Адэса — горад, пабудаваны па новай модзе: вуліцы шырокія, ходнікі для пешаходаў зручныя, дамы і касцёлы пекнае архітэктуры; наведваючы парты, рынкі ды розных гандляроў ва ўсіх кутках горада, я хацеў як хутчэй пазнаёміцца з панам Рыльцам, але ні ад каго не мог даведацца, дзе ён жыве. Нават і жыд-фактар, добра ўзнагароджаны, пытаючыся і адных і другіх, не змог мне дапамагчы; я ўжо пачаў адчайвацца, мяркуючы, што не пабачу яго і не даведаюся пра таямніцу каляровых водаў, якія я так старанна захоўваў у часе доўгай і цяжкай вандроўкі.
Паблізу мае кватэры на грэцкай вуліцы быў тракцір[7], дзе штодня і ва ўсялякі час можна было бачыць мяшчан, якія збіраліся дзеля камерцыйных інтарэсаў. Бываў і я там, і, як у тэатры, любіў прыглядацца да прадстаўнікоў розных народаў; у кожнай грамадзе, за кожным сталом гучала іншая мова, вялася гаворка па-нямецку, па-грэцку, па-італьянску.
Чытаючы пры гарбаце газеты, я слухаў перамовы купцоў, камісіянераў ды рознагалосыя апавяданні чужаземцаў. І вось зайшоў чалавек з задумлівым тварам, сярэдняга росту, каржакаваты, густабровы, і хоць з выгляду яму было за пяцьдзесят, хоць яму можна было даць за пяцьдзесят гадоў, выглядаў ён здаровым і дужым. Незнаёмец загадаў прынесці гарбаты, расклаў перад сабою паперы, на якіх было нешта намалявана, абапёрся на руку і, узіраючыся ў тыя паперы, паглыбіўся ў думкі; некаторыя, заўважыўшы гэта, падыходзілі да ягонага стала, з цікаўнасцю пазіралі на малюнкі ды на чалавека і адыходзілі, адны са здзіўленнем, іншыя з усмешкаю. Ён жа, падумаўшы нейкі час, пацёр лоб і прамовіў:
— Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалі былі адны дзівосы, у будучым — будуць іншыя.
Сказаўшы гэта, ён склаў паперы і пачаў наліваць сабе гарбату. Сядзячы побач і чуючы з ягоных вуснаў польскія словы, я, каб даведацца, хто гэта такі, загаварыў з ім:
— Пан прыезджы ці тутэйшы жыхар?
— Я жыхар-падарожнік, як і ўсе людзі, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.
— Не магу, — кажу я, — знайсці кватэру пана Рыльца, ніхто яго тут не ведае.
— Гэта спакайней для чалавека, калі яго ніхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? — сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нібы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.
— Быў на Ўкраіне ў садзе Гайнара і маю ад яго нейкія каляровыя воды для пана Рыльца.
— Я — Рылец, — паведаміў ён, і твар ягоны праяснеў. — Ты быў на Ўкраіне, пазнаёміўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмі мне патрэбныя. Калі ласка, хадзем у хаціну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.
Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпіць гарбату; потым мы выйшлі з тракціру. Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкі каляровых водаў, і мы селі на дрожкі; не даехаўшы да херсонскае рагаткі, завярнулі да марскога берагу.
Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных і ўсходніх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлі ў пакой, дзе было некалькі старых крэслаў, дзве старасвецкія дубовыя шафы і два дубовыя сталы; на адным з іх ляжалі нейкія груды пяску рознага колеру, кавалкі вапны з закасцянелымі ракавінамі, рыбаю і гбдамі, косці, шкілеты нейкіх звяроў ды птушак, нейкія малюнкі страшных пачвараў, дзіўных і нябачаных стварэнняў; на другім стале — кнігі ў старой і новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку:
— Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне — малюнак бурлівага мора; я люблю тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пеністыя валы і на чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць і паэзію нашых украінскіх вешчуноў. У мяне ёсць кніжка Багдана Залескага[8], з якім ніхто не параўнаецца ў лёгкасці і пекнасці верша; ёсць чуллівая народная аповесць Мальчэўскага[9] «Марыя»; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага[10], народныя песні Падуры[11]; ёсць вершаваныя творы Канстанціна Піятроўскага[12], яго аповесць «Юля Патоцкая», дзе ў страшных, але праўдзівых малюнках паказаны казацкія войны, ёсць поўныя чуцця вершы і яго пераклады асобных санетаў Шэкспіра на польскую мову — у іх захавана ўся чароўнасць арыгінала і з вялікім талентам пераадолены цяжкасці гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькі каб развеяць маркотныя думкі, звычайная ж мая праца — даследаванне прыроды мінулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлі, косці, шкілеты, чарапы, усялякія акамянеласці. Каляровыя вадкасці, якія ты прывёз, мне вельмі патрэбныя: вось сапфіравая — гэта вада холаду, яна ўсё збірае ды сціскае; чырвоная вадкасць — вада агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаванні, калі табе будзе цікава ўбачыць дзівосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямніцу водаў і цудоўную іх моц.
8
Залескі Юзаф Багдан (1802–1886) — польскамоўны паэт-рамантык, для якога Ўкраіна і ейны люд сталі прадметам любові і настальгіі.
9
Мальчэўскі Антон (1793–1826) — польскамоўны паэт-рамантык. Паходзіў з Валыні. Аўтар выдадзенае ў 1825 г. паэмы «Марыя», названай ў падтытуле «ўкраінскаю аповесцю».
10
Гашчынскі Севярын (1801–1876) — польскамоўны паэт-рамантык. Родам з Украіны. Самы славуты ягоны твор — паэма «Канёўскі замак», у якой апавядаецца пра часы гайдамаччыны.
11
Падура Тамаш (1801–1871) — польскамоўны і ўкраінскамоўны паэт. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці ўкраінскі фальклор.
12
Піятроўскі Канстанцін — польскамоўны паэт і перакладчык. Аўтар выдадзенага ў 1836 г. у Бярдзічаве зборніка вершаваных твораў. Добры сябра Я. Баршчэўскага.