Выбрать главу

— А скулу ім у бок! — вырваўся з партызанскай грамады голас, поўны злосці і абурэння.

— То як жа будзе, таварышы грамада? — дзед Талаш хоча ведаць настрой свайго войска.

– Іх саміх перабіць, як шалёных сабак!

— А пана Крулеўскага на асіне павесіць! — загула партызанская грамада.

— Дык будзем ваяваць з імі?

— Ваяваць, біцца да апошняга чалавека.

— Добра, добра, хлопчыкі! Дзякую вам, таварышы грамада! Дык будзем ваяваць. У нас ужо ёсць свае думкі, як ваяваць. Але тут я вам не скажу пра іх. I хвоя можа мець вушы.

— Мы верым табе, бацька, і нашым камандзірам.

Дзед Талаш зняў шапку і бліснуў лысаю галавою.

— Дык старайцеся ж, сокалы! Зорка глядзіце, чутка слухайце і рабіце ўсё тое, што скажуць вам камандзіры.

— Будзем глядзець, будзем слухаць і рабіць усё так, як нам скажуць, — дружна адгукнуліся партызаны.

Сакрэтна і патаемна рушыў у паход пан Крулеўскі на чале свайго батальёна пры чатырох лёгкіх гарматах з кулямётамі. Ехаў ён горда, пышліва, як праслаўлены ваяка. Нібы танцаваў пад ім гняды стаенны конь, як лебедзь, выгнуўшы пругкую шыю. Пану Крулеўскаму здавалася, што на яго цяпер пазірае ўвесь свет, і пышлівасці яго не было канца.

Не даходзячы Вепраў, батальён спыніўся. Батальён налічваў соцень шэсць салдат. Пан Крулеўскі сабраў паноў афіцэраў і падрабязна вылажыў ім свой стратэгічны план, размеркаваў пазіцыю, даў кожнаму аддзелу сваю баявую задачу, назначыў пункт, да якога павінен рухацца батальён, расчлянёны на тры часткі, даў падробныя інструкцыі кожнаму начальніку, паклапаціўся аб сувязі між паасобнымі аддзеламі.словам. нічога не ўпусціў з-пад увагі. Аддаючы гэтыя загады, пан Крулеўскі пачынаў сам пераконвацца, што ён не толькі дасканалы камандзір батальёна, а мог бы камандаваць і дывізіяй, і, быць можа, нават яшчэ лепей, як батальёнам: ваяцкай творчасці яго было б там болей разгону.

Батальён непасрэдна пераходзіў на палажэнне разгорнутых баявых часцей, гатовых пачынаць бой, хоць праціўнік яшчэ не быў знойдзены. Задача, пастаўленая батальёну панам Крулеўскім, была такая: ахапіць "жалезнымі лапамі" прадпрыпяцкую пушчу, дзе хаваліся партызаны, і ніводнаму з іх не дазволіць выйсці з яе. Батальён потайкам уночы абышоў Прымакі і Вепры і схаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры, і ў баявым парадку запыніўся на начлег у лесе.

Саўка Мільгун, тоячыся дома, дачуўся аб карным батальёне. Страх папасціся ў панскія рукі змусіў яго падацца ў лес. У тую ж ноч ён сабраўся, палажыў у берасцяную кайстру хлеба і ў поўнач рушыў у дарогу. Ужо каля лесу яго аклікнуў вартавы і загадаў спыніцца. "Няма дурняў сныняцца!" — сам сабе сказаў Саўка і так драпануў у лес, што толькі вецер засвістаў каля вушэй. Салдат выстраліў. Саўка падскочыў ад страху, але тут жа сказаў сам сабе: "Трасцу ты пацэліш". На ўсходзе сонца ён быў ужо далёка ад Прымакоў і сядзеў у жарале старога дуба. Гэта схованка яму дужа спадабалася. Яму толькі прыйшла ў галаву страшная думка: а што, калі палякі падсмаляць гэта жарало? У Саўкі не было акрэсленага плана. Планы і камбінацыі давалі яму тыя ці іншыя праявы. Так вось і цяпер: ён не пайшоў бы ў лес і не зашыўся б у гэта жарало, калі б не карны батальён. Седзячы ў жарале дуба, ён агледзеў дзірачку. Праз яе ледзь-ледзьпрабіваўся пучочак святла вясенняй раніцы. У гэтым месцы быў калісь сук. Цяпер ён згніў. Саўка пракалупаў нажом шырэй шчылінку і зрабіў з яе вочка, праз якое можна было згледзець сёе-тое з таго, што рабілася ў лесе.

Першы дзень баявых дзеянняў батальёна пана Крулеўскага не даў ніякіх вынікаў. Разведка, высланая ў лес, не вярнулася. Ці яна заблудзіла ў лесе, ці папала ў партызанскую засаду, ці проста дэзерціравала — асталося невядомым. Пан Крулеўскі аддаў батальёну загад прасунуцца глыбей у лес і заняць новыя пазіцыі. Сам ён са сваім штабам і сваім аддзелам, якім кіраваў непасрэдна, заняў цэнтр пазіцыі. Адной групе войска загадаў рассыпацца ў баявы ланцуг, ахваціўшы адно крыло надпрыпяцкай пушчы, і прайсці яе, трымаючы кірунак на цэнтр пазіцыі. Пан Крулеўскі меркаваў, што баявы ланцут, прайшоўшы пушчу, зрушыць і напужае партызан і яны будуць уцякаць у другое крыло, дарогу, якую ён пераняў сваім войскам. Вось тут, думаў ён, і будзе ім лазня. Такі манеўр болей дадаваўся для палявання на зайцоў, па часці якога пан Крулеўскі быў спец, чым для вайны з партызанамі. Не даў жаданага спаткання з партызанамі і другі дзень знамянітай аперацыі пана Крулеўскага, але ў гэты дзень здарылася адна даволі цікавая акалічнасць, абяцаўшая багатае жніво на ніве вайны: разведка затрымала ў лесе дужа фацэтнага чалавека-жабрака, ці то прыдуркаватага валацугу. Сядзеў ён каля дарогі, пад дзеравам, увесь тросся ад страху. Адзеты ў лахманы, абвешаны торбамі з доўгаю арэхаваю палкаю, ён па абліччу нагадваў нейкага ляснога гнома, і асабліва дзіўна была ў яго сівая бародка, збітая ў касмыкі.