1983
БРАТ-СЯСТРЫЦА
Пусцема ў сэрца гэтую вясну,
Яна так скрушна стукалася ў дзверы.
Што дакідалася каму ў віну,
Паглядам брат-сястрыцы пераверым.
Вачэй яе пяшчотны аксаміт,
Дзе аплывае сонейка лілова,
Гатовы
нас вярнуць сабе самім,
Да ўдзякі лёсу за любоў
гатовых.
Багаславім сустрэчы таіну,
Багаславім і несустрэчы бераг.
Пусцема ў сэрца гэтую вясну,
Яна так скрушна стукалася ў дзверы.
ТРОХІ ДЗІЎНА
Трохі дзіўна: не счулася, паяснеў калі
Мой дрымучы лес над вадою цёмнай,
Дзе лябёдачка з лебедзем -
У іншасвеце -
Плылі.
Трохі дзіўна: больш не ведаю стомы
Рухаў пустых,
Неўмалотных думак атрута
Страціла сілу.
...Дзесь плывуць сабе
тыя лебедзь з лябёдачкай...
Дзякуй, сэрца, што іх
У невараць
Адпусціла.
Ззянне крылаў тых птахаў шчаслівых
Яшчэ
Стукам тваім гарачым
Мяне дагоніць,
Іначай
Так несмутліва
Не світала б сягоння.
У ВЕРАСНЁВЫМ ПОЛІ
Нам добра тут, у гэтым голым полі,
Дзе на рудой пакошы незнарок
Яшчэ ўбярог сваё рудое полымца
Неспадзяваны васілёк.
Нам добра тут, хоць рэзкі ходзіць вецер —
Ды ў неба шчэ багата глыбіні,
I сонца шчэ з-за хмар імклівых свеціць нам
I не шкадуе цеплыні.
З такой лагодай, гойна і няўтомна
Прасцяг да сэрца нас хіне свайго.
I так выразна бачыцца нам, хто мы ёсць
Адзін для аднаго...
1987
УЖО НЕ РАССТАЦЦА
Нам ужо не расстацца.
І табе без мяне па жыцці не ісці,
Як і мне без цябе —
Ні наплакацца, ні наспявацца.
Нам, не злучаным,
Вечнай прысутнасцю нашай трымацца.
Так рука адарваная ные, смыліць.
І захочам забыць,
А не зможам без болю астацца.
Нам ужо не расстацца.
З-ЗА РЭЧКІ, З-ЗА ГАЮ
За лугам зялёным, за сонечным гаем,
За рэчкай задумнай, за борам панурым
I наша захопленасць, і прысяганні,
I рэўнасці роспачнай злыя віхуры.
А ўсё — ці далёка? А ўсё — ці не ў сэрцы,
Што тахкае, тахкае струджана ў грудзях?
Яшчэ раз... яшчэ раз...
Як блізка ля смерці,
Гуляючы ў жмуркі, паходжваюць людзі...
А свет гэткі гожы і вабны наўкола,
Да шчэму жаданы для кожнай істоты!..
Калі не руку, падавай мне хоць голас —
З-за рэчкі, з-за гаю, з-за нашай маркоты...
1988
ЗБЫЛІСЯ
Дзеля стрэчы з табой
Вераснёваю хваляй дваццатай
Плынь жыцця мяне вынесла
На дакладна дабраны мне бераг,
Цёплакрылай жураўкаю
Калыханка кружыла над хатай,
Дзе выпекваўся хлеб
На дубовым лісці ды аеры.
Дзеля стрэчы з табой
Смерць маю перастрэлі мурашкі,
Стаўшы лекамі мне
На маёй птушанячай зары.
Бог палескай зямлі
Гатаваў і напоі, і брашна,
Сёстры ўборы свае аддавалі мне,
Брат — любоў,
Разуменне — сябры.
Дзеля стрэчы з табой
Шлях мой торыўся і наўпрост, і віляста,
А твой рух мне настрэчу
Праступаў праз імгу ўсё ярчэй,
Аж пакуль не знасілі абое мы
Ўсе нашы маскі,
Аж пакуль не пападалі
Ўсе пялёны з нашых вачэй.
Кажуць, кропля вады,
Нават кропля вады памяць мае
Літаральна пра ўсё,
Што краналася плыні калісьці.
Мы сустрэліся.
Мы прамовілі гэтае вечнае слова: «Кахаю!»
I ні час, ні прастора
Цяпер ужо нас не разлучаць.
Мы ёсць.
Мы збыліся.