ТРЫПУТНІК
Згубіліся ў натоўпе.
Час, гэты
Пастух усюдыісны,
Па неўгаданай прыхамаці звёў нас
На міг,
Каб вочы ў вочы, —
І з гэткаю ж бесцырымоннасцю напомніў
Пра нашы накірункі і дарогі,
Несупадальныя, як нашых пальцаў
Адбіткі.
Павечна кожны з нас у загародцы
Уласных абавязкаў і правоў.
Прыкладваем да сінякоў, да ран
Гаючы
Трыпутнік той сустрэчы.
* * *
«Да сустрэчы!» — у канцы ліста,
На паштоўцы рэдкай — «Да сустрэчы!»,
Ды чамусьці вечна трэба ўстаць
Паміж намі нейкай недарэчнасці.
Я маўчу, я не пытаю ў вас,
Што так доўга свята не адзначым.
Толькі ледзь не кожны дзень, што згас
Зноў без вас —
на палавіну страчаны.
Я маўчу, як зерне ў баразне.
Прыйдзе ж час — адзіны ў свеце голас
Хваляй сонца ахіне мяне —
I схілюся ў шчасці цяжкім коласам.
1970
ВЫ ЁСЦЬ
Вы ёсць. Як пад нагамі ёсць зямля.
Як гэта неба ёсць над галавою.
Вы — нібы гарызонт, які здаля
Са мной жартуе блізкасцю сваёю.
А я прымаю жарты за сур'ёз.
То не самападман. То проста веры
У маю сутнасць. I пакуль Вы ёсць,
Мой шлях адзін, мой шлях — наперад.
1970
Я ВАС ЛЮБЛЮ
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею,
I калі позірк позіркам злаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею.
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
Святла, што падарылі, не растрачу.
I шчырых слоў ніколі не згублю.
...Нашто журба у цёплых зрэнках Вашых?..
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
1970
* * *
Не трэба, дружа, не свяці
Ты мне любоўю:
Баюся сэрцам прырасці,
Баюся болю.
Не залучай, не прыручай
Святой пяшчотай.
Аддарам будзе нам адчай
За шчасце ўпотай.
Прадвызначана напярод:
Любоў — крамола
Там, дзе на долю недарод,
На радасць голад.
Пасей на мары лебяду.
Ужо даволі
Шнароў на сэрцы.
Пашкадуй:
Не выдай болю...
1987
СТУДЗЕНЬСКІ ЛІСТ
Такая намаразь на шыбах,
Што праз яе амаль не дападае
Святло суседзяў з дому насупроць.
(Прашу цябе, самота:
Хоць на міг
Ад роднага мне чалавека
Адступі!)
На вуліцы вядзьмарыць завіруха:
След кожны ўвачавідкі зарастае
Ссівелым мохам — зеллем прамінання.
(Прашу цябе, трывога:
Хоць на міг
Ад роднага мне чалавека
Адступі!)
Над Белым возерам, над светам белым
Драпежна сцюжа кружыць. Толькі рэкі
Людской бяды ніяк не вымярзаюць...
(О слова — шпак вясновы!
Хоць на міг
Сагрэй сягоння
Роднага мне чалавека...)
1985
ЛЮБОЎ
Той час, як прасякнуты табою... —
Адно ў той час бываю я жывою.
Адно тады напэўна знаю я:
Не марна доля доўжыцца мая.
Не марна выпрабоўвае сурова:
Ты зерне ў ёй.
Астатняе — палова.
1983
ГРАМНІЦЫ
Грамніцы —
Палавіна зіміцы.
Не напіўся певень вадзіцы.
Што ж не дасць усумніцца,
Што грамніцы —
Палавіна зіміцы?!
Ці ж не гэты блакіт,
Маляваны густа, высока?
(Болей —
Ласка тваёй рукі,
Мой сокал...)
Ці ж не спіленыя сукі
У таполяў пасёлка?