Выбрать главу

Дарога сціскаецца лесам і спускаецца ў лагчыну, потым ізноў падымаецца на горку. Нявідны ідзе далей. Перед ім раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Нявідны хоча звярнуць з дарогі ўбок, каб не быць заметным з боку сядзібы. Аж зірк — на спатканне яму высоўваюцца нейк адразу трое мужчын. Па вопратцы тутэйшыя сяляне. Нявідны крыху сумеўся: у іх абліччы і поглядзе, кінутым на яго занадта ўважна, яму паказалася штось не зусім ладнае. Але зварочваць у лес цяпер ужо было па часе. Нявідны ідзе насустрач ім, стараючыся нічым не выказваць свайго непакою.

— Панічок, ці няма ў вас агню? — украдліва-пачціва пытае яго адзін з пабітым воспаю тварам. I для большай натуральнасці такога запытання паказвае скручаную з газетнай паперы цыгарку. Усе трое спыняюцца, прычым двое другіх становяцца па баках Нявіднага.

"Шпікі", — маланкаю мільгае ў галаве Нявіднага.

— Агонь павінен быць, — бестурботна-спакойна адказвае ён і абмацвае кішэні, затрымаўшы правую руку на рукаятцы браўнінга. Стаяўшыя па баках пераглянуліся, вачыма далі знаць адзін аднаму.

— Беж его!

I раптам кінуліся на Нявіднага. У момант вока Нявідны выхапіў браўнінг і выстраліў, не цэлячыся, у таго, што быў злева. Сышчык упаў на зямлю. Але гэта была толькі яго хітрасць: куля праляцела міма, прабіўшы яму адзежу і чуць крануўшы скуру на баку. Другі ў той жа момант схапіў Нявіднага за руку ніжэй локця і крэпка сціснуў яе. Аспаваты кінуўся наўцёкі. Упаўшы сышчык маланкай падняўся на ногі і схапіў руку Нявіднага з браўнінгам і так сціснуў яе, што пальцы разагнуліся, рэвальвер выпаў на зямлю. Між імі пачалася страшная барацьба.

Нявідны вырываўся з усіх сіл, каб вызваліць рукі. Але сышчык трымаў яго моцна і стараўся паваліць.

— А, пшэклёнты бальшавік! Ніц не паможэ! — хрыпеў ён. Другі, што падняўся з зямлі, рвануў Нявіднага за ногі, і ён упаў. Цяпер падбег і аспаваты. З лесу выбеглі яшчэ двое ў форме вайскоўцаў. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Збіты і акрываўлены, Нявідны ляжаў нерухліва. Яго перасталі біць, ператрэслі кішэні і тады надзелі яму наручнікі. З сядзібы пад'ехала фурманка. Нявіднага кінулі ў павозку і павезлі пад канвоем трох польскіх агентаў.

Толькі ў дарозе, спусціўшы некаторы час, Нявідны ачнуўся і прыйшоў да памяці, але ён не паказваў гэтага сядзеўшым каля яго агентам. Відаць, яны мала клалаціліся за жыццё свае ахвяры: яны былі спецыялісты па часці біцця да пэўнай мяжы, з тым, каб захаваць сваю ахвяру для допыту ў засценні польскіх астрогаў. З трыумфам ехалі яны і пільна вартавалі сваю ахвяру. Нявідны, перамагаючы боль збітага цела, прыпамінаў, што з дакументаў папала ў рукі яго катаў. Такіх дакументаў, якія маглі б пацягнуць за сабою арышты другіх асоб, Нявідны не меў звычаю насіць пры сабе. Пры ім было некалькі брашур ваеннага агітпропа, накіраваных супраць белапольскай акупацыі, адозвы да працоўнай беднаты з заклікам адкрыта ўступаць у бой з класавым ворагам шляхам партызанскай вайны і арганізацыі рэвалюцыйных камітэтаў. Самі па сабе дакументы гэтыя нічога не давалі панскай агентуры ў сэнсе выкрыцця іншых асоб, апроч Нявіднага. Гэта яго заспакоіла. Яго мучыла смага, але ён цярпеў. Агенты прабавалі гаварыць з ім, але ён, не хаваючы свае агіды да іх, маўчаў і не пазіраў на іх.

Аб арышце небяспечнага "злачынца" былі зараз жа апавешчаны вышэйшыя органы адпаведных польскіх аддзелаў. Адтуль распарадзіліся даставіць Нявіднага глыбей у тыл, у болей надзейны астрог. Некалькі дзён перасылалі Нявіднага з астрога ў астрог пад моцным канвоем, дзе пехатой, дзе фурманкамі і нарэшце чыгункаю.

Астрог, збудаваны яшчэ пры цару, быў цёмны і пануры. Нявіднага ўвялі ў кантору астрога, здалі па дакументах, дзе быў адзначан характар "злачынства": падпольная работа, накіраваная на зрыў польскага "ужонда", арганізацыя "разбою" і распальванне класавай нянавісці да пануючага класа. Яго абыскалі, і ўжо турэмная стража пад моцным канвоем павяла яго ў адзіночную камеру, што змяшчалася ў ніжнім этажы рагавой турэмнай вежы. Сотні арыштаваных за ўдзел у рэвалюцыйным руху напаўнялі астрог. Іх бледныя, змучаныя твары паказваліся ў закутых у жалеза вокнах з усіх паверхаў астрога.