Выбрать главу
Асмалак свечкі леташняй каляднае Шукаю ў скрынцы вобмацкам хутчэй — I вось ужо з акна майго выглядвае Скупы агеньчык, добры гном начэй! Шыбуй сюды, знявераны і стомлены! Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло. I падалося мне: сам шквал надломлены Быў гэтым кволым, прызыўным святлом.
Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай, Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт, Я так хацела б, каб і мне здагадліва Агеньчык нечае душы спагадлівай Выратавальна ў вочы зазірнуў.
1965
* * *
Шчэ не журуся я па харастве, Якое параскрадваюць маршчыны. Смуткую: без мяне мае сцяжыны Марнеюць па пяску і па траве.
Па мураве, па камені, вадзе Мной не адкрыты свет мяне гукае, І з немагчымасцю ўсё не звыкаю, Пакуль мне Парка ніць сваю прадзе.
Пакуль яе не абарве няўзнак, Мне столькі трэба зведаць і пабачыць Людзей у працы, весялосці, плачы, Каб зразумець, што так, а што не так,
Што не па-людску складваю ў жыцці. Падчас і па чужых краях журуся, А хопіць і куточка Беларусі, Каб цэлы век свой да яе ісці.
1977
* * *
Ведаем, жывём занадта мала, Каб на прыканцы не шкадаваць,
Што не ўсё, чым доля нас вітала, З годнасцю мы ўмелі адвітаць.
Ды ў часы расцугленых нейтронаў, Прамянёвай хуткасці часы, Так жывём, нібы ўжо забаронена Выпадку наш промень пагасіць.
Быццам не паўвеку нейкіх толькі — Дадзена паўвечнасці ў запас, І падбаць яшчэ паспеем з толкам, Будзе дастаткова сілы ў нас,
Каб вярнуць запушчанаму саду Плён надзеі і харашыню, Каб, шануючы душы радню, У сабе знайсці апору й раду...
1979
* * *
Твайго палону прагну я — Не пакідай мяне, работа. Хай дыхае у твар спякотай Ралля суровая твая.
Адно на ёй, адно на ёй Каласаваць таму спакою, Што непастойнасцю сваёй Знявечаную памяць гоіць.
Ён, як бясцэнны дар, нясе У плыні руху забыванне, Што след наш тут — след па расе, Што вечны тут адны пытанні. Але з прасветласцю якой
Сцвярджаць я свету не баюся Сваёю кожнай баразной: Жыву! Люблю! Не наталюся!
1974
* * *
Снег упаў на голле залатое. Толькі ўчора сонцам ліўся ліст — А сягоння пад завейны свіст Снег упаў на голле валатое.
І шчыміць разгублена душа, Нібы не бярозка, а сама я Так безабаронна адгараю, — І разгублена шчыміць душа...
1982
ПЧОЛКА
Сшывае лёс крывой іголкай Памкненні й чыны ніткай скрухі. Душа нектар свой, быццам пчолка, Усё шукае ў полі руху.
Нічым пагрэбаваць не можа, Хоць не заўсёды патрапляе З падзейнай наквеці варожай Жывіцца тым, шго прасвятляе.,
І мус уроку паўтарацца, Пакуль не ўсвоіцца належна, Што не ад змены дэкарацый Спектакль і ролі ў ім залежаць.
НЕ СПАЗНІСЯ
Толькі мо ў казцы ёсць лёс — нібы кошык, Поўны адно медуніц ды суніц. Бойся спазніцца са словам харошым: Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
А ліха не спіць...
Ах, запіваць бы сухую скарынку Наканаванага — з чыстых крыніці Бойся спазніцца з харошым учынкам: Тонка прадзецца жыццёвая ніць.
А ліха не спіць...
1983
ГАЛІНКА ПЛЮШЧУ