З ёю жарты, з ёю сваркі - надарэмныя,
Гаспадарліва шчыруе ад душы:
Носіць жухлую лістоту абярэмкамі,
Носіць суткамі дажджы ў гнілым кашы.
Ды бывае - неба гляне так падсінена!
І тады, нібы дзівосны госць здалёк,
У акно, што па нагоду зноў расчынена,
Трапятліва залятае матылёк.
Ах ты, госць мой! Рэха лета - выпадковае!
Аж вачам уласным веры не даю...
Як жа хораша замовай каляроваю
Ты няўтульнасць заварожваеш маю!
Матылёчак, летуценнейка дзіцячае...
І лагодзяцца маршчынкі на ілбе,
І шчэ гэтулькі пяшчоты нерастрачанай:
Знік ты - я ж усё ўсміхаюся табе!..
1984
БЯРОЗА
На мокрым голлі — рэдкія лісточкі.
І мне здаецца золкаю парой,
Нібыта залатыя ліхтарочкі
Запалены бярозаю старой.
Куды яна ўзіраецца?
Што бачыць?
І для чаго запалена святло?
Няйначай — лету, выраю — няйначай.
І мо — каб адзінока не было.
А мне б хацелася, бяроза, думаць, —
Прабач, хачу замнога мо, прабач, —
Што ты з маёй бясплённасці і тлуму
Пакажаш сцежку мудрасці і ўдач.
Я і сама шукаць яе гатова,
Шукаць гатова — значыць, і знайду.
А вока ліхтарочка залатога
Не дасць мне спатыкнуцца на хаду.
Тваё галлё, бяроза, падтрымае, —
Яшчэ адолець не адну вярсту.
Пакуты знаю. Боязі не знаю.
Іду.
КАМЕНЬ
Зласліва кінеш камень у крыніцу —
I зразу скаламуціцца вада,
Знікае зоўны воблік таямніцы,
Узвірваецца ўсякая брыда.
Але па часе мут зноў ападае,
Зноў плынь празрыста-вабная бяжыць,
На камень той ужо і не зважае.
А камень той, як на душы, ляжыць.
1989
РАКА
— Твая песня пра што, вада?—
І па хвалях-радках чытаю:
«Што мінулася, не шкада,
Што мінулася, бласлаўляю.
Нават страты і нават боль
Светлай нотай маёй адзначу.
А над тым, што ніколі са мной
Не адбудзецца —
плачу, плачу...»
1973
ЗМЯРКАННЕ
Вячэрнія птахі запелі.
На змену спякотнаму дню
Задумнаю свежасцю спеляць
Маю цішыню.
І вокліч, і высвіст, і шчэбет,
І рэзкі, наструнены крык.
Гарыць аблачыначка ў небе,
Жарынай гарыць.
Яе прахалода папеліць
Галінкаю не варухне...
Вячэрнія птахі запелі...
Як молада мне!
І як мне на дзіва спакойна!
Скацілася сонца ў лясок.
І — не апусцела шпакоўня...
Усё яшчэ збудзецца, ўсё!
КАСТРЫЧНІЦКАЕ
У садзе маім — залатыя жыткі ды вяргіні.
Па ліпеньска-жнівеньскіх люта навальных дажджах
Кароткія дні ўшчэрць наліты і сонцам, і сінню,
Цяплом і лагодай атулены дол па начах.
У садзе маім, павуцінкай знітованы белай,
Ідуць клён з бярозкай на гібельна-зоўны касцёр.
I гэтак дзівосна, і блізка ўсё, і зразумела,
Нібыта прырода ўзяла маю жытку за ўзор...
1988
ЯЛІНА
Не пытаю, яліна, чаму
З боку поўдня пышней тваё голле:
Неаднойчы і нада мной
Сцюжа люта скуголіла.
I зусім не пытаю, чаму
Ты ніколі у поле не выйшла:
Без сябрыны побач і я
Не выжыла б.
1973
КАЛІ Б ЗАПЫТАЎ
Я не хацела б, мой маленькі хлопчык,
З вачыма —
што ўраселы лёну цвет, —
Цікаўнымі, як птушаняты, —
Я не хацела б, каб — васьмігадовы —
Ты раптам па-старэчы запытаўся:
Што думаю я аб жыцці?
Хутчэй за ўсё, ты гэтак не спытаеш,
Хаця наўздзіў парадаксальныя твае
«Дзе», «як», «чаму», «нашто»,
Нібы насенне абдуванчыкаў, зрываных
Табою,
Так і носяцца наўкола
Мяне —
Празрыста, лётка, чэпка — вечна.