Выбрать главу
Усё абвалачэ няпамяць — I мілаванне, і пакуты.
Але ж і ў радасці, і ў скрусе Наяве зліты мы і ў мроі. Два целы возьме смерць, а мусіць Здаволіцца душой адною.
1988
РАННЕ
Ноч. Ні зыку. Ад стала дападае Ясначолых кацярынак дыханне. Над зямлёю ледзьве-ледзь світае, А ўва мне і апоўначы — ранне.
Скуль узяўся ты ў мяне гэткі, Што ва ўсенькай старане наскай. Кветкі толькі ад цябе — кветкі, Ласка толькі ад цябе — ласка?..
1989
I ГЭТЫ ВЕЧАР
I гэты вечар, мабыць, не забудзецца: Няма святла ў двары, няма на вуліцах — Раптоўна згасла ў гарадку святло. Абсады цень да ценю дома туліцца, I ўсё глыбокай цішай спавіло.
Шукаюць вусны вуснаў — не натоляцца... Здаецца, толькі мы ва ўсёй ваколіцы, Неварушкой, нібы рачное дно, Адзіна мы, ды зорачка-свавольніца, Што ўсё ж не-не — дый зазірне ў акно.
Дый зноў, нібы збянтэжана, схаваецца... Ты хто нам, зорка? Наша ахавальніца?
Ці свет, куды мы ў часе адляцім? Таго адлёту на зямлі лякаюцца, Таму што бачаць толькі смерць за ім.
О, калі б кожны памятаў, што вечны ён! Што расцвіце прастораю сардэчнаю! Што побыт наш зямны — ўсяго луска, Такая ўжо і тут вось недарэчная, Дзе ў змроку свеціцца ў руцэ рука...
1990
ЦІ ТРЭБА БЫЛО?
Не ты мяне любіш — Жыццё мяне любіць, Тваёю істотай вітае-галубіць, а. Тваімі вачамі ўзіраецца ў вочы, Тваімі рукамі абняць мяне хоча, Тваёй палымянаю думкай вартуе, На самым на ўскраечку прорвы ратуе, Бо змеркламу сонцу ўсё ззянне вяртае, Калі да грудзей я тваіх прыпадаю.
Ці трэба было, каб жыццё праляцела, Пакуль гэту праўдачку я ўразумела?..
1989
СТРОМА
Я ўжо ў цябе ўрасла. Мы ўжо зрасліся. Гады спатрэбіліся, Доўгія гады, Каб зразумець, што дзвюм істотам З адзіным сэрцам і кровазваротам Жахліва быць у паасобку, Немажліва.
Сыходзяць леты.
Усё вышэе строма шчасця нашага, Якая ўзносіць нас. I пахавае.
1987
* * *
...А што радок, ён выжыве — ці не. А ты жывы. Табе са мною светла. I я ўжо знаю, як сюды імкне Душа тваёй сцяжыны — з будніх нетраў.
I тут ён, будзень, толькі — на дваіх. Таму і ўмее ён рабіцца святам. I я ўжо знаю, што з хвілін маіх Той рэдкі міг мой — самы найкрылаты.
О, не радкі, а ты мне — канавое, Калі й радок вось зноў жывы табою...
1985
* * *
Шарэе па-асенняму ваколле, Ніжэе пацяжэлы небны дах. I хай сабе! Я ўжо цябе нікому, Нікому і нічому не аддам.
Пазалягалі туманы ў лагчыне. Хай зменлівасці ў часе не ўпыню — Я не аддам цябе другой жанчыне, Пакуль сама — з даверу і агню.
На самы жорсткі, незагойны верад Ёсць недзе, ёсць зялінка на, загой! Я не аддам цябе імгле зняверы, Самоце шляху колкага твайго.