Выбрать главу
Свядома тваю руку адпушчу. Пад золкай зоркай страты Да скону голас Ратнічэле чуць: «Ой кейп бега мятэй...»[2]
1981
* * *
Не сніся мне. Навошта снішся мне? Усё між намі выяснена, вырашана, I пра ўгавор наш помню я і ў сне. Не сніся мне.
А стрэч не пазбягай. Не бойся стрэч. Цябе маёй пяшчотай не абражу я. Рук не ўскладу на шалі тваіх плеч. Не бойся стрэч.
Насупраць сядзем. Ты ўсміхніся мне. I я ў адказ — спакойна і нязмушана. Пра угавор наш помню я і ў сне... Не сніся мне.
1974
МЕСЯЧНАЯ НОЧ
Цяпер што звязвае нас? Якія ніці? Адчужана-роўны бляск: Поўня ў зеніце.
Такі чалавечы пагляд У гэтай поўні... Улада з усіх улад: Помню.
Хлусіў ты, хвалёны час. Няма адхлання. Глыбозным праваллем між нас Прызнанне.
Дзень забыўся пра ўсход. Спяць людзі. Маркота з усіх маркот: Не любіш.
БЕЗ ЦЯБЕ
А мне ўсё лепей без цябе. Працую — не гарую. Спакойнай сіле не слабець — Магу звярнуць гару я.
Бясплённа дзень не праміне, На мары не патрачу. Смяюся, калі смешна мне, А плачацца — не плачу.
Так, мне ўсё лепей без цябе. Жніво наспела ў часе. Ні тлуму, ні трывог цяпер. ...I ні хвіліны шчасця.
1977
ЖАРТ
У шчасця майго Тваё аблічча, Твой голас, Твае вочы і ўсмешка. Нават дзверы не стамляліся Чакаць твайго стуку. І ён раздаўся нарэшце: «Гэта я, тваё шчасце. Адчыні!» Але што гэта?.. Не тое аблічча, І голас не той, І не тыя вочы і ўсмешка. Не паспела я Абурыцца такім самазванствам, Як пачула: «Ах, якая ты смешная! Жарту зноў не пазнала? Гэта ж я, Твая адзінота!»
1977
* * *
Ні слова не вяртае, ні маўчанне... Развейце, ветры, смутак мой і жыль
– Было нам гэта справаю звычайнай Калі б маглі мы ўзняць такі цяжар.
Азёрныя мае спагада-хвалі, Тады ўтапіце іх на самым дне!
– Былі б мы радыя, але прапаліць, Самотна да самога дна пратне.
Вятрам – зацяжка, хвалям – загаруча, А я не ўмею так: як набяжыць, А мне расстаннем – карай немінучай За свет пяшчоты нашай – трэба жыць.
1977
БЫЛО
...I раптам адышоў, амаль адбег. Ні слова не сказаў на адвітанне. I кожны крок твой абяцаў вяртанне.
Вясновы дзень гуляў у «сонца-дождж». I неўпрыкметку набракаў змярканнем. I набракала цемраю чаканне.
Мне ж без цябе ўжо не было дарог. А людзі абміналі, нібы здані. Бы ў прорву, падалі мае пытанні.
Быў родным горад — раптам пасткай стаў. Мая прапала вуліца дазвання. Дзе я... дзе ты... гуканне і блуканне...
1980
ШАРАЯ ГАДЗІНА
«Каханы, мой каханы! Мне хораша з табою. Ніводнае хмурыны У небе нада мною. Усе яны знікаюць Яшчэ на даляглядзе, Пакуль прысутнасць сведчыць Твая пра душ суладдзе. Адужаю хваробы, Не змоўчу на абразу. Я знаю, што «Кахаю Цябе» — зусім не фраза. Ахоўна і надзейна Тваё пульсуе сэрца. Я знаю, ёсць людское І шчасце, і бяссмерце. Есць сіла, што нітуе Свет, горам дратаваны».
...Няма каму сказаць мне: «Каханы, мой каханы!»
1980
* * *
Сказала: «Лепей саматой». Не лепш. Сказала: «Так прасцей». Куды як проста!.. І хлеб, з табой не дзелены, — Не хлеб. І шлях — Абраны быццам не па росту.
вернуться

2

О, як ляцяць гады!.. (літ.).