Выбрать главу
А ты ўсміхаешся шчасліва...
1976
АЛХІМІЯ
Маўчаць твае словы...
На раскрыллі карычневай страказы Насцярожаны час Неўтаймавана трапеча І абарочваецца Транзістарным голасам касманаўта, Які канстатуе,
(Маўчаць твае словы...)
Што наша планета ўся ў хмарах, Мноства хмар — І над сушай, І над акіянамі.
(Маўчаць твае словы...)
Мне здаецца, Я ведаю шлях, Па якому вяртаецца сонца!
(Маўчаць твае словы...)
З хваляваннем бяру: Промень пагляду, Каліва ўсмешкі, Даверлівасць рук, Ненатольнасць пацалунка, Злучаю ўсё гэта ў колбе сумнення,
(Маўчаць твае словы...) Грэю, грэю дыханнем сваім, Аж пакуль не ўпадзе На раскрылле карычневай страказы Чыстае, быццам слязіна, «Люблю».
1976
* * *
Запозненаю дзікаю ажынай Узаемнасць наша дзёрзка расцвіла. Мы ж бачылі, Што лучная сцяжына Па-за шляхамі нашымі была.
Мы ж разумелі, Што блакітнай грывай Праменны далягляд Не нас Заве. І ўсё-ткі безразважна, Як з абрыва, Зрываліся ў наш Невымоўны верш.
«Чакай. Кахай». Кахаю. І чакаю. На самаце.
Сярод людзей. Цяпер Само паветра дасканала знае, Як ім балюча дыхаць Без цябе.
* * *
Калі б прыйшоў ты на адно імгненне, Такі, які з’явіўся ў адначассе, Дык і тады не марнай, не дарэмнай Была б мая былая прага шчасця.
Збылося ўсё. Збылося нават болей: На што не смела ўпотай спадзявацца. Так пэўна свет захарашэў табою, Жаўрук, які сярод зімы азваўся.
У шчасці шчасця прагнецца ўдвая. Хай песня не канчаецца твая.
1977
НЕ ВЕДАЮ
Не ведаю, адкуль прыйшла. Не ведаю, куды пайду. Не ведаю, чаму аж так Я мушу спазнаваць бяду.
Няма так шмат з маіх сяброў. Так шмат з радні маёй няма. Дзе вы, матуля, сёстры, брат? Хоць знак які падай мне, ма!..
Не ведаю, адкуль прыйшла. Не ведаю, пайду куды. Не ведаю, нашто цвітуць Мае цярновыя сады.
Як б'ецца сэрца, родны мой!.. Ці хопіць нашага святла, Каб і на сцежцы незямной Нам стрэча дадзена была?
1990
* * *
Кажуць: трэба. Кажуць: будзе лепей. А навошта — трэба? Лепш — каму, Пачуцця спякотлівае лета Выдаваць за сцюжную зіму?
Трэба?.. Знаць: твой ратавальны бераг — Я — твая натхнёная пара, Жыць тваім даверам, ды — «не веру, Я табе не веру», — паўтараць?
Лепей?.. Прагнуць стрэчы, трызніць стрэчай, А ўляціш у мой маркотны круг — Абыякава атрэсці плечы Ад гарачкава-пяшчотных рук?
Мой каханы! Я не ўмею гэтак. Не па мне наўмысна, ясны мой, Пачуцця спякотлівае лета Абарочваць сцюжнаю зімой.
Снег чужання, так даўно расталы — Што яму цяпер між нас рабіць?! Не хачу кахання рэдкі талент Хітрыкаў бяздарнасцю губіць!
Узаемнасць знае, сведчыць, помніць: Каб шчаслівай быць заўжды, не міг, Трэба ласцы й шчырасці няўтомна, Безаглядна й годна — на дваіх.
* * *
Я люблю цябе... а ты — не слухай! Я люблю цябе... а ты — не чуй! Бэзам ускіпела завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Ні адна не ўваражыла кветка Рук тваіх, вачэй тваіх, ні губ. Ходзіць студзень непадкупным сведкам Самае раскошнае са згуб! І шугае маем завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу. Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... Быццам слоў такіх і не існуе, Быццам і не сказаны былі... Радасць гэта нас перавяснуе На спрагнелай радасцяў зямлі. Нездарма шалее завіруха, І пялёсткаў шчасця не лічу! Я люблю цябе... а ты — не слухай, Я люблю цябе... а ты — не чуй!