Выбрать главу
Не ўлада, не ўлада твая ўжо ані над дзяжою, ані над дайнічкай. Навек, незваротна Пайшлі ад цябе ўжо і смага твая, і крынічка.
Сышлі і піліпаўкі ўсе твае, мама, і спасы, А ты і не знаеш, Што цэлага свету знянацку не стала ў цябе ўжо. Ні свету, ні часу...
А ў тым, незамглёна далёкім, пад вернай аховай Любові і смутку Нявыказна велічна, ціха ў дуброве перадвечаровай.
Разгалыя кроны варожаць змярканню ў задуме ўрачыстай. Узнёсла. Харальна. Між бурага лісту яшчэ так багата зялёнага лісту.
Яшчэ нам ні разу не сніліся войны нейтронныя. Поўнім Мяхі жалудамі. Яшчэ мы адзіна пра тое, што перад вачыма, і помнім: Вунь тата, вунь мама. А вунь і мы, дзеці. Заўзята збіраем Бурштын жалудовы. І тата лагодна ўсміхаецца маме. І мама жывая...
VII. 1982—IV. 1983
ТРЫ КАЛАСКІ ЛЮБОВІ І СМУТКУ
Трыпціх
1 Вось і ўсё. І за Вечнаю Брамаю весніцы, За якімі душа ўмела ў сонцы пабыць...
Прымірыцца... Не прагнуць таго, што не здзейсніцца. Засяродзіцца: што тут шчэ змога рабіць?
Не ўціхай толькі, памяць мая здрасаваная. Прытаўчу, прытапчу безнадзей гадаўё...
Свецяць, мамачка, рукі Твае спрацаваныя. Мама, свеціць трывушчае сэрца Тваё...
2 А па начах ляцяць, як зёрны, знічкі. Ссаламянела месяца брыво. Гай амаўкае, слухае крынічку, Якая зноў спявае пра жніво.
Жніво, жніво! Высокая часіна Цяжкой натомы рук і свята душ, Ганараванне кожнай каласіны, — Цяпер яе ніякі глум не руш!
Яна як чалавек, прайшла ўсё пекла, — Жывою выйшла з павадку яна, Яе і падмароззе не падсекла, І суш яна змагла, і перуна!
І вось цяпер, на палявым улонні, Каб кожны працаунік быў сыты, каб Лагоднеў свет — у шчырыя далоні Стакроць вяртае жыццяносны скарб.
А па начах спадаюць долу знічкі. Усё празрысцей робіцца ў садах. Да ранку чуцен голас той крынічкі, Дзе з даўніх даўняў спеўная вада.
Ой, лета, лета, лецейка, Даспела ў полі жыцейка. Прасіў каласочак дзявочак: — Сажніце мяне ў снапочак! Бо я ўжо ў полі набыўся, Буйнага ветру начуўся, Дробнага дошчу напіўся. А мне ўжо ў полі няміла, Сонейка тварык спаліла, Дык я паляжу ў стадоле І зноў пабягу у поле...
А промні сонца ад расы абудзяць Пшаніцу, жыта, ячмяні, аўсы — І ў шчыравалыіым, у маторным гудзе Знябудзецца мінуўшчына зусім.
Хай знебываецца, хай прападае — Каму маркот бясхлебіцы шкада?! Пяе крынічка, ды не дападае Да мітуслівых спеўная вада...
Ты нам даруй, матуля, тваім дзецям, Што мы не ля магілы ў гэты час, Што да паўночы з шызага дасвецця Не адпускае хлебны клопат нас...
Даруй, хоць так было яно адвеку, Заўжды вялося гэтак на зямлі, Што трэба дбаць пра поўныя засекі, — Не ўсім пра мёртвых думаць ёсць калі...
Жывым — жывое? Што ж, жывым — жывое. Тут, можа, й мудрасць людскага быцця, Што раны нашы мы ў турботах гоім, Каб мела наша спадчына працяг.
А ці ж яна адзіна ў хлебе — сале?..
Бядуе бацька: «Зводзіцца гняздо. Дзяцей бязглузда выкрадаюць далі. Нішто іх тут не ўтрымвае, нішто. Раней была зямля патрэбна, хата, А сёння — лёткай птушкаю ляці. Цяпер людзей за добрую зарплату З гнязда крайсвету можна адвясці. Дый робяць як?.. Здаецца, сама ў сіле, Здаецца, дужы, сыты, малады, — Крый бог, каб мы так замаладзь рабілі, — І лыжкай хлеб не сёрбалі б тады!..»
Шуміць сасна над матчынай магілай...
Паслухай, мама, як сасну, мяне. Усё, чым нас ты, мама, адарыла, Мы ўжо не прамарнуем, не. Якія б нам у твар вятры ні дзьмулі — Яны любоў не выстудзяць ужо. Да скону пчолам бараніць свой вулей, Свой спадак працы, сонца і дажджоў.