Выбрать главу
1969
ПРЫ ПЕСНІ
І нядзеля запанядзелена. Чым каштоўным я тут надзелена?
Ёсць жытнёвы кут з тою хатаю, Што на ласку мне так багатая.
У гародчыку спее мачына, За сталом звініць песня матчына.
— Ой, жураўку, жураўку, Чаго крычыш на ранку? — Ой, як жа ж мне не крычаць? — Трэба высака лятаць...
Падхаплю жалю мову шчырую: Не вяртаецца жораў з выраю.
Хай не журыцца, хай не плачацца: Далягляд з жальбы не зыначыцца.
Шкода толькі дня, той нядзелі мне, Што святочнасцю так абдзелена.
1981
МЕЛОДЫЙКА
Памру — забудуць хутка. Не змагла Тут вартага зрабіць я анічога, Хоць і выпальвала душу датла Пакутай за сябе і за другога. А што пакіну? Толькі жменьку слоў, Мелодыйку любові і змагання За ўсё, што выбаўляе з кайданоў Абездухоўленага працвітання.
Ляці, мая мелодыйка, ляці! Будзі сінічкаю дрымучасць неба, Калі мне не хлусілі пры жыцці, Што нехта меў тут і ў табе патрэбу...
1984
НАДЗЕІ, ЯКУЮ ПРЫВЯЛІ ЗА РУКАЎ
Ты ўсё перамінаешся ў парозе? Шкада, не ўласнай воляю прыйшла... Ну што ж! Праходзь. З тваіх сясцёр цвіла Тут не адна, ды час іх памарозіў...
Ах, тыя, хто прывёў цябе сюды, — На свеце найдарожшыя мне людзі. Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе Праз доўгія, пагодныя гады!
Прысядзь на хвілю. Я не затрымаю. Даруй, затрымваць — проста не хачу. За ўсё на свеце тут жыццём плачу. (Нібыта ў тым бальзакаўскім рамане, Шматок шчыгрыну менее ўваччу...)
Ты мне — чужая, хоць цябе сюды Паслалі найдарожшыя мне людзі — Хай кожны крок іх крокам шчасця будзе Праз доўгія, пагодныя гады!
Твая вясёлкавасць не ўскалыхне. Таму, хто яваю не ашуканы, Навошта мыліцы самападману? Пакінь мяне.
1975
* * *
О, калі б толькі мог мой жорсткі смутак Палёту ластаўкі быць карацей... Ды ведаю, надоўга ён раскуты, Да моцы зноў акрыленых надзей.
А я тужу аб акіяне мудрым — Рукой прылашчыць бы халодны лоб... А мне недастае той шызай тундры, Дзе сэрца мужнасць мо знайсці змагло б.
А я сумую аб пякельным поўдні, Аб той краіне, дзе ні ты, ні я Не захацелі б боль і крыўды помніць, — Тваё каханне і натхнёнасць дзе мая.
1968
САМО
Ці надзеі непраўдзівыя, Ці дарожанькі не тыя, Ці сама я негадзівая, — Адвярнуліся святыя! Ці не так, як трэба, клікала, Ці не там я іх шукала? Ветру скрыпачка пілікае, Каб галоўку не ламала.
Крач не крач самотнай вуціцай Ці гадай на каве ў місе, А ўсё суджанае збудзецца I само, хоць задавіся!
1990
* * *
А можа, ўдасца, мо сябе ўтаймую, Душу і цела ў розуме злучу? I лета доўгае перазімую, За халады пакорай заплачу.
Пасля цяжкіх, бязлітасных агледзін Пачуццяў, што пакутай параслі, Вярнуся ў час, які мне шчэ адведзен На гэтай пакрываўленай Зямлі.
Шчэ закрасуюць буйна краскі ў лузе, Шчэ завіруюць снежныя віры, — Спакойная і шчырая, вярнуся З людзьмі пра шлях і долю гаварыць.