Выбрать главу
Хай бед людскіх не развясці рукамі — Успыхне слова выйсцем пра запас. ...Цвілі так блізка вочы васількамі, І жыта, Жыта абступала нас...
НЕ Ў РЫМ ВЯДУЦЬ ДАРОГІ
Так хораша не можа доўга быць — Недаўгавечна шчасце чалавечае. Адказваць на каханне часта нечым, Хоць ненатольна прагнецца любіць.
Так хораша не можа доўга быць.
Пакуль адчужанасць не знае нас, Пакуль адно ў адно мы пераліты, Пакуль між трох мільярдаў на Зямлі ты Адзіны мне, і я ў цябе — адна.
Адчужанасць яшчэ не знае нас.
Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць, А да вякамі снёнай узаемнасці. Не бачыла, як ты масты свае масціў, Ды помніла, што я цябе знайду.
Не ў Рым дарогі ўсіх людзей вядуць.
1976
ЗА СОСНАМІ—МОРА

Пляменніку Руслану

І Упарта, пругка сэрца мора б’ецца. У памяць — хвалю шызую — ступі: Разгубленасці ўзрост мінуў, здаецца — Трывогам месца саступіў.
У цяглых сосен праз гушчэўе веек Глядзіць сцярожка неба сінізна. О, боязь за другога чалавека!.. Адна ты робіш чалавека з нас.
Адна ты нешта ў гэтым свеце значыш. На поўдні зноў хмурына усплыла... На золку чайкі, як жанчыны, плачуць, Страсаюць цішу з белага крыла.
II Дзень натхнёна вяслуе пунсовым вяслом, Выплываючы з мора. Колькі вас, для каго сёння не прынясло (Як і ўчора) Ані ўзнёслых мінут, ні жывучай тугі, Ні хвіліны жадання Нескарона рассунуць (хоць на крок) берагі Свайго існавання... След на ўбітым пяску ўвачавідкі зацёк Каляроваю пенай. Акунаюцца целы ў хвалі (лёсы ў быццё) Раўнадушна і лена.
З сытай зморай гайдаюцца на ружовай вадзе. І спрасонак Ледзьве-ледзь адзначаюць: плыве міма дзень На вёслах пунсовых.
III «Табе лягчэй: ты ўжо змірылася». ...Ківаю галавою згодна, Сачу, як цвёрда і лагодна Выводзіць мора штось кірыліцай.
Такое мернае, пакорнае Сваім дыханнем галубіным. ...Трагічным знакам бур глыбінных — Палоска на ўзбярэжжы чорная.
IV Хваля доўга вагалася ў незнаёмых глыбінях, Прымервалася, выбірала, Нарэшце — Спружыніста ўскочыла, Рассмяялася белазуба, Падалася ўсім целам — І вось Пасяродку ўтравелага лета, Як суніцы, Зоры збіраю, — Так ускінула хваля крутая мяне. Упіваюся сілай сваёй нечаканай, Халадзею ад думкі, Што гэта ўсяго на імгненне. Я падоўжу ўладу над часам! — Я замкну чароўную хвалю, Абгараджу, прыпыню!
...Ні прасторы галавакружнай, Ні зор. Смяецца над загародкамі Стыхія.
V На ўзморы туман беспрасветна-густы, Аж сонцу на неба не ўзбіцца. Замкнёны рашуча на ключ залаты Чаканні, каторым не збыцца. І кінуты ключ залаты у ваду, У горкую продань марскую. І зманьвай не зманьвай цяпер — не прыйду, Гукай не гукай — не пачую...
VI Не да мора прыбеглі сосны — З мора выбеглі свет паглядзець. У трывозе за лёс людзей Зелянеюць яны і сохнуць.
VII Хвалюецца салёная разлога, Дзень, як бурштын, хаваючы на дне. Усё ўспамінам стане, і дарогу Перамяце, засыпле ранні снег.
А ўдома загудзе на ветры голле, У волкай цемры цяжка зашуміць — І уваскрэсне, І падкоціцца да горла: Стрывожанае мора, Дзюны. Мы...
11-18.07.1975 Дубулты
ПУШКІН У МІХАЙЛАЎСКІМ.
Па атрыманні ліста ад Дэльвіга
«Ах, мілы Дэльвіг!.. У каторы раз Прыехаць абяцаешся, а час — Сняжынка да сняжынкі — У сумёты Нагортваецца на маім двары... Калі б вы толькі ведалі, сябры, Якая тут сумота і самота!.. Як холадна і голадна без вас!.. Жывіцца, нібы вязню, успамінам!.. Не адпускаюць дупіу боль і віны, А радасць не залучыш пра запас... Яе да скону чалавек жадзён. Да д'ябла цяжка гэта — быць шчаслівым, Калі і ў хмелю канавана бачыць, Што ўласны лёс бяссільны сам зыначыць...»