Выбрать главу

— Ты хто такі? — запыталі яго салдаты.

— Ніхто. Чалавек.

— Адкуль ідзеш?

— З Петрыкава.

— Куды ідзеш?

— Нікуды.

— А чаго ты трасешся?

— Надалохалі мяне.

— Хто напалохаў?

— Не ведаю: можа, людзі, а можа, чэрці.

Яго павялі да пана Крулеўскага.

— Сконт ты ест? — запытаў пан Крулеўскі.

— Га? — не зразумеў пытання дзед.

— Адкуль ты?

— З лесу, адкуль жа я? — спакойна адказаў дзед і плюнуў некалькі разоў. Ён апусціў уніз галаву і, відаць, нешта сам сабе думаў.

— А ты ж казаў, што ідзеш з Петрыкава?

— Ну але, з Петрыкава, — матнуў галавою дзед.

— А цяпер ты кажаш, што ідзеш з лесу.

— Ну і з лесу.

— А хто напалохаў цябе?

— Напалохалі, ой напалохалі! — ажывіўся дзед і плюнуў разы са два.

— Хто напалохаў?

— Ну хто ж? Яны — чэрці… з дрыгвы павылазілі. А дрыгва там вялікая! Людзі не ходзяць па ёй, бо калі ступіш на яе, дык ужо наверх не выберашся. Не, не выберашся.

— Раскажы нам падрабязна пра іх. Мы ніколі не бачылі чарцей.

— Кінь, панок, пытацца пра іх: сніцца паганыя потым будуць.

Але дзеда ўгаварылі расказаць пра чарцей.

– Іду я, мае мілыя паночкі, — пачаў стары, — аж зірк — выходзіць адзін, ды такі ж страшны, чорны! А на грудзях у яго накрыж цэлыя маністы ладункаў навешаны. З выглядунібытаічалавек. але скульжа тамчалавеку быць? Такая немарач, нетра, глухмень. Неба з-за лесу не відаць, а збоку — балота, ды такое дрыгвяністае, што толькі там і жыць ім. Страх мяне агарнуў. Стаю, пазіраю. А яны як шугнуць з балота ды як зарагочуць, убачыўшы мяне, — скура на мне шорхнула. Кінуўся я ўцякаць, хавацца. А яны за мною. "Стой!" — крычаць. Дагналі мяне, абкружылі. А мне і вочы туман заслаў. "Хто ты такі? Куды ідзеш? Хто падаслаў цябе сюды?" I ўсё напіраюць, чаго я ў іхняе пекла трапіў? Пусцілі мяне… "Ідзі, — кажуць, — ды глядзі, нікому не кажы, што бачыў тут: раскажаш — у багну ўкінем". I толькі як пусцілі мяне, успомніў тады, што я — хрышчоны чалавек. Стаў я хрысціцца ды пацеры шаптаць, бадай іх немач пабрала…

— Лжэш, галгане! — крыкнуў пан Крулеўскі і схапіў старога за бараду. Збітая ў касмыкі дзедава барада засталася ў панскай руцэ.

— Што ж ты скажаш цяпер? — запытаў яго пан Крулеўскі, сунуўшы ў нос безбародаму дзеду касмыкі яловага моху.

Пераадзеты партызан маўчаў.

— Ты прыйшоў шпіёніць? Прызнавайся, лайдак.

— Панок, прызнаюся, — бухнуў у ногі пану Крулеўскаму выкрыты партызан, — мяне паслалі на разведку. Вось я сабе і думаю, дай пайду, але назад не вярнуся, уцяку дамоў і кіну ўсё гэта. Ці ж мы, простыя мужыкі, можам ваяваць з такім войскам, як польскае? А калі дачуліся, што супраць нас ідзе сам палкоўнік пан Крулеўскі, дык на нас напаў страх, і пачало наша войска разбягацца. А рэшта пазашываліся ў такія трушчобы, што хутчэй з голаду паздыхаюць, чым іх знойдуць там.

— А, пся маць! Цяпер толькі розуму дайшлі, — не сунімаўся пан Крулеўскі, але ён значна памякчэў, калі пачуў такую атэстацыю польскаму войску, калі яго назвалі палкоўнікам, — ён быў у чыне капітана.

— А для чаго ж ты ў жабрака пераапрануўся?

— Паночак, думаў, што жабрака не запыняць: жабракоў шмат ходзіць цяпер.

— Не веру, пся крэў!

— Панок! Праўду кажу! Няхай не пабачу я ні свету, ні дзяцей, калі лгу. Абрыдла мне ўсё гэта.

— А ты пакажаш мне тое месца, дзе хаваюцца вашы разбойнікі?

— Баюся, панок: усё роўна заб'юць мяне, калі даведаюцца. Я лепей раскажу, як зайсці туды.

— Не, ты мусіш паказаць сам гняздо сваё, — не адступаўся пан Крулеўскі, — не пойдзеш, тут жа загадаю расстраляць цябе.

Выкрытага партызана ўзялі пад строгую варту. Як ні адбрыкваўся ён, але змушаны быў паказваць месца прыпынку партызан.

У сувязі з гэтым пан Крулеўскі злажыў новы план. Дзвюм ротам аддаў загад заняць усе праходы, а сам з галоўнымі сіламі рушыў к дрыгвяністаму балоту, дзе туліліся партызаны. Пасоўваліся даволі марудна. Узяты пад стражу партызан сумленна паказваў дарогу. Не давяраючы яму, пан Крулеўскі пасылаў на разведку месца і дарог.

Прайшоўшы вёрст пяць, разведка данесла, што ў лесе знойдзена свежае вогнішча і вытаптана месца вакол яго. Каля вогнішча былі знойдзены і рэшткі партызанскай папаскі: скарынкі хлеба, лупіны ад бульбы. Пан Крулеўскі сам агледзеў яго. Праваднік пацвердзіў, што гэта партызанскае вогнішча, і нават паведаміў, што непадалёку ёсць яшчэ некалькі вогнішчаў. Усе яго паведамленні пацвярджаліся. Рух войск яшчэ болей замарудзіўся, і праваднік сказаў, што месца партызанскага схову ўжо недалёка.