Гэта акалічнасць наводзіць Васіля на думку зрабіць візіт пану Крулеўскаму, цяпер павятоваму "камісаржу". А зрабіць гэты візіт Васілю нятрудна: хіба ў яго не знойдзецца адпаведнай прычыны для ўгрунтавання свайго візіту? Прычын такіх многа. Па-першае, трэба ўпарадкаваць зямельныя справы — не пакідаць жа іх так, як засталіся яны ад бальшавікоў. Ды трэба ж і ў вёсцы заводзіць нейкі іншы лад. Праявіць жа свой пачын ніколі не пашкодзіць.
Васіль Бусыга расчасаў акуратначорную бараду, адзеў кажух чорнага вырабу, дагнаны да стану, падперазаўся шырокім пышным поясам, спецыяльна вытканым рукамі яго Аўгіні, жанчыны віднай і павабнай. I калі Васіль, выстраіўшыся па ўсіх правілах мастацтва, стаў перад Аўгіняй, каб паказацца ёй у гэтым шыкарным убранні, яна толькі сказала: 'Тэ ж, які ты шчогаль!"
Пан Крулеўскі сядзеў у сваім кабінеце на шырокім мяккім крэсле. На стале, засланым зялёным сукном, стаялі прылады пісьма і розныя дарагія рэчы, для пісьмовага стала спецыяльна прызначаныя. Тут жа ляжалі і розныя паперы. А ўсё гэта павялічвала значэнне адміністрацыйнай асобы пана павятовага "камісаржа". На сценах віселі партрэты польскіх генералаў, такіх непрыступных і строгіх. Між гэтых запраўскіх ваякаў кідалася ў вочы духоўная асоба, партрэт біскупа, стрыжанага, брытага, з усімі біскупскімі атрыбутамі. Васіль, зірнуўшы на яго, падумаў сам сабе: "А чаго папаў сюды гэты галамоўза?" Але ўголас не выказаў свае думкі, бо Васіль быў чалавек палітычны і спрытны. Цэнтральнае месца сярод партрэтаў займаў партрэт даволі панурага віду генерала з даўгімі, спушчанымі ўніз, як у маржа, вусамі. На грудзях у яго быў цэлы музей крыжоў, медалёў і розных цацак, што вядуць свой пачатак яшчэ з таго часу, калі роданачальнікі нашых продкаў фарсілі ў хвартушках і звярыных шкурах.
I біскуп, і ўсе гэтыя генералы, і стол з яго ўкрасамі надавалі яшчэ болей важнасці і пыху асобе павятовага "камісаржа". Гэту асаблівасць адразу адчуў Васіль Бусыга, а таму прывітанне яго пану Крулеўскаму было яшчэ болей пачцівым, як звычайна.
Павятовы "камісарж" чуць-чуць кіўнуў галавою, і гэты ківок быў повен велічнасці і паважнасці.
— Цо повеш?
Пан Крулеўскі гаварыў цяпер па-польску, і ў голасе чуўся халодны, афіцыяльны, начальніцкі тон.
У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны, хоць сякія-такія польскія словы ён ведаў. Размовы ж ён меў пераважна з валаснымі пісарамі, з папамі, ураднікамі, часам з прыставам. Ад іх запазычаў ён і расійскія словы, хоць вымаўляў іх са сваім палескім акцэнтам.
— Прыйшоў я да гаспадына пана-камісара прачуць пра сэ-тэ, бо мы сяйчас тэрас жывэма, як гарох пры дародзы, нічаво ніц не ведаючы.
Пан Крулеўскі зірнуў на Васіля. Хацеў зрабіць заўвагу аб польскай мове ў Васілёвым вымаўленні, але замест гэтага запытаў:
— А як становяцца "веснякі" да польскай улады?
— Каторыя, проша пана, станавітыя, гаспадары, тыя Богу дзякуюць — парадак прыходзіць, каб можна спакойна жыць і працаваць.
— А рэшта?
— Усякія, проша пана, ёсць… Дык і трудна сказаць, покі блізка лачальства няма, каб хто мог цікавіцца гэтым.
Васіль Бусыга недагаварыў свае думкі: інстынкт самазахавання дыктаваў яму не расчыняць ёй занадта шырока дзвярэй. Але наконт начальства намякнуў ён тонка: быў жа Васіль кандыдатам на старшыню. Але гутарка на гэтым абарвалася: у двары павятовага "камісаржа" пачуўся шум, галасы і грубыя салдацкія вокрыкі, нагадваючы сабачы брэх. Пан Крулеўскі падняўся з крэсла, падышоў да акна. Туды ж павярнуў галаву і Васіль.
Двор запаўняла цэлая грамада палешукоў, пераважна маладых і сярэдняга веку людзей. Яе абкружаў ланцуг польскіх легіянераў. Лахматыя шапкі розных форм і колераў. Доўгія і кароткія заношаныя кажушкі, чорныя простага сукна пільчакі, світкі, і ўсе абутыя ў дрэнныя лазовыя лапці з высока накручанымі анучамі. Раменныя і берасцяныя кайстры, перакінутыя цераз плечы, завяршалі іх адзенне. Твары іх былі замкнёныя, панурыя, суровыя. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі навадзілі парадак у гэтым тлумным стракатым натоўпе, стараючыся паставіць сагнаных невядома адкуль і за што людзей у рады, лаяліся, штурхалі, пагражалі. Не прывыкшыя да такіх строгасцей і адчуваючы агіду да гэтага капральскага парадку, палешукі агрызаліся і на гэтым грунце вынікалі канфлікты, гатовыя перайсці ў цэлую буру грозных учынкаў.