Як падкошаны, зваліўся верабеечка:
Ані волі ў небаракі, ні капеечкі...
1989
ПОЛЕ
Не калоссем —
тваімі рукамі шурпатымі
лашчыцца поле.
Не асотам —
тваёю халоднай цвярозасцю
колецца поле.
Над валошкамі
павуцінка танюткая, сумная
жылачкай б'ецца...
АРАБІНЫ
Стрымгалоў ляцяць уніз дажджы рабыя,
Восень лісце замятае на парог.
Арабіны, арабіны, арабіны,
Як паходні каля выцвілых дарог.
Арабіны, арабіны, арабіны,
Бы струмені зацвярдзелага віна
Ці асколкі цеплаватага рубіну
У рудых далонях схмаранага дня.
Хоч не хоч, ды толькі часу не прыпыніш.
Лета бабіна кароткае, бы ўскрык.
Гнуцца долу арабіны, як рабыні,
Як збавення, выглядаюць красавік.
1967
ВЯСЁЛКА
Хмары з самага ранку —
набраклыя, шызыя.
Дождж ад самага ранку няўтомна палюшчыць.
Аж не верыцца ў золкасць за мокраю шыбаю:
Ціхамірна і соладка на сэрцы трывушчым.
Мілы, што гэта?!.
Што ты...
зусім і не плачу я,
Пачакай... парушынка да вейкі прыпала...
За ўсё лета ні разу вясёлкі не бачыла –
Аж цяпер вось
у небе асеннім заграла!..
1981
НЕ АДДАВАЙ СЯБЕ САМОЦЕ
Э. М. I.
На золку прымаразкі ходзяць,
Не першы жоўты ліст упаў.
Не аддавай сябе самоце,
Заўчасна ёй не саступай.
Няхай пазначана журбою
Расстанне восені з вясной,
Нашто ж развітвацца з сабою,
Сябе збаўляць першаасноў,
Калі вачам — нябёс сінеча,
Калі рукам — барвяны ліст,
Калі для сэрца — позірк нечы,
І ўздрыгне сэрца, як калісь...
ЗНІЧКА
І ты мне зорку абяцаў,
І падарыў яе ў шуканні
Цяпла спагады і любові.
І ў нас адліжнела на сэрцы,
Бо мы не ведалі яшчэ,
Што зорка тая наша —
Знічка.
Цяпер жа, ведаючы ўсё
Пра справядлівасць нашай знічкі,
Не хочам ведаць анічога,
І ў страху перад халадамі
Зноў прагнем зоркі —
Сэрца друга.
1977
СКАРГА ДЗІКАЙ ЯБЛЫНІ
Я ў сад хачу!
У той прасторны сад,
Дзе вішанна, і яблычна, і грушна, —
Мне тут, на ўзмежку вольным гэтым,
Душна.
Мне млосна ад прасторы навакол,
Між быльнягу учэпістага стыну:
Там,
Блізкай дзе няма душы, —
Пустыня.
Я ў сад хачу!
Я клопату хачу!
Бязглузда ж усыпаць пладамі вецце,
Каб іх стаптаў,
Каб змарнаваў іх
Вецер.
Я ў сад хачу!
1977
* * *
Адна...
Яна яшчэ здалёк відна:
На выгарбку, вятрам усім адкрытым,
Стаіць сухая, чорная сасна,
Як даўкі сімвал тлену і нябыту.
Ні дрэўца, ані кусціка —
Вакол
Крыжы ды цёмны камень надмагілля.
Ды сухастоіна, нібы дракон
З вычварна пакручастым мёртвым крыллем...
Так давялося на вяку сасне
Быць сведкай толькі гора ды няшчасця,
Што сіл няма ўжо ні зазелянець
Хоць голькаю адной,
Ні ўпасці.
1977
* * *
«Будзе лета, як звон, пустое».
Гэты голас даўно знаю.
Не затоім крыўду на тое,
Што адбыцца й не магло з намі.
Светлячок выпадковы блісне —
І да ўздрыгу вусцішна стане:
Абяцаўся свет быць вялізным -—
Звёўся да чакання світання.
Абяцаўся свет быць вадою —
Звёўся да ненатольнай смагі.
Глухне сад лебядою.
З дзічкі зыркае расамаха.
1981