I падстаўляць сваё плячо слабое,
Дзе хоць каго паратаваць змагу.
Мы ўсе — з любові, ўсе мы — да любові,
А як жа мы прад ёю ўсе ў даўгу!..
То, можа, ўдасца, мо сябе ўтаймую,
Душу і цела ў розуме злучу,
I неяк жытку гэту дазімую,
I новай гэтакай — не захачу.
1985
ЗАЦЬМЕННЕ
Акіян мой стаў азерцам:
Засуш не міне.
Чэрпаю насмяглым сэрцам –
Шкрабаю па дне.
Берагу – не ўберагаю
Сцежкі паясок:
Засыпае, засыпае
І яе пясок.
Вось як дыхае пустыня –
Роздараж ды глуш!..
Што яшчэ мне, лёс, падкінеш
Пад зацьменне душ?
1984
АПАТЫЯ
Разглядваеш паныла лямец дзён,
Адпушчаных на песню —
Змарнаваных
На тло бясконцых вымаганняў быту, —
Самапавагі, песні той жадзён,
Разглядваеш бяздарны лямец дзён:
Ах моташна ад затхлай поўсці...
Душа за кабалу адпомсціць!
1984
БЯЗЛАДНАЯ РАЗМОВА
Пагаварыць з табою трэба мне,
А я пакутна падбіраю словы:
Зусім дзяўчынка ты ў маіх вачах,
А я ў тваіх чытаю столькі болю...
Як недарэчна, што душы мудрэць,
Мужнець ёй толькі ад рубцоў уласных
І раны, што скрывавілі мяне,
Цябе не ўберагуць ад ран тваіх.
Паслухай, сёння, калі што й скажу
І прыгадаю пачуццё, якое
Абразай падсякалі, як з абрэза,
Не думай, што цябе хачу суцешыць
Падобнасцю людскіх перажыванняў:
Не ўсцешыла б мяне бяда чужая,
Хай і ў мінулым гэтая бяда.
Цяпер, калі па валасах маіх
Усё натхнёней чыркае галубка
Крылом з'інела-белым,
Я хачу
Упэўніцца, ці гэтак, бы ў юнацтве,
Да новых ран маё гатова сэрца...
1977
ВОРАН КРУЖЫЦЬ
Я шукала чараўніцу,
Ах, шукала,
Каб мяне ад варання
Паратавала,
Каб яно штодня-штоночы Не кружыла,
Каб я цяжка так па сонцу Не тужыла.
Абышла я паўкраіны, Паўзямліцы,
Не знайшла нідзе жаданай
Чараўніцы,
Бо яны, бо і яны
Па сонцу тужаць,
Бо над кожнаю душой
Свой воран кружыць...
1989
ЧУЙНАР
«Ты на зямлі, каб несці крыж з пакорай,
Наканаванне дзейснячы сваё.
І ты чыймусьці трудаванню ўторыш,
І хтось мацуе спраўджванне тваё.
Інач усё, што можаш перайначыць,
Вітай усё, над чым не ўладны ты.
Што ж да аддачы... Не чакай аддачы.
Не тут яна. За рысай нематы.
Там
адтайнуецца ўся патаёма
Заломаў лёсу і цярпення дар».
...Пазыбваўся ў начным дзвярным праёме
Бялёсы цень. Дарог маіх чуйнар.
* * *
Усе мы, усе мы ў хадзьбе
Да небакраю.
Калі й чакаю чаго –
ад сябе
Чакаю.
Табе не па сіле крок
Маёю сцяжынай.
Мы нават у снах сяброў
Чужыя.
1984
* * *
У несаступлівай журбоце
Ніколі ды не асуджу
Таго, хто лёгка, па ахвоце
Пераадольвае мяжу
Між скрухаю і весялосцю,
Таго, хто ўмее абярнуць
Уласную маркоту ў досціп, —
Ды не паставіцца ў віну
Уменне жыць не ў спаняверцы
У сэнсе земнага жыцця,
Уменне вераваць да смерці
У бессмяротны свой працяг!