Выбрать главу
ГУКАННЕ Ў ПУСТЫНІ
З'явіся, збаўца мой, з'явіся! Адзін твой рух, адзін твой крок Адхмарыць нада мною высі, Ацьмелы авідушчыць зрок.
Мне вусцішна, што ўжо не бачу, Куды іду я, хто тут я, Што, як раней, слязой гарачай Не ўскіпвае туга мая.
З'явіся, выбаў з утрапення! I хай хвілінай той святой Усё, што мкнецца да здзяйснення, Па веры спраўдзіцца маёй.
1989
* * *
Яшчэ ў пупышках новае лісцё, Якому песню сонца пець старую...
Няўжо мы некалі сабе даруем, Што сірацілі наша пачуццё, Што ўласнай воляй самі сірацелі, Аберагаючыся ад пакут...
Ляцела птушка шчасця... Праляцела. Сваёй радзімы не прызнала тут.
1979
* * *
Паверыла: душа заснула І ўжо ёй не загаварыць. ...Як ад маланкі — аж хіснула: Ты!.. мерна крочыў па двары, Ішоў, і ў вокны углядаўся, Шукаў, каторае маё, І прызмерк нема ў ногі слаўся, І бледнай зоркі вастрыё
У сэрца самае ўпілося!.. І знікла навалач слаты, І загула, як прорва, просінь, Куды мяне зноў рынуў ты!
1983
* * *
Ціхая ласка рук, Стрыманы дотык вуснаў... Замоўкну. Перагару. У будні мае вярнуся. Нібы дзве зоркі мы. Значыць — не месца скрусе. Будуць грымець грамы, — У будні мае вярнуся. Будуць старэць сады У штоліпнёвай задусе, Стануць гады ў рады... У будні мае вярнуся. Пісьмы ўсе... не спалю... Памяць скручу у вузел. Забуду зусім. Разлюблю. У будні мае вярнуся.
...Думала, мур кладу. Верыла, што — надзейна. Раду якую знайду? Дзе ж мне цяпер падзецца? Ціхая ласка рук, Стрыманы дотык вуснаў... Зноў не згараю — гару... Зноў не згараю — гару...
1971
ЖАРТ — НА ЎСХОДНІ МАТЫЎ
Яшчэ і году не прайшло, а ты прыехаў зноў. Сказаў: «Бывай, маё святло», — а сам прыехаў зноў.
Ракой уцех амыта я, сум як рукой зняло, Зноў чую песню салаўя, — бо ты прыехаў зноў!
Жылося мне, бы ў палыне: гарэніла, пякло, Цяпер зноў люба, мёдна мне, — ах, ты прыехаў зноў!
Калі б заўсёды так было, калі б разлук сіло Парваў ты, і ў маё жытло навек прыехаў зноў!.. На жаль, Мацяш, нямаш, нямаш на Любага надзей. Ляці сама праз беды ўсцяж, хоць Ён прыехаў зноў!
1991
* * *
А ты жыві, каханы мой, жыві. Хай журавель нарэшце дасца ў рукі. Я забяру ў магілу тыя мукі, Што выпалі нам на кастры любві. Ад золі сэрцайка сваё адхукай: Жыві, каханы мой, жыві!
На свеце гэтым шмат харашыні. Хоць людзі ў свеце гэтым — тое голле, Па-над якім вятрам бяды скуголіць Усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні. Ці чалавек задуманы для болю? Як ён жадзён харашыні!..
Не пасягнуць мне розумам маім Тваіх намераў велічных, Прырода. Жыццё дала — не папытала згоды. Усе цацанкі-абяцанкі — дым. Жыццё бярэш, — і мне зусім не шкода Аднойчы развітацца з ім.