Выбрать главу
Калі мы тут багатыя на ўсмешку, На шчырасць, на давер, на песню — мы
Багатыя табой, тваёю сцежкай, Што ты ў вясну тарыла нам з зімы.
Калі на сонцы не шукаем плямаў, Калі і роспач нас не заграбе, Калі й надзеі мы не здрадзім, мама, — Мы гэтым абавязаны табе.
У нашым, часам з прымаразкам, леце Удосталь і маланак, і асця. Хай вам, бацькі, не плачацца па дзецях: Нам сцежкі вашы весці ў глыб жыцця.
І хай кіруе векавая памяць: Дзе толькі сытасць — там душы няма. Не пакідай нас, ма!..
3 А ў палях так жыццядарна жыта Абнімае маладую шыр! Жыта, жыта, вечны скарб, спажытак Чалавечых цела і душы!
Бо ўміраюць з голаду й па людзях...
Покі ж ёсць што сеяць, ёсць што жаць, Як шляхі жыццёвыя ні блудзяць — А да Хлеба існыя ляжаць.
Да таго да Еднаснага Хлеба, Што збірае за адным сталом Тых, у кім гарыць адна патрэба: Наталіцца роднасці святлом.
I, адчуўшы сэнс і веліч долі, Гэты сэнс і веліч перадаць І сваім унукам, каб ніколі Ім не давялося жабраваць.
Каб ва ўпартым поступе да мэты Без галечы, звад і калатнеч Іх, як зерне, маладому свету Не намульваў плечы прагны меч.
Каб нідзе занесены не быў ён, Меч знішчэння, — як цяпер завіс Над саспелай нівай, над рабінай, Што ўжо цяжка хіліць гроны ўніз,
Над буслом, які ўжо вырай чуе І зямлі з паднебнай вышыні Па дажджах, па маразах вяшчуе Новых вёснаў сонечныя дні.
Мой турботны дзень, мая Нядзеля! Лашчыць пальцы шорсткі каласок... Краю родны! Я ўжо неаддзельна Ад цябе, як ад зямлі расток.
Вырві з глебы, што яго сілкуе, — І змарнее, і засохне ён. Я з табою ўсё перавякую, Што нам ні намелюць жорны дзён.
Ці ж любоў альбо натхненне ўкрасці? Ёсць дзівосы свету — абразы, Ды яны ніколечкі не засцяць Мне тваёй някідкае красы.
І дарогу гэту палявую У бялёсай жнівеньскай смузе Мне давеку ўжо любіць — жывую, А не ў той няўтоленай тузе,
Што ў хвалёнай некалі Канадзе І па сёння смокча сваяка, І па сёння неадступна надзіць Несмяротны прывід васілька.
Колькі іх — з гаротнасці, з нястаткаў — Так сябе самохаць адцялі Ад свайго народа і зямлі...
Абміні мяне, такая доля, Бо няма страшнейшага ў жыцці — У чужым, у непрытульным доле Ды прытул апошні свой знайсці!..
І каліна тамка не паплача, І не тая зорка ў галавах... Нават воран там чужы пракрача, Што чужая прарасце трава!..
Смерць — яна не ў кожным разе драма... Родны дол абдымкі расхіне, І ступлю я ў ростул Вечнай Брамы З краскай той, што мама рвала мне, З тою песняй, што яна спявала.
...Толькі б ведаць, толькі ведаць мне б, Што жывы і свет, і жытні хлеб.
VI.1983
МАРОЗ НА ДВАРЭ
Ці не холадна табе, мама? Мароз на дварэ. А ты ўсё трымаеш у далонях сваіх некалькі каласкоў, А ты ўсё трымаеш у далонях сваіх некалькі васількоў, Каторы ўжо год іх да грудзей прыхінаеш. Але гэта ніколечкі не кранае Сурова-сцярожкага крыжыка над тваёй галавою. Праз маўклівую, праінелую хвою Шматочак неба ўзіраецца, Як вусны твае — каторы ўжо год!.. — усміхаюцца Ўсё адной і той жа ўсмешкаю. А я Ўсё ліпею на гэтым, Ужо нясцерпна няўтульным узмежку Між марозным буднем маім I тваёй лагоднай імглою. Баюся, што гэта ты Мяне тут — навошта?— Так доўга, так доўга трымаеш. Хачу быць з табою. Холадна мне, мама.