1988
ШТО ПАКІНЕМ
Не спяшаешся адгукацца.
Замаўкаю сама.
А ў духмяных сумётах акацый
Дацвітае мая зіма.
Як усё, праміне і гэта.
Адгарэняць плады.
О, няўжо мы пакінем свету
Толькі раннія халады?
Сэрца — быццам пчала на гронцы:
Медазбор, медазбор...
Як мы ўсё-ткі аблашчаны сонцам
Пры ўзыходжанні на касцёр!..
1984
* * *
«Піце поўную чару да дна».
Яна дня майго
не за туманам:
Я адна, я ўсё роўна адна,
Хоць і ёсць ты ў мяне, мой абраны..
1985
* * *
Не можа быць, каб ты не адазваўся,
Не можа быць, каб помніць перастаў,
Калі ў жыццё маё так уварваўся, —
Не памяццю — маёй крывёю стаў.
Ці б нашы адзіноты нас звялі,
Каб мы несумяшчальныя былі?
О, свет не аднаго так загубіў!..
Не можа быць, каб ты мяне забыў.
1985
ЯШЧЭ ПОМНІЦЦА
Скуль такая лютая натома,
Што цяжарам нават згадка: ты?..
Выпесціла сонечную строму:
Працінае холад пустаты.
Недзе сонца... Недзе ты... Скрозь нема.
Рукі не галубкі — ледзяшы.
Недзе ты... А я не прагну неба:
Дагарае свечачка ў душы.
Як жа трудна дыхаць мне, каханы.
Умываюся тугой — пячэ...
Свет не толькі з болю тут сатканы.
Мне пра гэта помніцца яшчэ.
1989
НАДМЕРНАСЦЬ
Пакрыўдзі мяне!
Як найвышшае ласкі прашу:
Пакрыўдзі бязлітасна,
Каб я не змагла дараваць.
Каб мне засталося адно толькі —
Перакрывавіць душу
І раз назаўжды ад майго існавання цябе
адарваць.
Завочная любасць твая неўгасаная —
Нібы крыніца глыбозна ў зямлі.
А мне, перасмяглай,
Сябе ратаваць столькі часу адзіна
сустрэчамі памяццю —
Сіл ужо вышай.
Мой божа, пакрыўдзі бязлітасна!..
Зернятку трэба загінуць у чорнай раллі,
Каб выжыць...
* * *
Даруй мне полымнасць маю.
Яна балюча апякае
Цябе за вечнымі замкамі.
Папеленая, не чакаю
Адхлання ў прорвы на краю...
Даруй мне полымнасць маю.
АДКАЖЫ
Сонца любові — за чорнай тугою,
Боль над усім:
Дзеля чаго я, дзеля чаго
У лёсе тваім?..
Так палымяна цягнуцца настрэчу —
Каб даказаць:
Блытаць каханне і лёс — недарэчы,
Іх не ўвязаць?..
Ты ці жартуеш на гэта як-небудзь,
Ці прамаўчыш...
Бо знаеш: адкрыта дарога на неба
Толькі праз крыж?..
Бо згодны: заманліва стаць крылатым,
Ды, што ні кажы,
Распятасць — нязмерна вялікая плата
За ззянне душы?..
1988
ПАСЛЯ
Кахаеш ты, і сам каханы,
I думкі чыстыя твае,
Але, бы ў пастку, ў быт загнаны,
I час палёгкі не дае.
Усё бліжэй, бліжэй магіла,
Усё ясней абрыс віны
За міг крылаты, а бяссілы
Рашуча стрэсці кайданы.