Гайдаў Сусвет.
Упёрлася ў куток.
Лячыў парыў.
Прыгорбіла натома.
Як ні рыхтуй сябе загодзь —
Ніхто
Не можа да самоты быць гатовы.
А вёрсты ўсе ўмяшчаюцца ў адну
Адлегласць —
На працягнутую руку.
Даверліва ўсміхнуцца.
Працягнуць.
І збаўлены ад адзіноты мукі.
Звычайны рух.
Магутней, і глыбей,
І справядлівей той касмічнай прорвы,
Якая
Адрачэннем ад цябе
Лядзяна зеўрае;
«Не руш,
Не роўня».
Чым далей ад паверхні мы зямлі,
Тым даступней нам яе глыбіні.
Імя тваё мне
Не перабаліць.
Ніколі.
Знаю.
Быў і ёсць.
Любімы.
1978
КАРА
Я змучыла цябе. I гэта праўда.
Як праўда тое, што каханы ты.
I што хранічны страх за нас — не наўда
Так закамплексаванай прастаты.
Я змучыла цябе. Не даравання,
А кары з любых рук тваіх прашу.
Хоць што яшчэ страшней за катаванне
Агнём, якім сама сябе душу?..
Ды кара твая падае!.. Упала! —
Мой горкі, адхінаешся ў журбе...
Такога пекла сэрца шчэ не знала...
Ці вернешся?.. У ножанькі б упала...
Ці вернешся?.. Я змучыла цябе...
1985
* * *
Нашто мне гэты дзень —
Без цябе?
Сінічка за акном —
Без цябе?
I сонечная плынь —
Без цябе?
I гурт людскі нашто —
Без цябе?
Травінка кволая —
I тая не ўзрастае
Дзеля самой сябе.
Нашто мне гэты дзень —
Пустыня?
1981
ЯК СНЕННЕ
Шэра і золка.
Вось мы і падсочаны
Вокам разлукі,
Каб назаўсёды, навек раз'ядналіся
Нашыя рукі.
Не гавару табе:
«Усё будзе добра».
Добра не будзе.
Можа, тады хіба толькі, як з памяці
Дні гэты збудзем.
Дні, што жывілі нас гэтак, як жывіць
Хлебная луста.
...Неяк прыслухаемся: а-ні-чо-га...
Ціха і пуста...
Толькі далёка-далёка ў свядомасці
Нешта адзначыць:
...лівень святла...
звонкі голас шчаслівы...
Сненне, няйначай.
1980
НА ДНЕ
Пачуцця твайго крыўдзіць не буду.
Пагукаеш — я голас падам.
Але ўжо не чакаціму цуду,
Не паверу ў прыдуманы храм.
Не змагу я адпрэчыць парыўнасць.
Прыхінешся — к табе прыпаду
I, як некалі, самазабыўна
Растваруся ў табе, прападу.
Але болей ужо не пытайся,
Ці кахаю цябе, як раней,
Супакою майму не здзіўляйся:
Ціха-ціха на дне.
1989
ПАРТРЭТ
І голас твой не ўзварушыў,
І твой прыезд амаль не ўзрушыў:
Святая музыка душы
Пакінула ўжо нашы душы.
Нашто ўзіраемся ў партрэт
Кахання, намі змаляваны?
Змалеў на ім уцехі свет,
Стускнелі фарбы ўмілавання.
З ім адбываецца ўсё, як
З партрэтам Дарыяна Грэя:
Навідавоку кожны знак,
Як наша пачуццё старэе...
Разрыў яшчэ нас не працяў,
Яшчэ пытае барвы лапік:
Ці вернем музыку жыцця?
Ці ўратаваць яе патрапім?
1992
МАРНАСЦЬ
Ёсць справа,
Ёсць клопат,
А ёсць мітусня,
Ёсць тое,
Што выявіцца ў непадкупнасці дня
Лухтою.
I рэчы, якімі сябе атачыў,
I жалі, —
Бо вымерлі пеўчыя птушкі душы,
Сканалі.