— Не падымецеся болей, мае саколікі, на голас ваяцкай трубы! Мартыне, мой голубе! Вырваўся ты з панскай няволі, і гэты карабін, што лёг на тваю нежывую руку, здабыў ты, баронячы сваю волю. Расплюшч жа, мой голубе, вочы ды зірні: вунь ён, вораг наш, стаіць, апусціўшы вочы. Не ўдалося яму забраць нас жывымі… Спачывайце ж, сокалы мае родныя, і не турбуйцеся: не загіне наша справа, — мы будзем вартаваць яе пільна і дзяцей вашых мы не пакінем.
Дзед Талаш змоўк і нізка апусціў галаву.
— Капайце, таварышы грамада, магілу: пахаваем іх!
Падняў дзед Талаш вочы, зірнуў на польскіх салдат.
— А вы, сынкі, што? Паны ці панскія слугі, што прыйшлі занявольваць нас, гаралашніцкую галечу?
З натоўпу палонных выступіў салдат.
— Бацька-камандзір! Вярні мне волю і стрэльбу: з вамі плячо ў плячо я буду ваяваць.
I яшчэ выступіў адзін з палонных. Падышоў да Панаса.
— Ці пазнаеш ты, хлопчэ, мяне? — запытаўся і ўважна паглядзеў Панасу ў вочы. Панас паглядзеў на яго і радасна ўсміхнуўся.
— Бацька! Вось ён, той самы салдат, што выпусціў мяне з астрога!
Зірнуў дзед Талаш на пана Крулеўскага.
— Бачыш, пан: твае салдаты на наш бок пераходзяць, і ўсе яны пяройдуць, калі дазнаюцца праўду.
I яшчэ адзін чалавек стаяў адзінока ў лесе, наглядаючы гэту сцэну. Ён хацеў падысці сюды і сказаць сваё слова, але не адважыўся. Чалавек гэты быў Саўка Мільгун.
Вастраносы човен шыбуе ўпоперак Прыпяці. Два чалавекі сядзяць у чоўне. Адзін малады, курносы, з узбітым чубам, не спяшаючыся, рытмічна, узмах за ўзмахам гоніць човен. Другі важна сядзіць на пярэдняй частцы чоўна. Пад пахаю ў яго партфель. Шмат гадоў запісалі часы ў маршчынах яго твару. углыбокіх складках на высокім ілбе. Удумлівапазіраюць кудысьуглыб. відаць у мінулае, яго цёмныя, яшчэ жывыя і вострыя вочы. Гэта — дзед Талаш, старшыня сельсавета. Човен гоніць яго сакратар, Самок з Вепраў. Адпачывае дзедава "настаяшчая" стрэльба, ужо астыўшая ад гарачыні зацятых боек па дзікіх трушчобах Палесся. Цяпер у дзеда Талаша другі клопат, іншыя мыслі, але гэта шырокая Прыпяць будзіць дзедавы ўспаміны аб нядаўнім мінулым.
— А помніш, Самок, як лоўка вырвалі мы батальён таварыша Шалёхіна з польскіх лап і пераправілі на той бок?
Самок весела падымае шэрыя вочы, і ў вокнах іх іскрыцца смех.
— Паднеслі ім, называецца, дулю пад нос… Ну, дзівіліся ж яны, куды зніклі чырвонаармейцы!
Дзед Талаш толькі ў вус пасміхаецца.
— Ну, а як ты мяркуеш, голубе: ці пойдзе наша гуртовая гаспадарка?
— А чаму не пойдзе? Зямля ёсць, коні ёсць, рабочых рук хапае… Пойдзе! — і ўпэўненасць чуваць у сакратаровым голасе.
— Эге ж! I я думаю, што пойдзе. — Па справе "гуртовай" гаспадаркі едуць яны ў валвыканком, каб аформіць яе. Гуртам надумаліся залажыць яе. Яна практычна развязвае цэлы клубок турботных пытанняў аб дапамозе сем'ям забітых партызан: Мартына Рыля, Кандрата Буса і іншых. У гэту гаспадарку адводзяцца землі Кандрата Біркі і Сымона Бруя. Іх судзілі пралетарскім судом і засудзілі на высылку. Войта Васіля Бусыгу ў "расход" вывелі, як зацятага контррэвалюцыянера. Аўгіня не захацела аставацца на Васілёвай гаспадарцы, аддала "грамадзе" ўсю маёмасць і падала заяву, каб і яе прынялі ў "гуртавую" гаспадарку. Абмеркавалі заяву, узялі пад увагу Аўгініную заслугу перад партызанамі і пастанавілі — прыняць.
Шуміць і гамоніць Савецкае Палессе, і новыя акорды чуваць у гэтым шуме і ў гэтым гомане. Прынікае вецер гарачым тварам да шырокіх, анямелых у сваім адвечным застоі балот і шэпча зялёнай жорсткай траве на купінах аб тым, што ідзе сюды новы, савецкі чалавек, каб парушыць іх зняменне, каб абярнуць іх у багатыя лугі і нівы. Гуляе вецер над купчастымі макушамі палескіх пушчаў, калыша галіны над свежымі курганамі-магіламі, параскіданымі на высокіх пясчаных выспах, і толькі ён адзін, гэты вольны. баян, апявае славу пахаваных у курганах-магілах ды складае людзям песні аб сейбітах буры і змагання.
Над дрыгвяністым балотам узнімаецца выспа, на выспе — курган. Высокі і шырокі слуп, старанна ачэсаны партызанскаю сякераю, вартуе гэту магілу-курган. На дубовым слупе выразаны рукою няхітрага разбяра два словы: "Мартын Рыль". На магіле ляжыць просты вянок з жывых кветак Палесся. Сюды зрэдку, у вольныя дні, прыходзяць дзве жанчыны: маці і дачка. Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька. У засмучэнні падымае Алеся сваю чарнявую галоўку на высокі дубовы слуп. Гэта яна прыносіць на магілу вянок жывых кветак. Моўчкі ідуць яны ад магілы, адна ў засмучэнні аб тым, што было, другая ў радасным усведамленні, што сапраўдны бацька яе — герой-партызан.