Вярнулася зіма? Так. Зацвіла
Натхнёнай, апантанаю завеяй!
Ды ў халады працяглыя,
з крыла
Буслінага страсаныя,
не веру!
Не марна прагнуў распусціцца бэз,
На ледаход так галасілі кані
Не марна:
каб прачнулася ў табе,
Што сонца
ўсё-такі цябе шукае!
1977
ВЯРТАННЕ ЖУРАВОЎ
Вы жывыя! Вярнуліся! Нейк амаглі
Пашчу стронцыя, продань дарогі!..
Журавелькі-жураўкі мае, жураўлі,
Сцяг вясны над палескай разлогай!
У Чырвоную кнігу занесены вы,
Бо, як людзям, не заўжды спрыяе
Вам паветра айчыны, наш кут векавы,
Дзе зламыснасць любові наўчае.
Леціцё! — і вяснеюць бары і палі,
Леціцё! — крышаць лёд рэчкі і рэкі.
Хай жа вашая любасць да роднай зямлі
Не спаткае знішчальнай апекі!
1987
ЧЭРВЕНЬСКІ ВЕЦЕР
У зяленым плашчы наросхрыст
Па гаях вецер чэрвеньскі ходзіць.
Толькі блізкіх збліжае ростань.
Толькі з блізкімі час у згодзе.
Ох, які ты вымаклы, вецер!
Травы ў пояс таое, разутаму...
То дажджынка з ліста ці з сэрца
Ападае пяшчотны смутак?
1973
ВАСІЛЬКІ
Як рана васількі завасільковелі!
Ці гэта я спазняюся? Няўжо
Мінулася вясна? Адна аскоміна
Перапарэлых, выгарклых дажджоў...
Спазняюся. Ва ўсім... I рассыпаюцца,
I выпадаюць звёны спакваля,
Як поры года з пачуццёвай памяці,
Памкненняў, дружбы звёны...
А ў палях
Красуе жыта! Як і трэба ў чэрвені.
Не знае глеба ленасці душы.
Каля дарогі ў каласоў гушчэвіне,
Як воклік лета, васілёк дрыжыць.
1974
ЖАР-ПТУШКА
У мой прыглухлы,
Поўны лета сад
Аднойчы,
Як сухая навальніца,
Зіхотка, бесклапотна, жыццярадасна
Жар-птушка з казкі ў сад мой
Прыляцела,
Прашыла зорным полымем яго,
І кожнае зярнятка ў кожным яблыку
Задыхала з абуджанай маркотай
Сканаць,
Ды толькі — цветам прарасці.
Стрывожаны,
Устрапянуўся сад,
А птушка...
Палае двузіхоткае пяро,
Пакінутае мне
Не на ўспамінак:
На тое, каб і ў верасні, і ў лютым
Быў сад мой
Поўны лета.
Кабён
Быў казкаю.
Азораны. І толькі.
КУПАЛЬСКАЕ
Галіне Скарыне
Юдольныя,
і плацім мыта
за ўсё, што выпадзе ў дарозе:
найперш —
за пыл ды за каменне,
за град
і за няшчаду спёкі,
але —
і за глыток з крыніцы,
і за ліповы пах мядовы,
і за сцяжыну прад вачыма,
і за валошку каля сэрца...
А Купалка зноў гукае
ночкі цёмнай не баяцца,
кветку-папараць шукаць...
* * *
З якой цярплівасцю
Прыладжвае бусліха
Галінку крохкую ў сваё гняздо,
Пакуль яна тапырыцца пакіне,
Пакуль
У буслянкі адзінства непаўторнае
Не ўпішацца.
О, як зайздросна мне майстэрству гэткаму!
I ў празарлівай птушкі я прашу —
Хіба ж дарэмна менавіта з ёю
Свае найлепшыя чаканні людзі звязваюць? —
Прашу я:
— Навучы мяне, маўклівая,
На вострай, на драпежнай баране
Крыўд, непапраўнасцей, няўдач, памылак
Знітоўваць так —
Да будня будзень, —
Дні мае,
Каб з іх няўхільна-шэрага гнязда
Умела станавіцца на крыло —
Уздрыгліва, няўклюдна, неўміруча! –
Як буслянятка першае тваё,
Мая,
Мной непрадбачаная,
Радасць.
Цярпенню навучы мяне,
Маўклівая...
1974
МАТЫЛЁК
Янку Брылю
Нахалолі шыбы з ночы, затуманелі,
Па-асенняму глядзяцца ў мокры сад.
Не забавілася слота, хмурай паняю
На пачэсны самы просіцца пасад.