Выбрать главу
Крошын той, што тут завуць Крашынам, Шчэ куточак роднае зямлі, Дзе ліхота лёс людскі крышыла, Дзе ліхоту людзі амаглі.
Дзе суровай праўдаю нямрушчай Павявае нават ад кладоў, Што народнай памяці не струшыць Коламі няцямства і гадоў.
Дзе, каб душы памаразь не ўкрыла, Злётвае даверліва да рук З жырандолі Паўлюка Багрыма Чорны ад зажытага жаўрук.
...Цёмная дарога ў даль збягае, Над дарогай — зорнае шыццё, Побач — ты, каб знала я, — о, знаю! — Што такое шчасце і жыццё.
1985
СКРЫПАЧ
Уцёк у мушлю музыкі, а так глыбока, так глыбока, што да яго балкона на другім паверсе не дапясці ўжо ніякім воклікам вячэрняга Парыжу.
Стаіць сабе скрыпач і грае на ўласным беразе — нямога для бадзяжнікаў аглухлых — іншасвету: у мушлі музыкі.
НА РЮ ДЭ КОНСЭРВАТУАР
Юнак з юначкай гэтыя не тут ужо, не ў скверы гэтым, хоць постаці іх сплеценыя і навідавоку.
Зыншапланечаныя ўласнымі абдымкамі, цалункамі, яны ўжо ў недасяжжы для косых позіркаў прахожых, маўклівага дакору іх, асуды, абурэння, —
зэро, нуль абсалютны ўсё гэта зараз абраннікам спякотных сфераў мілосных.
Яны йшчэ вернуцца з нябёсаў тых сюды, на пде сіе Сошегуаіоіге, ды ім адным, адзіна ім гучацьме — як загучала — раскута жарсцевая, незямная фуга кахання.
У БЕЛАСТОКУ
У хмары бялёсай прамень патанае. Хаця ўжо да ўлады прыйшоў красавік — Па-над Беластокам Пан Бог вытрасае Свой белы, станчэлы нашчэнт пухавік.
Кружляюць сняжынкі і рэдка, і вяла, I хоцькі-няхоцькі — а ўміг растаюць. З-пад бурага лісту вясёлыя джалы Травінак да сэрца майго дастаюць.
Баліць, уцалелае ў зімняй аблозе, Трапеча ў струмку зноў нясмешных надзей На сэнс і на сонца ў мусовай дарозе, На неадзінотнасць сваю між людзей.
Сняжынкі ў паветры. Вяснушкі на шчоках. Астуда і ласка майго Беластоку.
1992
СЕДЛІЦЫ
Стаю на каменным ходніку Паміж рынкам і стадыёнам. З правага боку Раз-пораз накочваецца Рык утрапёны Вернікаў мускульнай сілы. З левага боку Напірае, хістаецца Нябачная брыла Галасу барахольнага. Пасяродку Бясконца цячэ Заклапочаны люд шпаркаструмны. А наўпрост, На сцяме майстэранькі Па наладзе газавых плітаў I падгонцы ключоў Буйналітарная абвестка:
Zakład stolarski TRUMNY
I адрас, На які не зважае Чалавечы мурашнік. Сумна.
1992
НА КАРЦІНАХ УРШУЛЫ
На карцінах Уршулы Люке Барукаюцца з ветрам дрэвы, Каб спакойна, патульна жылося Невідочна-прысутным бюргерам У мурах-камяніцах іхных: Шчытна тоўпяцца мураванкі На карцінах Уршулы Люке, I ўцякае пад мостам Шпрэвэ, I пад гнётам свайго пачварства Вывінаецца, і пруцянее, Распадае глумлівы спрут, Што берлінскай сцяною зваўся, — I хрыстосуюцца ў нябёсах Мужна выстаялыя дрэвы. На карцінах Уршулы Люке Так звычайна ўсё — а шматмерна, Лаканічна — а так яскрава, Красамоўна. Як і выява Тых кладоў, маляваных мастачкай Пад Варонежам ці пад Самарай (а магла б і ў Белаазёрску, ці ў любой беларускай мясціне — маем скрозь мы такія пагосты): Пад аголеным небам — нямыя Земляныя гарбочкі, а кожны, Кожны — загарадкай апяты: Клеткі, клеткі... I тут — клеткі, клеткі... — Нашым людзям цяжка даўмецца, Што я гэта намалявала, — Уздыхае Уршула.