1977
НЕ НАХЛУСІ
Змалку мне доля казала мая:
Трэба вучыцца без радасці жыць.
Горам карала, каб верыла я,
Быццам няма мне тут чым даражыць.
А ты не спалохаўся гэтае мовы,
Птах мой вясновы.
Ты прыляцеў —
і наледзь тугі
Змыла, нібыта яе й не было!
Змораны дзень, беспрасветна даўгі,
Ружавым цветам уміг завіло!
Ружа ніводнай калючкай не коле...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не нахлусі гэтай радасцю, доля.
1985
* * *
...I ён прыйшоў, мой час круты, калі
Уласны цень —
і той мяне пакінуў...
Нябёсы ўсцяж прыпалі да зямлі,
Нібы яны і сапраўды такія:
Неасцярожна ўскінеш галаву —
І панявечышся аб беспрасветнасць...
Знік цень.
І зноў на ўзяблую траву
Вярнуўся — свету хараство засведчыць.
І хоць абрысы чоткія яго
Зусім не паўтараюць форму цела,
Ен мной адметны: гэтулькі ж майго
Там
руху слова, справы, летуцення!
І сталася: ты — мной, а я — табою.
Шчыруе моўчкі наша вышыня,
Каб два абліччы ў адну сутнасць здвоіць.
Каб людзі памагалі й так, па двое,
Людскім страсцям пагодай набрыняць.
ТЫ
Быў.
І не было.
Пры выпадковых,
Неназолістых спатканнях зрэдзь
Бестурботна ападалі словы
З доляю ні радаваць, ні грэць.
Быў.
І не было.
Не бачна воку,
Як карэнне дастае з зямлі
Над ільдамі, камянямі
сокі,
Каб у дрэва
песню лета ўліць.
Дзёрзка выбухнула лістота —
Твая пяшчота.
Што яна шукала ў маім лёсе?
Сцверджання?
Бунтоўнай праваты?
Што шукала — ці знайсці ўдалося?
Быў.
І не было.
І раптам — Ты!..
1976
СКАРБ
Аддаў сябе як скарб, шалёны скарб.
Разгубленай жабрачцы што рабіць з ім,
Як абыходзіцца,
Паводзіцца з ім, каб
Не злегкаважыць і не страціць
Дачасна?
Давер, як павадак,
Ашаламляе.
Глядзела
Глыбознымі трывожнымі вачыма,
Баялася даткнуцца:
Не зняверыўся б...
Дыхнуць не смела:
Не зняверыцца б...
Шукала супакою для душы.
Багатаму не спіцца.
А рана
Прыкідваецца толькі,
Што яе — няма...
1978
* * *
Не люблю тэлефонных размоў.
Але ў свет мой званок уварвецца —
І зруйнуе спакой да асноў,
I на голас твой сэрца сарвецца,
Як зрываецца птушка ў палёт,
I, як птушка, ў блакіце крыляе
У бяздонных нябёсах пяшчот,
Дзе душа да душы прамаўляе.
Любы мой, любы мой, любы мой!
I часовае — з намі навечна.
Знае доля, якою цаной
Выкуплялі ў яе мы сустрэчу.
Жаваронкавы міг светлыні,
Барані нас цяпер, барані!..
1988
* * *
Як мне прывыкнуць да самой сябе,
Цяперашняй, невызначальна новай?
Адкуль,
З якой неспасцігальнай сховы,
І рухі гэтыя мае,
І словы?
У рос пытаюся —
Яны маўчаць.
У зор пытаюся —
Яны маўчаць.
А прыйдзеш ты,
Запознены, здарожаны,
Шапне крывінка кожная:
«Харошы мой!..»
Пратрубіць безагляднасць раскавана!
Як мне прывыкнуць да сябе —
Каханай?
У рос пытаюся —
Яны маўчаць.
У зор пытаюся —
Яны маўчаць.