Я выжыла. Мне трэба жыць.
Як-небудзь звыкнуся са стратай.
Ды памяць!.. Як трымцяць напята
Таго яднання міражы!
Няма тых вуснаў, а гараць
На мне ўсе пацалункі тыя,
Няма тых рук, а трапяткія
Віры іх ласкі ўсё віраць!..
...А як жа, мілы, ты жывеш,
Як дыхаецца там, з другою?
Ты і яе найдарагою,
Каханай і яе завеш?
I з ёю гэтак, як са мнон,
Табе і ўдосвіта, і ў змроку,
I гэтак жа навідавоку
Ўсе барвы шчасця, мілы мой?
Ці ўсё ж — на самым дне маны —
Ты палкім прытварацца мусіш,
I слухаць у смяротнай скрусе,
Як звоняць па любві званы?!.
I не сканаць, і не забыць.
Ні апраўданнейка, ні рады.
Жахлівей не бывае здрады,
Як сонца ўласнае забіць!
Пракляты будзь — так званы доўг!
Будзь клятая — мараль натоўпу,
Што ад часоў патопу топіць
Слабых у багне пошлых догм!
Там кожны ведае, як жыць,
I кожны кожнага асудзіць.
I паразвучваліся людзі
Адзіна вартым даражыць —
Сваёй Любоўю...
Ах, першацвет мой кранальна чысцюткі,
Донька мая! Годы пройдуць так хутка.
Бачу той час, калі шызую чаплю
Суму твайго я прагнаць не патраплю.
Будзе кружыць над табой неадхланна,
Покуль і ты не прашэпчаш: «Каханы!»
Покуль не пойдзеш і ты па лязе
За сонцам уласным, а даль — у смузе!
О хай сабе, хай! Толькі б далеч — была:
Каханне без пространі — птах без крыла.
І як ні падтрымваць, і чым ні лячыць —
Сканае ў пакутах. Памрэ. Не ўзляціць.
Будзь ластаўкай, доля, будзь чорнай змяёй —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!
Я дам ен нангожую ў свеце зямлю,
Якую да спазмаў у горле люблю.
Дам вежы яе, і яе курганы,
I казкі-паданні сівой даўніны.
Бярозку пры лёне, ў палёце бусла,
Усё, што і мне колісь мама дала,
Усё, чым багата сама я душой, —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!
Я ведаю змалку, знаць будзе й дачка,
Чым слаўная ў свеце зямля Васілька.
I што мы любілі, і што мы клялі,
I як выжывалі на гэтай зямлі.
У мальвах надзей, пры тузе касачоў
Наш зранены сцяг развіну над плячом,
I дух Белай Русі ў дачцэ не прымрэ,
I мове сунічкай на вуснах гарэць.
Што трэба шчэ ў нашай старонцы жытной?! —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!
Не дай ёй пачуць, як пачула я:
«I твой тут — ніхто, і ты — нічыя».
1986
ПАСЯРОДКУ РЭХА
Прыдалася,
Прыдалася ў маёй долі
Твая песня:
Гэта з ёй —
Такой кароткаю —
Сама сабой была я.
Сёння рэха,
Толькі рэха тое песні засталося.
І не моўкне.
Як замрэ —
Азначыць:
Навучылася я ўласнае рыданне
Браць за горла.
РАЗЛУКА
Той дотык рук... лядзяны і дрыготкі...
Той пацалунак... быццам нежывых...
З дня ў дзень,
З дня ў дзень, нібыта з году ў год я,
Нашу ў сабе. Так носяць журавы
У выраі маркоту па радзіме.
Чужое неба шчасця не дае.
У птахаў толькі смерць хіба адніме
Шлях да айчыны,
Да нябёс яе
НЕМІНАЛЬНАСЦЬ
Як кажуць,
Плачам рота не направіць.
Не ўпершыню мне часу не шкада.
Не ўпершыню раскошна марнатравіць,
Каб зноў і зноў былому волю даць.
У час мінулы не даходзіць пошта.
Ды час мінулы хоча сведкам стаць:
Не ўсё мы ўмелі ўзяць у хвілі кожнай,
Ды без вагання ўмелі аддаваць.
І тая шчырасць, спогадзь і пяшчота,
Чым пераможна багацелі мы,
Шуміць бяссмертна весняю лістотай
На стромым дрэве нашае зімы!