Выбрать главу
1977
* * *

Алесю Разанаву

ў дзень 50-годдзя

Прымі, зямляча мілы, віншаванне! Ажно губляюся, што пажадаць: Ты так бліскуча творчым шчыраваннем Умееш земнаванню сэнс надаць!
А што патрэбна чалавеку болей Тут, у марноцці скрушлівым юдолі?!
Не прагнеш ты пустога барыша. Будзь блаславёнай век, Прамень-душа!
3 снежня '97
СТУДНЯ
Піць. Не толькі вуснам. Сэрцу піць. Кожны сам сваю капае студню. Дзе ж мая крынічка спіць? Важкі, вязкі глей далоні студзіць. Піць. Каб не адной. Яшчэ кагось, Шчэ адну хоць Блізкую мне душу Напаіць з калодзежа майго. Да крынічкі я дабрацца мушу!
Уздыхну, шчаслівая, тады, Праз гады дарогу пацалую, Прыпаду да ломкае вады, Смагу наталю. I... засмуткую.
РОСПАЧ У ВЯЧЭРНІМ АЎТОБУСЕ
Уздрыгваюць ссутуленыя плечы... Сутоніцца, і лівень на двары Панура, утрапёна ў шыбы плешча, Зняверыўшы пагодныя дары, — I ты — Рыдаеш, змоглы і стары...
Удаль дарога ўпоцемках пралегла, Бяжыць аўтобус па дарозе ўдаль, Дзе ўсё ў вузёл раздратавання збегла: Рух, і лятунак, і нясцерпны жаль... Бяжыць аўтобус, I жыццё прабегла.
Навідавоку ў маладосці дзёрзкай Ёсць што аплакаць вопыту твайму. ...I шлях, і слота — сцэнай бутафорскай Пякельнасці небутафорскіх мук, — I палагодзіць іх Няма каму...
1984
* * *

Ядвізе Адамаўне

Рымашэўскай-Шмідт-Ноак

І на чужыне-чужыне, Што сталася жыццём і лёсам, Вам, светлая душа, далося Не ўтравянець, не ўкамянець, А – і ў бядзе – важкім калоссем Спагады, дабраты звінець.
Хай не слабее сіла духу, Не цьмяцца зыркія агні Душы і сэрца: моцы, руху, Неадзіноты, цеплыні!
9 снежня '97
* * *
Вечар задуменна Сеў каля дзвярэй. Аказаўся вечар Раніцы мудрэй.
Згінула няпэўнасць, Знаю, што чакаць. Ад слязы бяссільнай Высахла шчака.
Хай вам светла будзе, Усім, каго люблю! Промнем вечаровым Смутак спапялю.
Свет такі адзіны, Дык чаго ж яшчэ? Чарадою птушкам Весці лёт лягчэй.
Шляху немінуча Сонцам набракаць. Прагай скрыжавання — Да рукі рука.
І не размінуцца... Травы ці ў расе? Задуменна вечар Пад дзвярыма сеў.
1975
ЛЯ БЕЛАГА ВОЗЕРА

Уладзіміру Васілевічу

...I ўскіне возера, ускалыхне З таемнага прадоння белы ранак. Мой светлы друг!.. Вялікшае, што мне З вялікшых радасцяў наканавана.
Мой шчодры друг!.. Адзінае, над чым Уладны тлен не будзе мець улады, Калі, як скнара, возьмецца лічыць Па мне маю за права дыхаць плату.
Усё ягоным будзе, нат пітво З кастальскае крыніцы, нат маўчанне. Без намагання толькі вобраз твой Узмые горда з рук яго кашчавых.
Калі ж пад восень кіне цераз луг Дарогу месяц, выштукуе срэбрам, Я і з нябыту ўбачу: ты, мой друг... Душ знітаванасць... Хваль азёрных грэбні...
1974
ВАСІЛЁК
Само лета ў імені тваім, Само лета. Цэлы лёс наш аказаўся ім Абагрэты.
А высокай радасці куток Не абжыты... Ходзіць хваляй, чыстай і крутой, Поле жыта.
Расхінуцца раптам каласы — Проста ў вочы Таямніцай смутку і красы — Васілёчак...