Выбрать главу
1995
ДА СУСТРЭЧЫ!
Маўклівым развітальным клінам Ляцелі гусі над Берлінам, А мы па Мюллерштрасэ йшлі І ўслед за выраем гусіным Вачыма ўзрушана вялі.
Адкуль вы, гусі? З Беларусі? Куды вы, гусі? Ў цёплы край?.. Няма адказу. Знай цярусіць Сняжок з нябёсаў, быццам гусі Свой пух страсаюць на "бывай",
Халодны пух ляціць - не тае, І на плячах не растае. Так і Айчыну замятае... Даўно старонка дарагая Нам на цяпло сваё скупая. Любові ад людзей чакае. Не ўмеюць людзі грэць яе.
Мы заўтра вернемся дадому. У непагадзь, у безладзь, стому. З чужыны - бы на чужыну... Вам, птахі верныя, вядома, Як цяжка з золі, з ледалому Выдабываць крыльмі вясну.
Да стрэчы, гусі!

Над гняздзечкам лісток залацее...

ПАСЛЯ ШТОРМУ
Глыбокае ранне, глыбокая ціша. І толькі заілена ўздрыгваюць хвалі. «Мінулася бура, — зняможана пішуць. — Прайшла. Прашалела. Зноў ранне. Зноў ціша. На беразе гэтым Зашмулена-бурым Вось-вось людзі з'явяцца — Выпладні буры. Па ёд. Па бурштын. Па абломкі — Хто ўчора Блакітны свой паруснік Даверыў мору».
1983
ВЯРБА
Хто ўпершыню назваў цябе плакучай, Самотная вярбіначка-вярба?
Відаць, вялікім горам быў засмучаны, Нязмернаю была яго журба, Калі ў табе, датуль незаўважанай, Сябе самога раптам распазнаў, Як некалі дзікун, спасцігшы занава, Што сутнасць і людзей, і дрэў — адна. I што даецца толькі тым жывучасць, Хто годны ў муках сцвердзіць сваё «я».
Ці не паэт назваў цябе плакучаю, Вярба мая, сястра мая?
* * *
Адляцела лістота ў чарговы свой вырай, У апошні свой вырай, адкуль Не бывае вяртання праз прыгавар жвіру Аніводнаму болей лістку.
Як кнаты абгарэлыя, ў неба цягнуцца дрэвы, Ў дажджавую яго сівізну. Толькі ж ведаюць дрэвы, што за ёю дзесь дрэмле Сіне-сонечны спеў пра вясну.
1966
МАНАЛОГ КРЫНІЦЫ, ЯКУЮ ЗАКІДАЛІ КАМЕННЕМ

Ой, у полі крыніца стаяла...

З народнай песні
Колькі прастаяла я? Не помню. Вымерлі біблійныя звяры, Што ішлі сюды да вадапою З ранішняй, З вячэрняе зары.
Тыя пушчы, што са мной дружылі, Тыя птахі, што спявалі мне, Праз вякі акінуліся жытам... Молада было мне ў збажыне!
А пасля ступіў на поле горад, Ганарыста ўскінуўся між ніў, I ў маё сярэбранае горла Паляцелі слепа камяні!..
Як смыляць прыдаўленыя грудзі... Я да вас яшчэ праб'юся, людзі! Вы — з мяне. А як жа вам — без вас? Але гора вам, калі зноў будзе На мой голас Камень — у адказ!
1976
ВОСЕНЬ
І зноў сумую па буслах, Нібы па родным чалавеку. Іх восень ціха адвязла На рыжым чоўне дзесь да грэкаў, Ці мо ў Егіпет, ці куды, — Далей ад дрыжыкавай слоты.
Стаяць манахамі сады У сутанах вымаклых за плотам.
1970
ЛІСТОК
На ўсёй галіне толькі ён адзін, Адным душою кволы лісцік буры Яшчэ ўцалеў у бурах мне наўздзіў I на пасмех-пацеху новым бурам.
О дзе ты, промня веснавога шоўк?! Ў адказ цыклон кастрычніцкі азваўся... Дрыжыць лісток, ды не таму, што зжоўк, Другое страшыць: што адзін застаўся...