Гляджу на галінку плюшчу пакаёвага:
Упарта імкнецца яна з кута цёмнага
Да праёму ваконнага,
Лістком за лістком сягае
Наўпрост да святла,
I няма на шляху да яго
Ніякой перашкоды.
Толькі ж раптам
Бы нейкая сіла галінку спыняе
I нават у бок процілеглы
Заварочвае!
Як прыкметна мізэрнее лісце яе
У такім адхіленні —
У шуканні ранейшага сонца свайго,
Падаванага ёй
У час побыту ў іншым пакоі...
Але на шляхах у былое
Няма поступу ўперад.
I выпростваецца сцябліна,
I разгортвае новае сакавітае лісце
У руху да Сутнага!
Гляджу на галінку плюшчу пакаёвага.
Бачу самую сябе.
1990
* * *
Дзе ты, даўняя любасць?
Белы корань душы...
Глей самотнасці грубай
Дзёрзка разварушы!
Даўкіх будняў прагалы
Перакрэслі сабой.
Без цябе што б я знала
Пра пяшчоту, пра боль?
Мне маркоты не збыцца,
Як гарбунні — гарба.
Без цябе не адкрыцца,
Што такое журба.
Так настойліва беды
Промнік сонца дзяўбе...
Як магла б я паведаць
Прагу жыць —
без цябе?
Дзе б я чэрпала сілы
Усміхацца, спяваць?
Чым
падцятыя крылы
Тут змагла б мацаваць
Ты ці лекі, ці згуба —
Нематой не душы,
Безаглядная любасць,
Вечны корань душы...
1982
ДЫЯЛОГ
Душа мая, дай адпачынак мне:
Даволі песень з болем і тугою!
Так хочацца ў жытнёвай старане
Сябе прыўзняць мелодыяй другою!..
I чую вінаватае ў адказ:
Нас абмінае радасць палахліва.
Усе ж плачы сыходзяцца да нас:
Відаць, зашмат на свеце нешчаслівых...
1981
* * *
Кагосьці вёрсты разлучаюць,
Кагосьці звязваюць навек.
Сляды на ранішняй траве,
Сляды, і ўсе — у незвычайнасць.
Ах, цудзе! Папараці кветка...
Як прагнем мы цябе знайсці.
Ды толькі мала хто спасціг,
У чым
шукаць такую рэдкасць.
I падаюць пад ногі версты.
Ідзём праз лёс, нібы праз лес,
Наперарэз,
наперарэз
Вялікай, палахлівай радасці!
1969
* * *
Зноўку ноч цыганкай каля ганка,
Зноў прыйшла прарочыць-варажыць
Самыя шчаслівыя світанкі,
Самыя гаючыя дажджы.
Пазбіраю ў жменю смутку зёрны,
I ў цыганкі добрай на вачах
Аднясу, шпурну на дно азёрнае
Свой былы і будучы адчай.
Расчыню прад варажбіткай дзверы,
Усміхнуся лёсу, як табе,
I паверу, як дзіця, паверу
Самай несусветнай варажбе!
1969
УСЁ ПАЎТАРАЕЦЦА
Усё паўтараецца — з кожным і ў кожным?
Дзяўчынка, мой след абміні,
Прайдзі муравой, а не колкаю пожняй, —
Не хмарцеся, юныя дні!
Ды ўсё паўтараецца... Не прамінае.
I таўры на лёсах гараць:
Даецца жыццё нам, каб радасць з адчаем
Вучыліся мы прыміраць.
Каму ж удаецца ў адпушчаным часе
Наблізіцца хоць на паўкроку да ясі?
1989
РАСЧАРАВАННЕ
Расчараванне — як абвал.
Хіба ўгадаеш гэта ліха?
Уцёк каменьчык з-пад нагі,
За ім знянацку і другі,
Чацвёрты, восьмы... Шчэ імгненне —
І вось пад кручу ужо, уніз,
Лавіна груку і камення!
Галёкне рэха ў катлавіне,
Заб'ецца спуду ў стромах сініх,
І раптам стане ціха-ціха...
Расчараванне — як абвал.