1976
РОДНАСЦЬ
Падумаць толькі, што нас падзяляла...
Ты ж быў у маім лёсе!
Ды цяпер
Такое адчуванне, што не знала
Ніколі я сапраўднага цябе.
Падумаць толькі...
Спела столькі часу
Прыхільнага сяброўства цеплыня,
Каб раптам натуральна так пачаўся
Адлік інакшы новым нашым дням.
Усё, жыло падспудна што, употай,
Цяпер лунае, за вітком віток.
Няпэўны сум
свядомай стаў маркотай,
І радасць адшукала свой выток.
Падумаць толькі: мне ты
не прысніўся, —
Іначай
як бы стацца так магло,
Што страх
набыў акрэсленыя рысы
І яву
спадзяванне набыло,
Што знойдзе чалавек, чаго шукае,
Пакуль,
пакутай моцная,
расце
І ў сэрцы прага роднасці людская
Не саступае месца
пустаце.
1977
* * *
Кажы ласкавыя мне словы,
Дары пяшчоту мне сваю,
І прызабудуся вяснова,
На ўскрайку шчасця пастаю...
Хай хоць на момант ашукаю
І немагчымасць, і бяду,
Так хораша і нечакана
Вакол мезенца абвяду!
І сіл прыбудзе мне нанова,
Прад непапраўнасцю ўстаю, —
Кажы мне ласкавыя словы,
Дары пяшчоту мне сваю.
Не ўсё збываецца, і, мусіць,
Пара змірыцца з гэтым нам.
Але пакуль душа не хлусіць,
Што песня ты ў мяне — адна,
Мая апора і аслона
У безнадзеі на краю —
Кажы мне ласкавыя словы,
Дары пяшчоту мне сваю.
1977
* * *
Панянькавала за свой век нямала
Мар, і памкненняў, і жаданняў я,
А заклінаю так, як заклінала:
Хай беражэ цябе любоў мая.
Заступіць хай усе шляхі-дарогі
Любой нягодзе і любой слаце,
Каб, як хваробы, роспачнай знямогі
Ніколі не спазнаў твой доўгі дзень.
Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, —
Хай светлай будзе лёсу каляя! —
Ад злой няўдачы, ад ліхой намовы
Хай беражэ цябе любоў мая.
За сэнс высокі, што жыццё займела,
За мой
вясёлкаю замкнёны круг,
Дажджынкай шызай ці сняжынкай белай
Я прыпаду к табе і паўтару:
Дзе б ты ні быў, якой бы ні была я
І кім бы для цябе ні стала я, —
Хай над табою ластаўкай крыляе,
Хай беражэ цябе любоў мая.
1977
ЖАВАРАНКІ ПЯШЧОТЫ
«Птушанятка маё дарагое...» —
Сказаў ты
На ранішняе павітанне
З далёкай далечы, —
I трох гэтых слоўкаў хапіла,
Каб, насуперак слоце,
Насамотнены кут мой
Дзень цэлы
Быў узіхочаны сонцам,
Каб у небе кожнай крывінкі маёй
Неўціхана спявалі
Жаваранкі пяшчоты.
Кахаю цябе.
1987
* * *
Заходзіш. Гамоніш. Прыгортваешся ўсхвалявана.
Дапытваешся, ці жаданы —
такі нечаканы?
А вочы іскрацца. А вусны смяюцца. А словы
Абвейваюць сэрца бялюсенькім цветам вішнёвым.
Мы ёсць — і няма нас. Нібы два пялёстачкі, тонем
У галавакружна расчыненых сонечных тонях.
I п'ём не нап'ёмся з той плыні крыштальнай,
вянчальнай,
I гэтая смага —
адзінае, што найрэальна...