1989
* * *
Зноў верабейка ўляцеў у акно,
Тройчы ўжо ён убіваецца ў хату,
Слепа кружляе, нібыла ў зацятым
Пошуку той, што ў магіле даўно...
Мамачка-мама, а мо ты сама,
Можа, душа твая гэта ўлятае,
Свет наш пахоплівы так аглядае, -
Можа і там ёй спачыну няма?
Мо толькі хлусяць пра вечны спакой,
Гэтак, як хлусяць пра вечную памяць?
Мамачка! Мама...
1983
ЖАЛЬ
У вянок Марыі
Крычыць душа на адыход, што чалавеку тут
Расінкі шчасця не далося на вяку,
Што толькі за навек самгнёнымі павекамі –
Жадана-ўтальны свет, без крыўды, без пакут.
Які гаротны смутак-жаль!..
Чаго ж так плачацца
Пры пэўнай ведзе, што, пакінуўшы зямлю,
Тут кожны з нас яшчэ не раз адзначыцца,
Каб навучыцца прамаўляць Святлу “люблю”?
Які гаркотны смутак-жаль!
Бо дзе ж, бо дзе яны,
Таго вяртання сведкі існыя?
Ці ж мы?
Але – нявечным сэрцам квола абнадзееныя
На стрэчу ў вечнасці,
ўмываемся слязьмі...
1993
НАЎЗДАГОН
Не далі табе, сястрычка, не далі
Лёгка ўмерці.
Ратавалі, як маглі,
I патрапілі:
Памкнёную ў нябёсы —
Да зямлі
Зноў вярнулі,
Да пакутаў прыкулі...
Быццам шчэ замала ты
Іх спазнала,
Быццам шчэ не ўсе куты
На абшарах саматы
За свае паўвеку ты
Паабжывала...
Што ёсць жорсткасць,
Што ёсць літасць -г-
Хто адкажа?
Замаўкаюць нават вочы,
Твае вочы.
Днём і ўночы
Я малю ў твайго бяссоння:
Хоць мяне ў сваё прадонне,
Хоць мяне пусці, сястра:
Што там чуеш,
Што там бачыш,
Што там думаеш ты сёння
Дні і ночы?..
I не гоніш прэч мяне ты,
I ўпусціць ужо не хочаш:
Не пара.
Позна. Позна:
Слёз не ўцерці...
Не далі табе, зязюлька,
Лёгка ўмерці.
1993
КРЫЖ
Усё склалася
Як бы само сабою,
Без майго ўдзелу,
Вонкі маёй волі.
Але з'яўляюцца паблізныя
I пытаюцца ў мяне,
Што рабіць, што чыніць цяпер,
Калі ўсё склалася так,
Як склалася —
Непапраўна?
Вымагаюць чынаў маіх.
I ўпакорваюся,
I жахаюся дзёрзкасці
Па-зямному ўплываць
На развітак падзей,
Ад мяне не залежны.
Скаланаюся:
Вузлы лёсу якія
Сёння зноў я зацягваю?
Скаланаюся:
А без гэтага ж не абазначацца
Ні дарогі абрысы,
Ні абліччы паблізных...
Ямчэй прымошчваю
На плячах насмылелых
Свой крыж:
— Рушайма далей, дарагія.
1993
У ТОЙ ХАЦЕ
Там, дзе ложак твой стаяў, —
пустое месца.
Хутка ўсё, усё адменіцца ў той хаце.
I хадзіцца будзе йнакш, і піцца-есца.
I начынне ўсё
свой сэнс ранейшы страціць.
Душы новыя ўва ўсё ўнясуць абнову.
Столь і сцены на свой густ пераніцуюць.
Пасярэбраць спадзяваннямі падкову
I над самым сэрцам болю прымацуюць.
Там, дзе ложак твой стаяў, —
Пустое месца.
Толькі голас шчэ ляціць звышы-звысоку,
Тваё ледзьве ўжо дасяжлівае мецца.
Пра любоў... пра супачынак... пра вясёлку...
1993
НА АДЫХОД УЛАДЗІМІРА АНДРЭЕВІЧА КАЛЕСНІКА
Уладзімір Андрэевіч, даруйце
Нам нашы слёзы: слёзы цягнуць долу,
А Вы заўжды былі на вышыні,
Ваяр Асветы, рыцар Светлыні.
Мы плачам, бо нічога не зыначым.
Вас не вярнуць сюды, у нетры гліны.
Душа Ваша атрэсла ўжо яе.
Дзесь азірае сцежачкі свае.
Хай Бог даруе ёй усе правіны.
Хай шлях далейшы будзе беспакутны.
Бывайце. Можа, й стрэнемся яшчэ.
Хай толькі Вас, як нас, боль не пячэ...