Столькі лета ў імені тваім!
1977
СВІТАННЕ
Тамары Кузняцовай
Няўжо быў морак і грымоты? —
Блакіт прасушвае крыло.
I ты са мной —
сама пяшчота,
I ты са мной —
само святло.
Сачу здзіўлёна, як світае,
Як соладка ўва мне трымціць
Танюсенькая, залатая
Жаварановачкава ніць.
Сама з сабою шчэ не ў згодзе:
Было ўжо добра й пры сычах...
Нашто мне сонца, што ўзыходзіць
З-за ўтульнага твайго пляча?
Ці выдужаю шчэ раз потым,
Як вызірне і ў гэтым тло?
А ты са мной — сама пяшчота,
А ты са мной — само святло...
1987
* * *
Сяргею Панізніку
...I любасць белаю лілеяй
Усходзіць з хваль саракавых...
Няхай давеку не мялее
Крыніца радасцяў тваіх,
Турботаў, клопатаў вясновых.
У долі шчодрая рука:
Ужо не спустазеліць слова
Тваё
ў палях Мацерыка!
Травень, 1982
ЗАЛАТАЯ ДЗІДА
Валянціне
Тваё жыццё і праўда - як прадвесне,
Калі зіма змагаецца з вясной,
Калі нябёсаў жаўрукова песня
Ледзь выжывае ў золі снегавой.
І немач цела, і зямныя страты,
І марны пошук праўды на зямлі, -
Як сіляцца яны твой дух за краты,
У гіблы лёх адчаю пасяліць!..
І як бы йшчэ, якім бы чынам-дзівам
Убараніцца ад бяды ён змог,
Калі б не той святоўны абярог -
Тваёй любові залатая дзіда?
5 красавіка '97
* * *
...Трапечаш між людзьмі —
Ліст у лістве густой.
Расіначку садзьмі —
I ліст ужо не той.
I ўжо інакшы свет,
Інакшы ў часу твар.
Пакуль ты у лістве,
I ты —
яна, ліства.
У слотнае радні
I ўсмех свой, і правы.
...Чуць, як лістком адным
Балюча
куст жывы...
1976
РАНДО ДЛЯ МАР’І НОВІК
Вось і для верша ёсць прычына,
Яна зусім навідавочку:
Касіла Мар'я канюшыну
У Ярашэўскага ў садочку.
Каітнелі ружы і вяргіні.
Ступала быццам па шнурочку
Адважная касінярыня
У Ярашэўскага ў садочку.
Пракосы ж клаліся крывенька...
Касіла Мар’я аж да ночкі,
Аж покуль конік не заценькаў
У Ярашэўскага ў садочку.
Зацёхкаў конік, як салоўка...
І села Мар'я ў халадочку,
Схіліла гожую галоўку
У Ярашэўскага ў садочку.
Залюбавалася міжволі,
Хоць і зажурваліся вочкі:
"Няўжо не буду больш ніколі
У Ярашэўскага ў садочку?.."
Душы не кратай, паняверка,
Сумненні, адбягайце ўпрочкі:
Яшчэ паходзіць касінерка
У Ярашэўскага ў садочку!
3 вечара на 14 жніўня '97,
Гота (Цюрынгія)
* * *
Памяці
Леаніда Якубовіча
Я — камень, кінуты ў раку.
Кругі, расходзяцца кругі,
Усё шырэй, шырэй, здаецца.
Ды раптам зыркне бліскавіца,
I ўжо не вочы ўбачаць — сэрца:
Усё шчыльней, шчыльней кругі...
1970
* * *
На магілу
Леаніда Якубовіча
Вечна поруч...
«Дзень добры, Ніна!
Нешта ты, сяброўка, прымоўкла...
Як там маецца вёска Нівы?
Што пяе канал тваім вокнам?
Так даўно не пісаў... Даруй мне.
Гэткі час нейкі быў няпэўны.
Несці радасць люблю, як дарунак,
А з нягоды нягода, пэўна ж?
А было не зусім вясёла:
То адно не ў лад, то другое.
Людзі, ведаю, не анёлы,
Толькі гэта сэрца не гоіць...