Праходзяць гады. Дзеду Талашу цяпер восемдзесят гадоў з хвосцікам. Трудна ўжо яму займацца грамадскаю работаю, але без работы ён застацца не хоча. Ён — вартаўнік на Прыпяці. Яго работа — даглядаць і запальваць ліхтары нанач. Дзед Талаш любіць успамінаць сваё партызанства. Як вынік тых успамінаў і з'явілася аповесць "Дрыгва". I яшчэ адзін штрышок да абрысоўкі постаці старога партызанскага атамана.
Калі дзеду Талашу напомніць аб ворагах Савецкай улады і аб вайне супраць яе, тады ён выпрастае прыгнутую гадамі спіну, зірне па-арлінаму.
— Го! Я сеў бы на каня і паказаў бы яшчэ, чаго варт стары Талаш!