* * *
Непраглядна-чорная вада,
Натапыраная асакою.
А да берага — рукой падаць.
Я ж вяслую ўпартаю рукою.
А куды, і з чым я прыплыву,
Што шукаю, што знайду, пакіну?
I нашто, хоць ранюся, ірву
I вяслом сцінаю асачыну?
I спачыну ў гэтым — не відаць,
Бо ажно самому шляху чоўна
Так баліць, каб светлаю вада
Стала
з непраглядна-чорнай.
1977
* * *
З блакіту задыхаецца зямля, —
Асмяглай зеленню травы й лістоты,
Калоссем — з прагай спеласці —
ў палях
Да неба цягнецца услед грымотам.
Ды ліўні ўваскрасальныя ўсё міма:
Ты не любімы.
Бяскроўныя нябёсы і ралля
У колеры адным — у шэрым — стынуць.
Ні зоркі барвы; зводдаль спакваля
Нагортваецца снежная пустыня;
Адзіна ветру свіст здзічэлы, грубы:
Сам больш не любіш.
* * *
Той краёчак далягляду
І дагэтуль прад вачыма:
Дзве
ляцелі
аблачыны
Па краёчку далягляду!
Паасобку,
Ды суладна,
Так напеўна,
Так парыўна,
Побач, поруч,
Неадрыўна
ад краёчка далягляду!
Незліянае адзінства,
Блізкасці, і меж улада,
І нятоеная радасць —
Па краёчку далягляду!
Разам, —
І падмен не трэба!
Роднасць, —
І даволі платы!
На краёчку далягляду —
У самым сэрцы свайго неба!
1977
ДОЖДЖ
Вось і дождж. Так чакалі яго!
Наваколле ажно прыўзнялося
Да слівовай хмарыны тугой,
Набрынялай у небе бялёсым.
Ні маланак, ні перуноў.
Запаволена, роўна, ўрачыста
Цёплы лівень, густы, як руно,
З насалодай акрыў дол вячысты.
З ганка ўсцешана, як тапалёк,
Хлопчык цягне ў залеву далоньцы.
Голас бацькі, як сон, як апёк: —
Гэй, у хату! «Крый божа, стронцый...»
1971
ПАВУЧОК
Сшалець ад радасці — як недарэчна,
Як гэта жалю варта, сапраўды,
Аслепнуць і забыць, што вечна, вечна
Ты тут на павуцінку ад жуды.
Падцяты ў самым сонцы, і не сцяміш,
Як апынешся зноў у чорнай яме...
«Няхай не трызніцца, што ты тут — волат!
Не блюзніцца ўсёўладдзе ўласных рук!
А вось пабач, які ты босы-голы!
Паслухай вось, бяссілы, сык гадзюк!..»
Цябе шкадуюць проста адмыслова!
А з ямы выбавіць хоць хто гатовы?
Варушыцца надзеі павучок...
Зноў выштукуеш залаты гачок?..
1988
* * *
Снягі абложныя прадвесне
Пратне травіначкі лязом,
І свет наш прадаўжальна змесціць
Паміж усмешкай і слязой,
І зноў панітавана будзе
Вясёлка траўня і слата,
І радасць гэтак лёгка спудзіць,
І стогну цяжка вылятаць.
Снягі прыпалыя прадвесне
Пратне травіначкі лязом,
І цэлы свет працяжна змесціць
Паміж усмешкай і слязой,
Дзе недазвол на безнадзейнасць,
Дзе спадзяванняў правата,
Што нас нявыказнае здзейсніць
Раней, чым прыйдзе немата.
ПАВАРОТ НА ЛЕТА
Дні зімняга сонцастаяння!
Мяцельнае кудасы баль,
Калі на ўсяленскім аргане
Па нотах раскладзена даль!..
Дарога па следу смуткуе,
Сустрэчы — нібы міражы,
Пакуль сваю ўладу святкуюць
Раскутыя маразы.
Раптова прасветлена гляне
Адліга з-пад волкіх павек, —
Дні зімняга сонцастаяння,
Цяпла неўміручы павеў!
Як шчодрацца блізкія вочы!
Як ломка адзвоньвае лёд!..
Цяпер ужо сонца не збочыць —
На лета яго паварот!
ЛІСТОК
Дубовы лісток падаеш —
як руку —
I два жалуды...
Не весела сэрцайкам на скразняку.
Халады.