Выбрать главу
1988
ЛАСТАЎЧЫНЫ БЕРАГ
О гэта ззянне спадзявання, Што будзем, будзем разам мы, Што лета нашага кахання Навек нас выбавіць з зімы!..
Як доўга, цяжка мы блукалі У зглухлых, ледзяных снягах, Пакуль сябе не адшукалі На ластаўчыных берагах.
Яшчэ між намі яр абставін, Ды промень кладачкай пралёг, Каб мы перамаглі расстанне, Каб смутак знішчыць нас не змог.
Парыў і чысціня ў паглядзе — Бяссмертны выклік небыццю. Не здрадзім, родны мой, не здрадзім Велікадушнаму жыццю!..
1987
* * *
Цені ў кутках, як блакітная варта... Сёння мы ў шчасця ў гасцях. Можа, адзіна цяпер мы і варты Жыцця.
Сёння, калі нашы душы пад знакам Злітнасці і паўнаты, Зараз, калі ў іх ні следу ніякай Лухты.
Выстыў даўно ў белых кубачках чорны Чай на вячэрнім стале... Спеўна і вольна, нібыта на горнай Скале!
Лётка, як птахам уразлівым дзікім З гордым узмахам крылаі Цені, як варта блакітная... Лікі Святла!
1983
* * *
Я ўсё жыццё Цябе шукала, Гадамі йшла праз морак і праз боль, Як быццам верыла, як быццам знала,
Што немінуча стрэнуся з Табой.
Аж дзіўна, скуль было той веры брацца Пры ўсведамленні: рады тут няма... Ды нешта ўсё загадвала: трымацца! Ды нешта цвердзіла ўсё: недарма!
Я акіян тугі правеславала, Я тысячу пустынь перабрыла I тысячу надзей там пахавала. I вось — знайшла... Я ўсё ж Цябе знайшла?!
О, толькі не пакінь, не адступіся! Пазнай мяне, прызнай, не абміні! Цяпер Ты ўсё мне: і мой дол, і высі, — Вясёлку свету белага вярні! Падломваюцца ад дарог калені, Вось-вось лісточкам сэрца абляціць, — Не адвярніся!.. Больш з такім маленнем Ужо няма мне да каго ісці.
1985
ВЫЗВАЛЕННЕ
Зярнятка радасці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі! Яшчэ скавана мітуснёй – І ўсё-такі я ўжо на волі.
Яшчэ цягну ярмо тугі І неразважаных сумненняў, Ды ўжо мне шлях твой дарагі, Дзе ў кроў саб’юся аб каменне.
Хачу сама таго ярма! Бяда вяшчунна пратрубіла... Бяда старалася дарма: З мяне рабыню не зрабіла!
Яшчэ скавана мітуснёй – І ўсё-такі я ўжо на волі! Зярнятка радсці маёй, Карэньчык сонца ў золкай долі...
1981
СТРАХ
«Каханы мой!» А мне ты: «Не кляніся!» «Адзіны мой!» А ты: «Не прысягай!» О як ты, непаўторны мой, баішся, Што раптам страціш спознены свой май!..
Табе ўсё роўна ўжо, што скажуць людзі — Адно самому б толькі не здрабнець, — Бо людзі перш апошляць ды асудзяць, Пакуль сумеюць нешта ўразумець.
Каханы мой, о не, я не клянуся, Адзіны мой, не прысягаю я: Да вусцішнасці ж і сама баюся, Што згіне, быццам здань, вясна мая.
Цалую распрамененыя вочы, Гарнуся ўсёй істотай пад крыло Ўзаемнасці, якую не сурочыць Прызнаннямі — ўсім ростаням назло!
Ёсць толькі жыццяў нашых берагі... Саколік мой, Жаданы, Дарагі...
1984
СУГУЧЧА
Не моўкне сонечнае рэха, Сугучча наша доўжыць, доўжыць, — Бы ты нікуды не паехаў, Бы ты ўсё побач, І ўсё той жа — Пяшчотны, ўсмешлівы, шчаслівы, Увесь у песеннай уладзе — Як жаўранак над яснай нівай, Як шпак у развяснелым садзе!..
Ты ўсё, усё мне, Усё на свеце: І кліч жыцця. І прага смерці...
1983
* * *
Мой муж, мой вечны падарожнік, Мой найраднейшы чалавеча! Жывём — як на чужым парозе: То зоркі сыплюцца на плечы, То гром настрашвае, то замець Рагоча, што — не маем кута...