Выбрать главу
Дай Бог развярэдзіцца жорсткай нудзьбе Па промню!.. Якая жанчына кахала цябе!.. Ці ўспомніш?
1984
* * *
Вечназялёнаю галінай — спробы Няўтоленую смагу наталіць... А непадсудны хіба толькі робат: Яму нішто людское не баліць.
А нам — гарэць, і падаць, і ўзнімацца, І праклінаць свой лёс, і пець хвалу. На радасці не можаш расстарацца, Жыццё, ну што ж — пакутамі хвалюй!
Бо не аслепіць дробязная ўдача, Знарочыстую любасць не прыму... Не марна так па-веснавому значыць Барвяны ліст прыцьмелую траву.
Заўжды існуе недзе гай расцвілы І светлякі ў зраселай мураве.
Хай вольна табе дыхаецца, мілы. Твой сум кароткім ценем праплыве.
1978
ПРОСТРАНЬ КАХАННЯ

Паэма-калыханка

Якія мізэрныя мы I якое жыццё наша горкае, Калі скарб аддаём неацэнны Сумненням. Сінція Віцьер. кубінскі паэт
Не атрымалася, не атрымалася, Як малявалася, як спадзявалася.
Спіш, мая донечка? Спі, люлі-люлі... Думкі мае, хоць бы й вы дзе прыснулі!
...Ты не прыкідваўся, о не. Ты ў самым шчырым парыванні Ад прагі ласкі, спачування Тады хіснуўся да мяне.
Такія блізкія тугой, Такія родныя самотай, Як узаемнаю пяшчотай Уваскрасалі мы з табой!
Былі шчаслівыя ж, былі! Ты не ашукваўся, сам бачыў Як цудадзейна свет іначаў Пад чыстым небам тых хвілін,
Калі і словы, і маўчанне — Усё гучала як адказ, Што ёсць ад бед паратаванне, Ёсць. Любасць. Гэткая, бы ў нас.
Не атрымалася, не атрымалася, Як уяўлялася, як абяцалася.
Спі, мая донька, расінка малая. Толькі табою свой боль прылюляю.
Людзі, як зёлкі, чый род — палыновы. Поўніцца горыччу тут ім не нова.
Голькі чарнобылю цёмнае сілы, Што неаднойчы сябе ўжо касілі.
Доўбняю. Мечам. Свінцом. Радыяцыяй. I найстрашнейшым — душы дэвальвацыяй.
Хто ж мы?.. Ляжаць на грудзях у жанчыны Дзеці ўсёй чыста зямное айчыны.
Хто ж мы?.. Хварэем бяссоннаю вартай I за найгоднейшых, і за нявартых.
...Я вінаватая сама, Што так паверыла ў нязводу, У немінанне нашай згоды, Што нам расстання тут няма.
У непрагляднай даўніне Расцятыя на двух багамі, Зліліся зноў вось, і над намі Нішто ўжо неба не сатне!..
Забыла я, што чалавек Сам спеліць і святло, і морак, З багамі роўны быў учора, А сёння — мураха ў траве.
Не думала, што ўжо і мы Далучаны да той кагорты, Дзе шчасце блытаюць з камфортам, Дзе ўсё рашае суд гурмы...
Спі, прамянінка мая залатая. Толькі табою жыццё апраўдаю.
Хай мае смуткі не стануць прычынай Для наракання на долю жанчыны.
Праўда не ў тым, што нас папіраюць. Ісціна ў тым, што без нас — паміраюць.
Гінуць як Рыцары, Воі, Паэты. Лепшыя з іх сэрцам помняць пра гэта.
Вось чаму лепшыя з іх без вагання Нават галовы складуць за Каханне.
...Як лёгка пагадзіўся ты З маёю роспаччу адчайнай, Што больш не трэба нас страчання, Не трэба шчасця нам з лухты. Як быццам толькі і чакаў, Каб выдыхнулася такое, — Усе харугвы здаў без бою. Шчэ побач быў, а ўжо ўцякаў...