Выбрать главу
(Болей — Ласка тваёй рукі, Мой сокал...)
Ці ж не лёгкасць дыхання, якім Усё налілося?
(Болей — Ласка тваёй рукі ў маім лёсе, На грамніцы, На палове зіміцы.)
МАНАЛОГ СЛАНЕЧНІКА, ТВАЕ ВОЧЫ I Я
«Мне б — як усе... А промень веснавы Маім лістом, маім пялёсткам стане — I ўжо не йдзе й на момант з галавы Бязлітаснае сонечнае ззянне. I заўтра, як учора, як заўжды, Не ў сіле адарваць ад сонца твару, Няўцямна залатыя павады Усё лаўлю з-за навальнічнай хмары. Як быццам лета можна затрымаць, Як быццам нешта ў гэтым свеце вечна...»
Снягі. А мне зіма — як не зіма, А мне ў тваіх вачах цвіце сланечнік!
1972
У ПАВАДЗІ НЕДАБРАТЫ
Не трэба, мой дружа, не будзем. Апрыкрала і гаварыць Пра ковы, пра чад нашых будняў, Як свет гэты белы, старых.
На макаўцы тлуму і стрэсу Не ўшчэнт абяскрылены мы. Пад клічы гусінай сурмы Выпырхвае лісцейка бэзу.
На градцы на мамінай крокус Ліе незямное святло. I ластаўка ладзіць жытло Пад радыяцыйнаю кроквай...
Свет белы не вычарпаў лекаў.
I ў павадзі недабраты
Хоць зрэдзь чалавек чалавеку Ёсць ласка жыцця. Як мне — ты.
1990
* * *
Свет чалавечы прагне людскасці. Але хіба яе Магчыма выняньчыць У самаразбурэнні? Хай будуць блаславёны закаханыя!
* * *
Пагаворым на розных мовах (Разумеючы кожны нюанс), Інстынктыўна творачы ўмовы, Каб мацней не збліжала нас.
Пад крылом усвядомленай сілы, Што пануем усё ж над сабой, Бесклапотна прамовіцца: «Мілы», І ў сур'ёз не ўзвядзецца табой.
Прывітальным тваім: «Дарагая» Толькі песня святлее мая, Вечаровая песня над гаем Непрыкаянага салаўя.
1984
ЗЯЛЁНЫ ЛІСТ, ЧЫРВОНЫ КВЕТ
Не разбурай таго, што ёсць. Душы звычайную прыязнасць Стаць іншаю не абавязвай, Пакуль нам хораша, як есць.
Адзін неасцярожны крок — А свет зыначыцца адразу. Пасля вымогай не абразіць Нас, немаёмных, лёгкі крок?
Зялёны ліст, чырвоны квет На подзіў туга перавіты, І крый нас божа пераблытаць Зялёны ліст, чырвоны квет...
* * *
За сялом палавеюць жыты, Росна песня дзявочая ўзносіцца: «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...»
На свае нам пацэліць кругі — Непрамая дарога, няблізкая. Дар сярэбраны, дар дарагі На маёй ды на левай паблісквае.
Ад Расстання да Стрэчы ляцець: Два прыстанкі ўвабралі прычалы ўсе. ...Над ваколлем трымціць залацень Жыта й песні, яна — не канчалася б!..
Пасярод наступальнай слаты Так раптова надарыцца просінцу! «Твой пярсцёнак, ды твой залаты, Мне на ручаньку правую просіцца...»
1977
ВЫЙСЦЕ
Пераклікаюцца званкі, Як спозненыя жаўрукі!..
Не будзем сумныя. Не варт. Перавядзем усё на жарт!
Хто як пераглядаўся з кім — Пасмеймася, бо позірк — дым!
Што сказана каму было — Не дайма веры, слова — тло!
А жаль... Ператаўчэм свой жаль... Перавядзем усё на жарт!
1984
ЛІЛЕЯ
Абысці б цябе мне за вярсту! — Ножанькі прымлелі...
І на Чорным возеры растуць Белыя лілеі.