае месы;а.

Надвор'е памякчэла. Яшчэ звечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў, а над далёкімі лясамі звісала тонкая блакітная смуга, прадвеснік адлігі. Яркія фарбы неба тускнелі, а на зямлю хутка апускалася цемра. Маршрут паходу быў вызначан загадзя Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан, складаўшых войска дзеда Талаша. Яны таксама былі ўзброены ваеннымі стрэльбамі. Першы прывал на паходзе быў назначан у фальварку Віркуцце.

Букрэй — чалавек з багатаю ваеннаю практыкаю. Не раз ён рабіў такія паходы, не раз быў у бойках і на фронце імперыялістычнай вайны, і на франтах вайны грамадзянскай. Быў ён і на Уральскім фронце, і пад Астраханню, і ў шырокіх стэпах Украіны. Чырвонаармейцы любілі яго і пакладаліся на яго. Ён аддаў загад начальнікам аддзяленняў прыняць меры аховы паходнай калоны. Былі высланы бакавыя і пярэднія дазоры, устаноўлена адпаведная сувязь байцоў у дазорах з ядром калоны.

Дзед Талаш прыглядаўся да Букрэя, прыслухоўваўся да яго загадаў і каманды і ўсё гэта матаў сабе на вус. Ён, як праваднік, на якім ляжала адказнасць у сэнсе захавання войска ад розных ліхіх неспадзевак у дарозе на цаходзе, праяўляў усе адзнакі руплівасці і турботы, каб усё было добра і шчасліва. Ён то адставаў на некаторы момант ад калоны, то заходзіў наперад ці збочваў, каб адысціся ад шуму, тупату ног, прыпыняўся і чуткім вухам лавіў галасы зімняй ночы і падазроны шолах лесу. Яму прыемна было адчуваць, што на яго плячах шчыльна прыліпла важкая "настаяшчая" стрэльба з ёмкім вострым штыхом, з якім не страшна выступіць адзін на адзін і супраць мядзведзя. Усё бачанае і перажытае ў Высокай Рудні цяпер адступіла кудысь далей, а перад ім паўставалі новыя з'явы так, як дыктаваліся яны ходам падзей, — спатканне з Рылем, план вызвалення Панаса і далейшыя праявы, якія так трудна прадугледзець і падпарадкаваць сваёй волі і сваім жаданням. Алё дзед Талаш адчуваў цяпер за сабою сілу і ўпэўненасць: гэту сілу і смеласць прыдавала яму ў значнай меры і "настаяшчая" стрэльба. Калі ён адыходзіўся трохі воддаль і быў адзін, ён знімаў з-за плячэй стрэльбу, браў яе "на руку" для бою ў штыхі, як паказваў яму Букрэй. Пацешную позу прымаў у гэты час дзед Талаш: ён браў стрэльбу праваю рукою за шыйку ніжэй затвора, леваю падхватваў яе знізу на адлегласць у локаць і сам прысядаў, згінаючыся ў каленях, выставіўшы трохі наперад левую нагу. I твар яго тады быў грозны, як у чалавека, гатовага нанесці смяртэльны ўдар свайму ворагу. Але гэтыя практыкаванні не засланялі сабою дзедавых турбот і дбання, каб правесці калону шчасліва.

Да фальварка Віркуцце заставалася вярсты тры. Дзед Талаш ціха падазваў да сябе двух чалавек з свае каманды — Купрыянчыка і Нупрэя — і даў ім загад збегаць на фальварак даведацца, ці няма там палякаў. Купрыянчык і Нупрэй шмыгнулі незаметна і расплыліся ў цемрадзі лясной глушы, а калона тым жа тэмпам, захоўваючы цішыню і парадак, рухалася далей. Шлях яе руху, дарогамі і без дарог, ляжаў увесь час праз лес. Лес ужо канчаўся, і калона зараз жа павінна была выйсці на круглае поле між лясоў, дзе і быў фальварак Віркуцце.

Дзед Талаш падышоў да Букрэя.

— Зараз падыходзім да фальварка, — ціха паведаміў начальніка калоны, — трэба спыніцца.

Букрэй перадаў па ланцужку каманду спыніцца.

— На ўсякі выпадак трэба паслаць разведаць хутар, — сказаў ён.

Букрэй ужо хацеў выслаць разведку.

— Я паслаў ужо сваіх людзей, — далажыў дзед Талаш.

— Правільна зрабіў, дзед! — пахваліў яго Букрэй. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў ён дзеда.

Мінуты праз дзве з мроку выплылі тры постаці. Гэта былі Купрыянчык і Нупрэй і з імі нехта трэці.

Дзедава разведка данесла:

— У фальварку палякі! Распытайцеся вось у яго — ён ведае аб іх болей, — і паказалі на прыведзенага чалавека.

Букрэй зрабіў яму допыт.

— Ты хто?

— Дарвідошка, — адказаў прыведзены чалавек.

— Дарвідошка ці Дацягнідошка — гэта няважна, — заўважыў Букрэй. — Ты што за чалавек? Чым займаешся?