— Гэта страшыдлы мінулага, у іх абудзілася жыццё, з'явілася і атрута смяртэльная; бяда, калі дакранешся да іх рукою: ад асобных з іх застаюцца невылечныя раны, іншыя забіваюць насмерць. Зло і дабро існавалі ад пачатку свету, аднак ёсць перамены як у фізічным, так і ў маральным свеце, а ўваскрашаць гэтых монстраў мінуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнім пакаленнем, лепей пазнаць свет новы і стары.
Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на ім зроблены з розных фарбаў парашок (такі дробны, як найдалікатнейшы пылок), папырскаў сапфіраваю і чырвонаю вадою — і на папяровым аркушы, як на воблаку, з'явіліся прыгожыя вясёлкі. І раптам адтуль узляцелі цудоўныя рознакаляровыя матылі: яны снавалі ў паветры, пасля абляпілі сцены ды вокны і сядзелі, як найпрыгажэйшыя кветкі. Пан Рылец сказаў:
— Гэта прыгажосць і аздоба маладога свету; матылі чаруюць, захапляюць вока; перлы, рубіны і дыяменты зіхацяць на крылах; некалі ў іх не было такіх прыгожых колераў. Свет фізічны змяніўся, і ў маральным свеце цяпер іншыя жаданні, іншыя мары.
Амаль да поўначы з дапамогай тых каляровых вадкасцяў ажыўляў пан Рылец усё новыя і новыя істоты: сярод іх я бачыў станогіх, ставокіх, стогаловых, жудасных, дзівосных; апісаць іхнія страшныя рухі ды дзіўныя постаці — рэч немагчымая.
— Я ўваскрэсіў, ажывіў прыроду дапатопных стагоддзяў, — працягваў далей вучоны, — ты бачыў марскія істоты, бачыў ядавітых гадаў, бачыў прыгожых матылёў. Глядзі цяпер, у што зноў усё гэта ператварылася: замест ракавінаў, жамяры і страшных гадаў зямля ды кавалкі вапнавае скалы; дзе ж тыя залатыя, зіхоткія ад дарагіх камянёў матылі? Толькі пылок застаўся ад іх: тое, што перажыло свой век, жыць не можа; непераадольны час уладарыць над гэтым светам. Адна, адна толькі Саламандра бяссмяротная, яна — чысты агонь, і святло гэтага агню вечна свяціць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павінен уваскрашаць яе хоць на кароткі час — гэтая навука ў самотным маім жыцці найпрыемнейшая для мяне забава. Такім чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькі пра гандлёвыя выгоды і набыццё скарбаў, а паненкі і кабеты гэтага краю нагадваюць флейты і кларнеты, — добрыя, калі граюць ды спяваюць, але пагаманіць з імі няма пра што. Аднак у мяне тут ёсць сябры, з якімі я часам дзялюся думкамі; у наступную нядзелю запрашу іх на вечар, прыходзь і ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.
Мы так размаўлялі аж да поўначы; і я, позна вярнуўшыся дахаты, доўга не мог заснуць: перад вачыма стаялі гбды, жывая жамяра ды матылі.
На другі дзень я падняўся рана, паставіў на стол дзве бутэлечкі гайнараўскіх водаў, пачаў глядзець на іх жывыя, пекныя колеры, разважаючы пра іхнію моц, якую не так даўно бачыў у дзеянні; з прыемнасцю марыў пра таямніцы, пра цуды, якія можна паведаміць свету з дапамогаю гэтага скарбу. Салодкія мары авалодвалі мною і падчас праходкі па горадзе, па беразе мора. Але ах! Не прадбачыў я таго, што чалавечая мудрасць, якая раскрывае таямніцы свету, можа скончыцца вялікаю бядою, вялікімі пакутамі.
Сказаўшы гэта, Саматніцкі некалькі хвілінаў сядзеў як скамянелы, пасля раптоўна крануўся з месца і зноў пачаў гаварыць:
— Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая — шчаслівыя кабеты! Яны не сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямніцаў прыроды; іх прывабліваюць прыгожыя строі, вясёлая забава, новае сяброўства…
Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца. Ішоў туды пешкі; было сем гадзін: на цёмных вуліцах сям-там цьмяна свяцілі ліхтары; неба было пагоднае, толькі халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы да ягонае хаціны, пачуў я страшны шум марскіх хваляў, а ў вокнах заўважыў святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчыніў дзверы — і тут дзіўнае відовішча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага росту, сталых, шосты — пан Рылец стаялі ля стала, трымаючы ў руках поўныя келіхі нейкага пітва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалі: «Няхай славіцца Саламандра!» Яны перакулілі келіхі, а мне здалося, што выпілі чыстае полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:
— Ты спазніўся і не выпіў з намі полымя ў гонар Саламандры, жменя попелу якое — звяно, а ўваскрашэнне і жыццё — бясконцы ланцуг.
Сказаўшы гэта, ён наліў келіх, падпаліў яго, і я, усклікнуўшы: «Няхай славіцца Саламандра!», выпіў, абы не адрознівацца ад іншых гасцей і дагадзіць волі гаспадара.