Дай чалавеку веры, Божа,
Што хоць пасля, пасля, пасля,
Ужо ў абліччы іншым, можа,
Ён быць папраўдзе шчасным зможа, —
Бо вопыт, горкі і варожы,
Якім сілкуе Дух зямля,
Яму стаць мудрым дапаможа
Хоць недзе, некалі, пасля...
1992
ДАЗВОЛ НА АДПАЧЫНАК
Быццам раптам кроў спусцілі з цела —
Бліск маланкі, потым — змрок густы...
Вось і маеш тое, што хацела?
Гэткага спачынку прагла ты?
Што ж, цяпер адпачывай, нябога, —
Загадалі горкія радкі, —
Шчасце — вера, а твая дарога —
Вечна тупікі ды тупікі.
Б'ешся, б'ешся, як сляпая птаха,
То аб неба, то аб камяні.
А каханне ж — радасць, а не плаха.
Я не зычыў плахі.
Адпачні...
Нават слёз няма, адно здранцвенне...
Неба...
Тупікі...
Каменне!..
1985
* * *
Слова маё не накліча бяды,
Вока маё не злое.
Шчасця твайго не сурочу й тады,
Як будзеш ты не са мною.
Толькі аднойчы, пры цёмным акне,
У задуменні мройным
Неасцярожна згадаеш мяне —
І смутак ляжа гарою
На ўтульнасць тваю,
На вясёлы твой дзень,
На памяць пра нас абоіх,
Дзе я, нібы голачка на вадзе,
Трымалася на любові.
1984
* * *
«Я прыеду, як выпадзе снег,
Я прыеду пры першай парошы».
Мой харошы!
Так жыццё і складзем з гэткіх вех...
І чым болей марнуецца дзен
У пустой, адзінокай дарозе,
У знямозе
Усё той жа працяг ёй відзён.
Набярыся трывання і сіл,
Памудрэй, маё сэрца, нарэшце,
Дай давесці
Жаль без роспачы за небасхіл...
1983
* * *
Не заходзь,
Маё сонца,
За доўгія хмары маўчання,
Не дазволь ім
Зніжаць нябёсы
Над пакутнага роздуму нетрай,
Чый морак такі ж непазбежны,
Як і ты,
Маё сонца.
Ды,
Начэючы,
Смутак хоча быць пэўным
У гаючым тваім узыходзе,
Сонца маё.
* * *
А можа, так яно і трэба,
Каб то буран, то капяжы,
Хадзіць у буднях, як у зрэб'і,
Свой несці крыж і даражыць
надзеяй, роспаччу і верай?
Так, толькі гэтак быць павінна:
Аднойчы спрагнуць трох дарог
I выбраць тую пуцявіну,
Дзе згубай грозіць кожны крок,
каб — усміхнуцца пераможна!
...З адным не прымірыцца мне:
Што я кахаю Вас, Вы — не...
1971
ПЫТАННЕ
Нават тады,
Калі вечна я,
Вечна я слухала б
Словы кахання твае, —
Няўжо сапраўды
Табе думаецца,
Што якраз гэтых слоў,
Што так цяжка даюцца,
Нам трагічна так не стае?..
* * *
Гэшны мой з імем святога!
(Шчасце заўсёды ў пару)
Я да расстання гатова...
Даруй,
Грэшны мой з імем святога...
Юудзь блаславёна, часіна
(Мерклі сняжынкі ў траве...),
За неспадзеўную сілу,
Павек
Будзі блаславёна, часіна.
Доўга мне будзе не страшна
Выслухаць грозьбы завей
І, каб набыць, нешта страчваць, -
Павер,
Доўга мне будзе не страшна.
Будзь блаславёна, дарога,
І тая, з кім стрэцца табе.
(Вечар, не я, у журбе,
Грэшны мой з імем святога...)
1976
* * *
Зноў пра цябе.
Мне — пра каго ж яшчэ?
Настойліва начэе,
I ўсё выразней чую, як цячэ
Усё глыбей праз сэрца
Ратнічэле.
Няўрымсная, парывістая плынь:
У ветравей свавольны
Пульсуе пасмай срэбнаю палын.
I ў горадзе знайшоў мяне ён, польны.