— Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш!
Высокі, плячысты, жылісты паляшук, сярдзіта ссунуўшы бровы, абсыпаў іскрамі знявагі і злосці штурхнуўшага яго канвойнага. Легіянер, сустрэўшы знішчаючы погляд злосных вачэй, трусліва здаўся.
— Мільч, сцерва! — прыкрыкнуў ён, але на ўсякі выпадак падаўся далей ад раззлаванага гіганта.
— Ды гэта ж Мартын Рыль! — апазнаў Бусыга хударлявага шырокага палешука з суседняй вёскі Вепры, і па яго целу прабегла нервовая дрыготка. Але гэта нечаканасць выклікала ў ім здаваленне.
Запыненых на некалькі хвілін палешукоў павялі за рог дома, дзе была падрыхтавана каталажка, служыўшая раней складам для рознага гандлярскага хламу. Хвіліны праз дзве з'явіўся капрал і далажыў пану Крулеўскаму аб прыводзе злачынцаў, бунтаўшчыкоў супраць новай улады, выяўна сімпатызуючых бальшавіцкаму "барбарству" і анархіі.
Вяртаючыся дадому ад павятовага "камісаржа", Васіль Бусыга разважаў сам з сабою аб сваім войтаўстве, — яно было забяспечана яму панам Крулеўскім, і аб сваіх абавязках, — яны выплывалі з яго войтаўскага чыну. I яшчэ думаў ён і аб Мартыну Рылю, а пытанне аб тым, ці сказаць аб гэтым Аўгіні, ці не, аставалася адкрытым.
VI
Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? I чаму вагаўся войт, сказаць аб гэтым Аўгіні ці не сказаць?
Я мушу вярнуцца крыху назад, адкінуць з дзесятак гадоў часу, зазірнуць у Вепры, каб сталі яснымі гэтыя пытанні.
Дзесяць гадоў таму назад у Вепрах не было дзяўчыны цікавейшай за Аўгіню, цяпер войтаву жонку. Вясёлая, жывая, дураслівая, свавольніца і першая штукарка на розныя забаўкі і выдумкі — вось якая была Кублікавых Аўгіня. Любіпа яна і з дзецюкамі пажартаваць, ды жартавала так, што кожнаму з іх здавалася, нібы ён і ёсць той, на якім запыніла яна^сваю дзявочую ласку.
"Нарвецца дзяўчына", — казалі пра яе сталыя жанкі і маладзіцы, калі гутаркі пра яе дурасці даходзілі да іх вушэй. Аўгіня жартаваць жартавала, але граніц у сваіх дурасцях не пераступала. Умела быць яна сталаю і сур'ёзнаю, і вочы яе, цемнаватыя, як лёгкі змрок ясных чэрвеньскіх вечароў, пазіралі тады строга і ўдумліва. I трудна было адзначыць колер гэтых вачэй, што свяціліся, як дзве роўныя, прадаўгавата-круглыя ямінкі-багны на цёмным балотным дне ў роспісе пышных раслін. Іх можна было ўспрымаць як карыя вочы, чуць-чуць пацягнутыя зелянкаваю павалокаю, а часамі яны здаваліся шэравата-зялёнымі. Можа, проста мяняліся яны ў залежнасці ад тых думак, ад тых маладых мар, што поўнілі дзявочую галаву і гушкалі яе сэрца ў той ці іншы час. Адно можна сказаць пра іх: яны вабілі — вось як вабіць воля і радасныя прасторы вясны, поўныя музыкі, звону і шуму жыцця, і зацягвалі, як надрэчная дрыгва, дзе звадлівым шэптам гамоняць высокія шумлівыя чароты і пахучы аер.
Але чараўнічыя гэтыя вочы, здавалася, не мелі ўлады над Мартынам Рылем, і не Аўгіню вылучаў ён з чарады вепраўскіх дзяўчат. Аўгіня сама зачэпіць часамі пры здарэнні Мартына, хоць у гэтым нічога дзіўнага не было, калі прыняць пад увагу Аўгінін характар і яе дураслівасць. Мартын удзеліць ёй столькі ўвагі, сколькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека. I болей нічога.
— Падабаешся ты мне, Мартын, — раз казала так да яго Аўгіня, а ў вачах яе іскрачкі дураслівай жартлівасці пабліскваюць.
Мартын спакойна ёй на гэта, нібы нічога не зважаючы:
— I ты падабаешся мне, Аўгіня.
А ў тоне яго ніякага ўзрушэння.
— А чым я падабаюся табе, Мартын?
— Тым, што я падабаюся табе.
— А калі б ты мне не падабаўся?
— Ну дык што ж?
— А ведаеш, за што цябе можна ўпадабаць?
— Не ведаю. Скажы.
— За тое, што ты высокі, што ў цябе, як відаць, будуць чорныя вусы. I вочы твае шэрыя, і калі ты часамі глядзіш імі, то робіцца страшна. Я люблю, калі хлапецкія вочы змушаюць затрасціся ад страху. Але я не пайшла б за цябе замуж: у цябе, калі ты пасталееш, будзе казліная барада.
I заліваецца Аўгіня вясёлым смехам.
Мартыну робіцца трохі непрыемна і ад гэтага смеху, і ад такога канца іх гутаркі. Ён адчувае сябе крыху зняважаным і абражаным. Покі сабраўся ён адказаць Аўгіні якім-небудзь трапным словам на яе заўвагу аб барадзе, яна паспела ўжо шмагнуць ад яго і, як відаць, зусім забыцца, што ў Вепрах ёсць чарнявы, высокі, шырокі ў плячах і тонкі ў стане Мартын. Але і Мартын хутка забывае ўсю гэту па істоце драбязлівую рэч. I толькі вечарам, калі ён лёг спаць, перад яго вачыма раптам устала Аўгіня. Яе заваблівыя вочы і ўся іх гутарка аднавіліся ў памяці. Разам з гэтым прыпомнілася і казліная барада, што вырасце ў яго, калі ён пасталее. Пры чым тут барада? Нашто яна прыпляла яе? Непрыемна ўспамінаць гэта. Мартын узважвае ўсе словы Аўгінінай гутаркі. Калі разабрацца па справядлівасці, то яна сказала яму болей прыемных слоў, чым прыкрых. Наконт жа таго, што яна не пайшла б за яго замуж, дык Мартын не думаў жаніцца з ёю і наогул аб жаніцьбе ён не думае. Але і гэта толькі словы яе, і іх можа якраз трэба разумець наадварот. I ці не напамінаюць яны яму аб чым-колечы? I ўсё ж такі казліная барада пераважае над усім. Мартын плюнуў, павярнуўся на бок і заснуў маладым здаровым крэпкім сном.