1986
БЕЛААЗЁРСК
Ці бачыў ты хоць раз Белаазёрск,
Калі на дахі мякка ноч прысядзе,
Павее казкай ад старых азёр
I пойдуць песні поруч па абсадзе?
Тады глядзіш на родны, любы кут
I цэлы свет гатоў у сведкі клікаць:
Ці столькі зор насыпалася тут
На дол з каўша Мядзведзіцы Вялікай,
Ці гэта ў небе, бы ў люстэрку тым,
Адбітак зыркі ўсіх агнёў Палесся?..
Белаазёрск мой, сон мой залаты,
Мая
яшчэ не складзеная
песня!
1962
КРАСАВІК У САКАХ
Сустрэчы — што? Выпадак? Немінучаець?
О як было далёка да вясны
У доме тым пры возеры гаючым,
Што песціла і вергла ў продань сны!
Ішлі праз ноч агні палоскай вузкай
Да зор, на подзіў рэдкіх, угары.
«Пагавары са мной па-беларуску!
Пагавары!..»
Каля балкона кажаны ляталі,
Сам у сябе ўзіраўся карагач,
Адказвала сабачым брэхам далеч
На знерваваны чайчын покліч-плач.
А над усім —
Над сцішанасцю золкай,
Над кажанамі, што гусцілі змрок,
Усходзіла гарачай чыстай зоркай
Матчына мова, —
І відушчаў зрок.