Выбрать главу
1994
БЫВАЙ!

Міколу Арахоўскаму

Вось, вычарпаліся й пакуты.» Караны быў Ты? Ці - абраны, Каб у двубоі з лёсам лютым Так і не быў Ты зваяваны?!
Ты ведаў: Ты - зусім не цела, І моцай фарбы, моцай слова. Адпрэчваў бруд, хлусню, спусцеласць, Трываліў годнасці аснову.
Душа не ведала спачыну. Дай, Бог, ёй долі ў дальшым руху. Ты нам не толькі жаль пакінуў: Свяціцьме веліч Твайго духу.
* * *

У вянок Ганне

Для кожнага тут знайшлося ў мяне слова добрае і на сустрэчу, і на развітанне. Перазовы ж з табой пажыццёвай журбой абсякло тваё неадгуканне.
Скрыжоўваю рукі, як табе скрыжавалі былі — на сэрцы, на чашы, каб душы нашы адна ў адну паўзірацца маглі, на мове агню цяпер ужо бясконцую гамонку вялі...
БАЦЬКА
Тата родны... Не трэба! Як гаротна сашчэплены пальцы, Як бяссільна упалі На мулкія дошкі стала... Мне б падбегчы к табе I вачыма вачэй дапытацца, Што за скруха пакутная На цярплівыя плечы лягла
Мне б падбегчы к табе I абвіць тваю шыю рукамі, Прытуліць да грудзей Галаву клапатліва тваю. За секундай секунда, Нібы цяжкія камень за каменем, За секундай секунда, А я нерухома стаю.
Мне б прыпасці к табе, — Ды няма ў нас такой завядзёнкі.. Ты й мяне прывучыў Быць скупою ў пачуццях услых. Асцярожна выношу з пакоя Любві сваёй дзёрзкасць, Каб нічым не абразіць Дум падгледжаных горкіх тваіх.
1964
ДВА ДРЭВЫ
Прыпыніцеся, дні, пачакайце! Лёт шалёны... ...Пасадзі пад акном маім, бацька, Рабіну і клёна.
Я не ведаю дрэва, якое Красамоўней рабіны Мне сцвярджала б заўсёднай парою, Што нягоды любыя Можна мужнай душой адолець (Так, як маці) I з падсечаным нават голлем Цвету не страціць.
Я не ведаю дрэва, каб гэтак, Як клён, гаварыла Пра ранімасць бацькоўск*ага свету, Пяшчоту і сілу... Пасадзі пад акном маім, бацька, Рабіну і клёна. Век над лёсам дачкі калыхацца Санцалюбным іх кронам.
1975
ПЕСНЯ Ў ЦЯРНОЎНІКУ

Алесю Разанаву

Лісцё між калюкоў Буй-цвету наварожыць, I сцішнавата ў гэтай варажбе... Давермася сабе: Што ўмеем мы, што можам? Давермася найлепшаму ў сабе.
Усё, што варта нас, Дарогу заступае, Бо шлях адзін: не ўскрай, а толькі праз. I вастрыё стралы Дакладна гэта знае, I руху птах наўзрыд спявае ў нас...
Хай з думак ападзе Цярновае калючча. За ўсё, што ёсць — і ў тле, і ў харашбе, За выпадковы дар Прылетаваць да кручы Раскрыймася найлепшым у сабе.
1988

Не ў Рым вядуць дарогі...

ВІЗІТОЎКА
Спытаюцца: «Адкуль ты? Скуль ты родам?» I адкажу: — З палескай той раўніны, Якая з даледавіковых часаў Пароднена і з доляй, і з нядоляй. О, нездарма яна, мая старонка, I Белым возерам глядзіць, Як вечнасць, I Чорным возерам глядзіць, Як памяць... Бярозаўшчына! Жылкаю блакітнай Пульсуе Ясельда ў цябе на скроні. Вясёлыя гаі твае бярозавыя Нітуюцца з барамі ды з дубровамі, Каб з травамі, імхамі, чаратамі Няўзнак на ўвесь зеленасвет Еўропы важыць. А ці ж не так і чалавечы лёс твой Панітаваны з лёсам чалавецтва, Мая Бярозаўшчына?! Колькі тысяч Дзяцей сваіх ахвяравала ты I землям іншым, і народам іншым!.. I апыналіся бярозаўцы твае, Чарнявыя ды русыя, Натоўпам безаблічных бежанцаў ці эмігрантаў... Выдатна патраплялі змазалелыя іх рукі Выпешчваць каву на плантацыях Бразіліі, Вылузваць вугаль з нетраў Чылі, Выдойваць буйваліц у пампах Аргенціны, Вылоўваць жэмчуг у прадоннях Палінезіі... Але з гадамі выяўлялася, што з дна Нядольнага туляння здабываўся імі Адным-адзіны скарб: Туга няшчадная Па крыку кнігаўкі Над лотацева-залатым разводдзем, Па аксамітных азярынах лёну сіняга, Па далікатным Бэзава-ружовым цвеце бульбы, Па васілёчку ў жыце ды буслянцы на страсе.. Не адбалець такому болю. Шукалі хлеба на чужыне, Чужынцамі ж падцятая, падмятая Зямля радзінная была Для самых лепшых, Для адданейшых сыноў, дачок сваіх Злавеснейшым Канцэнтрацыйным лагерам «Бяроза»: Як люта катавалі там, як праглі ўсмерціць Самую думку, мару згаладалых Пра іх найсаладзейшы хлеб — Хлеб долі-волі На прадзедамі тканым, Адбеленым ад глуму чорнага абрусе Матчынай мовы... Век не прыцьмець у памяці людской Ні Мальчы прамінулага стагоддзя, Засечанай да смерці бізунамі За бунт супроць улад; Ні расстраляным карнікамі Осаўцам За тое, што найпершымі ў раёне Калгасам выйшлі сустракаць вясну; Ні Здзітаву, вядомаму яшчэ Ў часы Іпацьеўскага летапісу, сёння ж Бяссмертна ўслаўленаму Здзітаўскаю абаронай; Ні юнаму Белаазёрску, Што рукатворным сонейкам расцвіў, Каб не вярнуўся болей змрок былога. Бярозаўшчына Ўмелі пастаяць За гонар свой, за песеннае заўтра твае дзеці — Твае Альшэўскія ды Кутнікі, Труцькі, Вячоркі, Руцічы, Хвядчэні Барушкі, Коласы ды Салаўі, Іх мноства, нескароных, Хоць былі I ямішчы пры кляштары ў Бярозе, I ўрочышча Смалярка, і траншэі Утульналесай Броннае Гары, Дзе тысячамі гінулі бязвінна Славяне й неславяне, Дзе па-зверску «Звышчалавекі» нішчылі людзей. Яшчэ й цяпер Зялёную травінку з тых мясцін Прыкусіш задуменна — й толькі потым, I толькі потым сцяміш, скуль ён, гэты Саленаваты прысмак на губах... О ты, бяссмертны кругабег Жыцця! Ды шчасна ўсведамляць, што на Зямлі, Усюды, ўсюды, пад любым сузор'ем А некалі ж ды выспее пара, Калі любое селішча людское, Як наша вёска Горыч, Збудзе горыч І назавецца Светачам нарэшце! Гляджу на жытнія разлогі кута роднага І думаю: Хай ясніцца Твой дзень, Хай непарушна мірным будзе неба Над шчырай працай і над адпачынкам Дзяцей Тваіх неваявітых, працавітых, Хай зоркамі дастатку й хараства Дамы іх свецяцца, Як свецяцца іх душы! Ім ёсць чым ганарыцца, Ёсць чым жыць, I што апець, I што яшчэ стварыць!