Выбрать главу

— Лупі іх, хлопцы!

Грымнуў траскучы дружны залп, зататакаў кулямет, адзін і другі. Не чакалі палякі з гэтага боку ворага і не ведалі, хто ён. Кінуліся назад, пакінуўшы гарматы, беглі, падалі і не падымаліся. Кінуліся партызаны да гарматы, захапілі яе разам з двуколкамі і з усёю запрэжкаю. Знайшліся старыя салдаты-артылерысты. Гармату павярнулі жаралом у бок палякаў і пачалі біць у іх з блізкай дыстанцыі простаю наводкаю. Палякі пакідалі зброю, гарматы і бязладным натоўпам, не слухаючы сваіх камандзіраў, беглі ў лес, хто куды. Як ваенная арганізаваная сіла гэта часць польскага войска перастала існаваць.

Неспадзяваны контрудар Чырвонай Арміі, нанесены з такою сілаю, грукатам грому разнёсся па польскім тыле і ўстрывожыў польскі ваенны штаб. Але вышзйшае польскае камандаванне, трэба аддаць яму справядлівасць, не згубіла галавы. Тэрмінова і рашуча арганізавала ліквідацыю прарыву свайго фронту, кінуўшы ўсё, што можна было кінуць з тылавых рэзерваў і з часцей, прызначаных на іншыя ўчасткі фронту. Ужо на другі дзень часці Чырвонай Арміі сустрэлі жорсткае і ўпартае супраціўленне палякаў. Польскія падмацаванні ішлі з усіх бакоў, беручы ў клешчы ў сваю чаргу нашы наступаўшыя часці. Гарачы, напружаны бой кіпеў у лясах, перасечаных балотамі, у ваколіцах і на вуліцах вёсак. Часці Чырвонай Арміі, у некалькі разоў устулаўшыя ў сіле праціўніку, змушаны былі запыніцца і падацца назад. Прычым сувязь між асобнымі вайсковымі злучэннямі страцілася. Некаторыя часці, батальёны, роты біліся самастойна, без агульнага аперацыйнага кіраўніцтва. I асабліва ў цяжкае становішча папаў батальён Шалёхіна, узяты палякамі ў вілы між Прыпяццю і прымыкаўшым да яе возерам з дрыгвяністымі берагамі. Змучаны безупыннымі баямі і паходамі на працягу некалькіх дзён, не маючы ні правіянту, ні патронаў, батальён стойка біўся да апошняга патрона, адбіваючы атакі ворага штыхамі.

Была глыбокая ноч. Скрозь галіны дрэваў скупа прабіваўся тужлівы бляск месяца. Стомленыя байцы, акапаўшыся на выспе, з трывогаю чакалі недалёкай раніцы заўтрашняга дня. Болыпая частка іх спала, скурчыўшыся каля камлёў, палажыўшы галаву на карані. Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротныя камандзіры і начальнік кулямётнай каманды. Змучаныя, стомленыя і атупелыя, яны панура маўчаць, зрэдку перакідаюцца кароткімі фразамі.

— Справа — швах! — гаворыць начальнік кулямётнай каманды.

— Ты б сказаў што-небудзь новае, — панура заўважае адзін з ротных камандзіраў.

— Мая думка — спрабаваць прабіцца, — кажа другі.

— Калі б для гэтага зброяй служыў кулак, то, можа, і прабіліся б, — адзываецца камандзір другой роты.

— Куды прабівацца? — пытае кулямётчык.

— Дык што ж па-твойму? Здавацца ў палон? — сярдзіта асаджвае яго ПІалёхін.

Ён дзелавіта чухае патыліцу і крэпка лаецца, ні да кога не адрасуючы сваіх крэпкіх слоў.

Камандзір першай роты недарэчы і не да месца ціха спявае старую песню, колісь модную ў царскіх казармах:

Бывалі дні вясёлыя, Гуляў я, маладзец.

— I дагуляўся, — іранічна заўважае кулямётчык.

Шалёхін думае і прыдумаць нічога не можа. Ён нервова кусае губы. У такім паганым мяшку не быў ён ніколі. Яму прыкра, прыкра перад усім батальёнам, перад радавымі байцамі, даручыўшымі яму свой ваяцкі гонар і славу.

— Хоць бы закурыць, чэрці б яго пабралі, — чуецца чыйсь голас, а потым і адказ на яго:

— Дажыліся палякі, што ні хлеба, ні табакі.

Маўклівая цішыня змяняе іх гутарку. Стомлены Шалёхін не спіць. Не спяць камандзіры. Упадніцкія мыслі западаюць у сэрца, але ніхто аб іх не гаворыць: не да твару яны байцу. Астаецца дзесь у глыбінях свядомасці і— месца для надзеі: ану ж, выхад знойдзецца.

Шалёхін раптам падымае галаву: пачулася яму ці гэта проста галюцынацыя слыху? Ён кладзе руку на наган, прыслухоўваецца. Чыесь асцярожныя крокі, нібы хтось крадзецца. Падымае галаву і камандзір першай роты, высокі, сухі, з глыбока запаўшымі вачыма. Яны ўзіраюцца ў цемру ночы, яшчэ болей густую пад навіссю галін. Прысадзістая цёмная постаць чалавека выплывае з цемры.

— Таварыш Шалёхін! — ціха аклікае цёмная постаць.

Камбат прыпадымаецца.

— Хто мяне кліча?

— Я, Талаш! — адказвае цёмная прысадзістая постаць.

Шалёхін парывіста ўстае, кідаецца да дзеда Талаша.

— Бацька, гэта вы!

I крэпка трасе старому руку.

— Не журыцеся, таварышы: я выратую вас!

— Ды ты будзеш наш бальшавіцкі ангел! — чуецца чыйся радасна-жартлівы голас.