Выбрать главу
1970
СНЕГІРЫ
Два снегіры — дзве кропелькі зары — На шэрую галіну вольхі ўпалі. I раптам усміхнуўся дуб стары I жалудоў сыпнуў ёй на каралі.
Ды што для вольхі гэткія дары! Як дзеўка, ля стаўка ўсё прымярала Звон-завушніцы з цёплага каралу — Два снегіры, дзве кропелькі зары.
1969
ПЕРШЫ СНЕГ
Над даляглядам вечар устае, У шыбы вецер апантана ляскае, І снег, і снег, як спозненая ласка. ...I гэтак жа, як ласка, растае.
Яшчэ лісты самотныя гараць, Яшчэ не ўся трава ў зіму ўмарожана. Не гавары са мной неасцярожна, Пяшчотай выпадковаю не рань.
На недавер мне сіл яшчэ стае, Не веснавосць з вясёлкавымі краскамі, — А снег, а снег, як спозненая ласка, І гэтак жа, як ласка, растае...
* * *
Я думала, люблю адну вясну: Вясной так лёгка пераблытаць, дзе я, Вясною так пяюць ва мне надзеі, — Я думала, люблю адну вясну.
Я думала, што восень не цярплю: Так непрытульна і маркотна ўвосень, Так адзінока з тым, што не збылося,- Я думала, што восень не цярплю.
Але загуў прасторы сіні звон — I колькі часу ўжо адно ўяўленне У родны край вядзе, як у збавенне, — Ударыла разлука ў сіні звон.
I ўсё прымаю, лета і зіму, Паводку бурную і ліставею. Калі зямля, як сонца, душу грэе — Багаслаўляю лета і зіму!
1972
ЛІСТАПАД
Зноў наступнасць мая — без цябе. Са здзіўленнем і зябкасцю ў целе Я заўважыла толькі цяпер, Што таполі зусім абляцелі.
I што луг і зрудзеў, і зліняў, У рабін паабдзёўбаны гронкі, — Хоць яшчэ на двары — цеплыня, Звон нябёсаў пяшчотны і тонкі.
Ліст апалы у пальцах кручу. На галіне карычневай почка — Вёснаў будучых соннае вочка. Ліст апалы у пальцах кручу...
1975
* * *
Ноччу вецер шурпаты з оста I мяцеліцы вал дзевяты, Як на Богам забыты востраў, На маю наляцелі хату.
Ліхаманіла шыбы ў вокнах, Дробна дзверы, як зубы, ляскалі. Ні зямлі, ні неба. Навокал Снег ды бура, як над Аляскай.
I шматала хату, як трэску, Толькі сцены стагналі глуха. Ды прадраўся ружовай крэскаю Ўрэшце золак праз завіруху.
I абмяклі пургі парывы, I на ўздыблены снег упала, Быццам ёй на кудлаты загрывак Руку ўладна світанне паклала.
1965
АДЛІГА
Перапацелі шыбы, учора шызыя, І цінькаюць цяжкія кроплі зрэдку. З чаго ж ты, сэрца, радасцю пранізана? Я толькі ў маі знаю цябе гэткім!
О сэрца, ты такое рызыкоўнае: У студзені адліга — не прадвесне. Табе ж хапае промня выпадковага, Каб ашукацца І каб уваскрэснуць!
1970
ЛАЗІНКА
Зусім скалела рыжая лазінка. Пад панаваннем лютаўскае белі Зялёны колер стаў амаль паданнем, Якое ледзь ліпела на краёчку Нямыслімае памяці яе. Але аднойчы варухнуўся корань — I пацяплела ўзрушана зямля, I лужынкай блакітнаю апаў, Не ўцяміўшы, што здарылася, снег. Ускрыкнула ад неспадзеву кнігаўка: Заместа зледзянелае лазінкі Ускалыхнуўся сонечны прамень! I ў воклічах уражанае птушкі То смех, то недарэчнае рыданне...
Як хораша разгублены ты сёння: «Чаму цяпер не раніца, а вечар?..»
Так накалела рыжая лазінка...
1972
* * *
Лякаюцца: вярнулася зіма... І ў доказ гэтай з'явы абуральнай Паказваюць на снег, як на замах На жаўруковы спеў світальны,
На кані крык і на бусліны крок Па ўчора абагрэтай лугавіне, — А сёння покавак зялёных кроў Ад маразоў раптовых стыне.