Выбрать главу
I хай зімою лёд — не выпадковасць, — Не вымерзне цалюшчая вада. Ты толькі сам мяне ўжо анікому, Ніколі больш нікому не аддай.
1985
ШЧЫМЛІВАЕ
Да берага бязмоўя не дабрацца Мне годна — без твайго пляча ў плыўбе: Ажно гатова сэрца разарвацца Ад любаснай пяшчоты да цябе!
Найблізкі мой, мой цуд, маё ж ты свята, Любоў мая, ты ведаеш даўно: З табой збару я мель і перакаты, Не ўцягне чорны вір мяне на дно.
Мой валадар, мой скраб неверагодны! Купае сэрца светла-светлы шчэм: Вось плынь жыцця. Вось любасці нязводнасць. Бязмоўны бераг дзесь. I мы - плывем...
1988
ПРОСЬБА
Як Васіліса, у рукаў Зноў восень сонейка хавае. Не абвыкай, не абвыкай, Што я твая, што я кахаю.
Усё так крохка на зямлі: Было, няма, ёсць — ды другое, Што свет у стане наталіць Даскочу нас хіба тугою.
I сум, і хараство, што мы Не здавальняемся здабытым, Што лебядзінымі крылмі
Зазыўна далі перамыты!
Як Васіліса, з рукаўя Пяшчота смутак выпускае: Не абвыкай, што я твая, Не абвыкай, што я кахаю.
1985
БОСКІ ДАР
I сад, і неба — ўсю раскошу Пачуццяў, што мяне ўзнялі, Усё, чым ты так ухарошыў Мой дзіўны побыт на зямлі, Чым вечная душа твая — Вярнуць хацела б я ўдвая.
I, як самотны Бог, прымаеш Свой дар ты з рук маіх — як мой, I мовай неба далучаеш Зноў да раскошы незямной Убачыць лёс, як саду цвет! Пяшчотны Бог мой, мой Сусвет...
I промніцца над колам рук: Бяссмертны ты, і я не ўмру.
1989
МОСТ
Кажуць, ноч была цёмнаю вельмі. Не заўважыла змроку: Мне твой воблік свяціў цеплавокі.
Кажуць, ноч была ветранай дужа. Не запомніла слоты: Атуляла ад ветру пяшчота.
Кажуць, снег нават падаў уночы. Калі гэта і праўда — Растапіла яго наша радасць.
Я не згасну былінкай бязраднай, Хоць і сцюжа навокал, Покуль ты ў мяне ёсць, мой далёкі.
Не хачу ўжо нічога, нічоуа, Ні лістоў, ні прыездаў — Быццам мостам, звязала нас бездань...
1981
АЛЕ ТВАЯ СЛЯЗА
Выясніваўся дзень. I ноч растаць хацела. ...О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!
Ад промняў з-пад смугі ўся далеч залацела. ...Але твая сляза ў маю слязу глядзела.
Чародка галубоў над намі ўсё гусцела. ...О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!
Крылялі галубы як свята, як нядзеля. ...Але твая сляза ў маю слязу глядзела.
1986
АДЗІНЫ
Калі сэрца канае ад смагі У пустынях людской мітусні, Ты не зыч мне жаданай увагі, А любоўю сваёй ахіні. Не спатрэбяцца іншыя лекі, Боль сунімецца, роспач міне, Бо навекі, навекі, навекі Ты адзіны, адзіны ў мяне.
Болей зло, чым дабро, тут вярстуе Цёмны шлях чалавецтва, круты. Свет адно хараство і ратуе, Бо й мяне выратоўваеш — ты. Не спатрэбяцца іншыя лекі, Боль сунімецца, роспач міне, Бо навекі, навекі, навекі Ты адзіны, адзіны ў мяне.