І на Чорным возеры вясна, —
Берагі абжыты, —
Працінае плынь ажно да дна
Кветам старажытным.
І цвісці яму — не адцвісці? —
Таямніцы нечап...
Дзякуй, што цябе не абысці.
Дзякуй за сустрэчу.
1979
* * *
Пытаешся, чаго маўчу.
Я не хачу
Парушыць гэтую магчымасць —
Паслухаць,
Што там, за вачыма,
За небам позірку твайго.
Загавару — і не пачую,
Што
Птушка часу нам вяшчуе.
1982
* * *
Трывалае, трывушчае ты,
Сэрца.
Цябе,
Нібы стыхія першабытная,
Смяротна перапоўніць пачуццё,
Цябе,
Як промнем лазерным,
Пратне
З бязлітаснаю асалодай
Узаемнасць,
А ты
На гэтай прывіднай мяжы
Неверагоднасці і явы —
Ты тут адно і ўсведамляеш
Сябе жывым!
1977
* * *
Душа ўзалочана і ўчэрнена,
I высям гэта не пярэчыць:
Душа, як зорачка вячэрняя,
Усходзіць радасці настрэчу.
1989
* * *
«Палюбі мяне! Палюбі мяне...» —
Прашаптаў і асек дыханне...
Хістанулася ранне
У расчыненым насцеж акне.
Скаланулася да глыбінь
На пагоду свежа і золка...
«Палюбі мяне, палюбі!..» —
Трапятнулі зраселыя зёлкі.
Голас хутка мацнеў і рос,
І ўжо там, дзе яснелі далі, —
«Палюбі!..» —
Светлякі бяроз
Неба звон загайдалі!
Ты, як промень, прыціхлы быў,
А над нашым асмяглым летам —
Страсны голас планеты:
«Далюбі!.. Палюбі!.. »
1976
ЭЦЮД З ГІТАРАЙ
У гулкай звечарэлай вулцы
Гітары нечай
Скруха б'ецца,
То ўстрапятне,
То захліпнецца.
Пад ліхтаром начніца ўецца.
І мне тваё святло —
Сіло,
І сілы —
Вырвацца —
Не маю.
Расой вячэрняю —
Гаркота.
Гітары нечае
Маркота
У вулцы гулкай не ўціхае.
Нібы начніца тая, ўецца.
І горна да мяне хінецца.
Прытулку ў полымі шукае...
* * *
Цікуеш за маімі песнямі,
Кажнюсенькую ловіш ноту,
Бо часта будні твае скрэслеыы
Рукой няшчаднай адзіноты,
Бо хочаш ты
Маёй пяшчоты.
Якія ж ісціны адкрыліся,
Што не хапае ўжо адвагі
Паўстаць супроць сваёй бяскрыласці.
Супроць уяўнай раўнавагі
Паміж натоленасцю —
Смагай?
Якою праўдаю апоена
Сама я на мяжы чужання,
Што знерухомелі абое мы
Тут, у паўкроку да світання,
Што ў золку
Бачыцца змяркашіе?
1984
ЧУЖЫ
Піла, каб хораша было табе,
Каб стаў тваім чужы дагэтуль горад,
Дзе б ты пазбыўся калатнеч і зморы,
Дзе б ты хадзіў у шчасці, не ў журбе.
А ты глядзеў у вочы і маўчаў.
А я вачэй сваіх не апускала.
А ты ўсміхаўся, незнарок ласкава.
Глыбокі вечар, як лясны ручай,
Не люстраваў ніводнай зоркі...
Віно было і светлае, і горкае.
1981
* * *
Забрыў высокі дзень пагодны
У светлы одум верасковы...
Табе я стала неабходнай.
А ці зраблюся дастатковай?..
Дзень павуцінку шчасця ловіць,
І шчасце вырвацца не смее.
Як ружы, кідаеіп мне словы.
А сам ты іх — ці разумееш?..
Навошта я... Хай потым, потым,
Пазней прыдасца гэты одум!..
Твая вясенняя пяшчота...
Мая асенняя пагода...
* * *
Я рада, што так адбылося
(Як чыста ўзрунела трава!..).
Я ўдзячна нялёгкаму лёсу:
Я рада, што мне сумаваць,
Што мне захлынацца тугою,
Нязбытнай ні ўдзень, ні ўначы
(Якое паветра тугое!..),
Гадзіны і вёрсты лічыць
І ведаць, што, позна ці рана,
Кранеш маю пасму з брыва
І ціха прамовіш: «Я рады,
Я рады, што мне сумаваць...»