Бабка Наста адчыніла дзверы.
— Ну, што? — запытала Панаса.
— Бачыўся з бацькам. Перадаў яму харчы.
— Куды ж ён пайшоў?..
— Пайшоў… Казаў, каб за яго не баяліся… Напэўна, да Параскі пойдзе… Заўтра ён прыйдзе ў зацемкі.
У бабкі Насты трохі адлягло ад сэрца.
Гутарка перайшла на палякаў. Нічога добрага спадзявацца ад іх нельга. Нягодныя, памаўзлівыя, з людзьмі абыходзяцца не па-людску.
Да бабкі Насты заходзіла Агата Смыга. Пераказвала аб розных учынках польскіх жалнераў. Да маладзіц і дзяўчат прыстаюць, па клецях лазяць, шворацца, бяруць гаспадарскае дабро. Смаж ім яечню, скваркі пячы. А чуць што не так, дык бізун у ход пускаюць.
Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. I злы ж на іх Максім! I весці прывёз невясёлыя, Расправу чыніць польскае начальства над тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. А пан Крулеўскі назначаецца павятовым камісарам, войтаў па валасцях ставяць.
— I няўжо ж асядуць яны тут на нашу галаву? — уздыхнула бабка Наста.
Панылы быў настрой у хаце дзеда Талаша.
Разышоўшыся з Панасам, дзед Талаш павольна пасунуўся балотамі, прыслухоўваючыся да шолахаў і галасоў палескай ночы. Было трохі і вусцішна аднаму сярод цемрадзі і глухмені лесу. Сякера за поясам давала трохі смеласці. Дзед Талаш напэўна і сам не адказаў бы сабе, каго яму болей страшна: нячыстай сілы, вера ў якую ўсё ж такі тлелася дзесь у закарвашках дзедавай душы, звера ці ліхога чалавека ў вобразепольскіхжалнераў. Ноч. адзінота і страх хілілі дзедаву думку на зброю. Зусім іначай пачуваўся б ён, калі б у яго руках быў надзейны друг — добрая стрэльба. У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць, і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі: порахам, пістонамі, шротам, кулямі, гранкулькамі і ўсімі іншымі рэчамі. Трымаць яе дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Прыпамінаецца дзеду Талашу, што па лясах шмат схавана зброі, і зброі настаяшчай. Можа, прыйдзе такі час, калі яна спатрэбіцца людзям.
З гэтымі думкамі падыходзіць незаметна дзед Талаш да таго месца, дзе схаваў ён сваю стрэльбу. Але ўсё ж такі трохі патупаў, покі натрапіў поначы на дуплістае дрэва, якому даручыў ён сваю старую прыяцельку.
Выцягнуў яе дзед Талаш з дупла, агледзеў, узвёў брамку, праверыў — служыць яшчэ акуратна стары таварыш яго лясных паходаў. Надзеў праз плячо паляўнічую раменную торбу на шырокім пасе, дастаў ладункі з порахам, засыпаў у стрэльбу добрую порцыю пораху, туга забіў яго клакам. Палажыў штук шэсць гранкулек, і калі ўсё было гатова, тады насадзіў на брамку пістон і ўжо болей цвёрдымі і ўпэўненымі крокамі накіраваўся ў Макушы.
V
На подступах да Прыпяці польскае войска змушана было запыніцца. Першыя дні ў гэтым раёне вяліся жорсткія баі. Улічваючы важнасдь пазіцыі на Прыпяці, палякі імкнуліся перайсці яе, каб потым павесці свой далейшы наступ супраць Чырвонай Арміі. Але ўсе спробы польскіх легіёнаў прасунуцца наперад не мелі поспеху, і польскі ваяцкі запал значна апаў і астыў. Снягі і марозы, нечакана скаваўшы Палессе, прыпынілі ваенныя аперацыі шырокага маштабу. Адзін і другі бакі падцягвалі тылы і рэзервы, зорка сачылі адны другіх, умацоўвалі свае пазіцыі, рыхтуючыся да наступных рашучых схватак.
Значныя часткі Палесся, амаль уся Піншчына, частка Рэчыцкага і Мазырскага Палесся былі акупаваны белапалякамі.
Новую, рэзкую мяжу палітычных і сацыяльных форм праводзіла польская акупацыя. З глыбі вякоў паўставалі даўно забытыя, сцёртыя ў памяці народа парадкі, традыцыі і адміністрацыйныя функцыі абуджанай польскай дзяржаўнасці, паўставалі, як магільныя прывіды, узрушаючы псіхіку шырокіх пластоў працоўных мас. А калі што і заставалася ў народнай памяці з пахаванага, здавалася, мінулага, то яно выклікала ў яе прадстаўленні чорныя моманты прошлага, звязанага з польскім шляхецтвам, з панскасцю і прыгонніцтвам. Ваяводствы, староствы, павятовыя "камісаржы", войты, пастарункі — ужо адны гэтыя голыя формулы змушалі падазрона наставіць вушы і станавіцца да ўсяго гэтага скептычна, варожа, безнадзейна. Але былі і такія, якім польская акупацыя была на руку. Да такіх належаў і Васіль Бусыга.
Акрыяў духам Васіль Бусыга. Проста як бы ў яго выраслі крыллі. Ён хадзіў раўней і вышэй падымаў галаву. Толькі часамі і асабліва спачатку яго браў страх, каб зноў не вярнуліся бальшавікі. Тым часам ішлі дні, бальшавікі не варочаліся, і сумненні наконт трываласці новага ладу жыцця глушэлі і глушэлі, і перад Васілём усё смялей і смялей рысаваліся ружовыя далечы жыцця. Яго не засмучалі такія праявы, як расправа польскай адміністрацыі з аматарамі парушыць святое права чужой уласнасці. Адчувалася адразу, што польская ўлада нясе за сабою парадак, закон і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, і Васіль з асаблівым замілаваннем прыкідаў у думках розныя меркаванні ў сваіх гаспадарскіх справах. Расчыняліся і мажлівасці значна павысіць вагу свае гаспадаркі. Розныя планы аб павелічэнні зямлі прыходзілі яму ў галаву. Спрыяла яму і тая акалічнасць, што пана Крулеўскага прызначылі павятовым "камісаржам". I як гэта добра, што ён, Васіль Бусыга, умее ладзіць з такімі людзьмі, як пан Крулеўскі.