Выбрать главу
1973
ДАЖДЖЫНА
Шапоча дождж ліпнёвы За шыбаю начной. Спакой ягонай мовы — Вянец на мой спакой.
Даволі ж бо, даволі Мне прывідаў лавіць. Хачу, нарэшце, волі: Хачу пакорнай быць.
Пакорнай, як дажджына, Што дасягнуць змагла Прызоркавых вышыняў, А ўсё ж у пыл лягла.
Каб зноў, калі падоліць, Узняцца шчэ вышэй, А падаючы долу, Як праўду, мець свой шэпт.
Шапоча дождж ліпнёвы За шыбаю начной. Спакой ягонай мовы — Вянец на мой спакой.
1990
РЭМЕЗ
Прага неба, вышыняў прачыстых Адкладзецца маршчынкай на лбе. Дзень мой толькі з табой найсвятлісты, Не крыляецца мне — без цябе.
I ссутоньваюся, і нямею, Хоць упарта, як рэмез, вяжу Я гняздзечка любові — ў надзеі, Што тваю адагрэю душу.
Прывід мары становіцца явай, I нядзеліцца будні трыснёг Ад табой зноў набытага права Быць —
каб сонцам валодаць, як бог.
Над гняздзечкам лісток залацее. Ва ўспамін ён у чый упадзе?.. Супакойваюся і чысцею. Ты са мной, і не горкі мне дзень.
1989
І ЧАЙКІ
Сугучча апярэння і паставы годнай, Праніклівага зроку вастрыня, Імклівасць дужых крыл, Дакладнасць руху Ім— Лёткім злучнікам нябёсаў і вады — Азёрным чайкам волелюбным Дадзена. І вось — Яны Над сметнікам крыкліва мітусяцца I, нібы вераб'і кароткапёрыя, Да хрыпу сварацца За чэрствую скарынку...
У НАВАЛЬНІЦУ
Не навальніца — светапрастаўленне! Прыбілі ноч да долу перуны. Прад ураганам дрэвы — на калені! I толькі стогнуць здушана яны.
Сляпога ліўня кручаная плётка Па іх галовах скораных — з пляча! I ні табе збавення, ні палёгкі, Ні права на абураны адчай.
А па сцяжыне да здранцвелай хаты, Праз хіжы зырк ламаных бліскавіц, Бяжыць дзяўчо. З каханым. З вечарніц. Як абяцанне сонечнага свята.
1965
ДЗЕВЯТАЕ МАЯ
Доўга цень на долю падаў, Я свой ясны дзень шукала, — А яго закалыхала Ноч на белым голлі саду.
Ледзь шчакой крануся вецця — Абсыпаюць цветам промні. Як цябе, глыбока помню: Мірам гэта ўсё завецца...
1977
БАЕЧКА
— Шэра-буры верабейка-верабеечка, Прыжывіся ў маім садзе, дам капеечку!
Ну навошта верабейку тыя грошыкі? Ды садок сам па сабе такі ўжо гожанькі!
Сонца ззяе — аж не глянуць, вочкі слепяцца, А на голлі квет да квету так і лепіцца,
А на кожным на лісточку, на зяліначцы Дыяменцікам звісае па расіначцы, —
I прынада, і прытулле дзіўназыкае! Абжывае сад птушыначка, чырыкае.
Паскакала-палятала шмат ці трошачкі — Што за дзіва: тут ні семачкі, ні мошачкі...
Захацелася напіцца верабейчыку, А раса ўжо не раса — крышталь-каменьчыкі...
Узлунала недаўменна рэха гучнае: Зёлкі, кветкі, дрэвы, сонца — ўсё тут штучнае!
Тузануўся шэра-буры ў неба сіняе — Марна: лапкі ўжо аблутаны, засілены!