— О, божа, дай мне сілы не змяняць
Таго, чаго змяніць не ў сіле я;
— І дай мне мужнасці зрабіць усё,
Што я ў жыцці маім зрабіць павінна;
— І дай мне мудрасці, каб разлічыць,
Што — не пад сілу мне, а што — мой абавязак...
* * *
Дэкаратыўная свяча
На століку;
а на марозе —
Напята-белая бяроза...
Адкрэсліць!
Занава пачаць!
Што адцвіло — таму сатлець,
І ўжо няма другога выйсця,
Як толькі —
пераможна смець
Шукаць лістотай новай высяў.
І не баяцца перамен
У лёсе,
гэтак, бы ў прыродзе!
Як выдых:
Хай былое — тлен,
І як удых:
Няхай зародзіць!
1977
* * *
...А ноччу глуха лес шумеў.
А ёй прымроілася мора...
I расступаўся смольны морак,
I хваля падала да ног.
I да яе, знікуль і знекуль,
Плыў той, каго так доўга прагла,
З чыёй рукі ўсе беды — прахам,
Хто ісціну адкрыць ёй мог...
Чаму ж разумнасць — рэдкі дар?
Чаму, як не змаўчыш на пошласць,
Не абмінеш чужую подласць,
Набудзеш ворага павек?
...I нахіляліся яліны
Ў адказе жорсткім і адзіным
Да абяссоненых павек.
1969
I ДЗЕЛЯ ЦЯБЕ
Таму пашлем святло,
хто ўсміхаецца цемры.
Не бойся,
Не палохайся постраху адзіноты:
Гэта ўява твая,
Не болей,
Калі нават найпершыя людзі —
Адам ды Ева —
Не былі адзінокія
У Сусвеце.
I дзеля цябе
Сонца свеціць!
Не бойся,
Не лякайся пачвары смутку,
Якая
Жудна рыкае
Пра марнасць твайго існавання:
У скутку,
Гэта ўява, не болей,
Калі нават зялінка малая,
Адкрасаваўшы,
Зноў, з мёртвых устаўшы,
Сонца шукае.
Усміхніся:
Дай навочна з'явіцца таму,
Што вечна
I ў табе залачае, —
Твайму Вялікадню,
Тваёй перамозе радасці
Над адчаем!
Усміхніся ўсяму,
Што варожаю цемраю гнеціць:
I дзеля цябе
Сонца свеціць!
ЖЫЦЦЁ — ЯК КАЗКА
(да партрэта Сент-Экзюперы)
Жыццё, сапраўды, як казка:
Ідзеш ад бяды да бяды.
То сцюжна, то слізка, то гразка,
То моташна да жуды.
Туманам забрана поле.
Ідзеш ад надзей да надзей.
Але не сляпая доля.
Бо плуг твой цябе вядзе.
Канчаецца ўсё шчасліва, —
Шчаслівы ў казак канец, —
Заснеш пасяродку нівы,
Спакоены ўрэшце жнец.
1983
* * *
Мы стрэнемся, хоць нас ужо не будзе,
Не будзе ні мяне, ані цябе.
Наступнікі, нязнаныя нам людзі,
Аявяць немагчымае цяпер.
І той, хто нас адорыць стрэчай гэтай—
Сярод уласнай лютае зімы
Знячэўку словам нашым абагрэты—
Не будзе нават всдаць ён, што мы
Нягучнай тою, запаветнай песняй,
Што болем адазвалася на боль,
Нябачана ў чужой душы ўваскрэслі.
...А тут я размінулася з табой.
1974
ВЕРНАСЦЬ РАДАСЦІ
Былыя дні не праходзяць,
Яны адкладаюцца болем
Хай шмат не збудзецца, бо не збылося,
Хай праўду кажуць, яшто як ад відна,
Так будзе й да цямна, -
Усё злілося –
Учынкі, словы, немач безгалосся –
У вечнай прозе, ёсць яна адна:
Быць верным радасці, як верная нябёсам
Галубізна.
1970
ПЕСНЯ
«Сонцам
Дзень пачынаецца.
Ясным сонцам адметны дзень,
Як бы хмары ні слаліся нізка» —
Ценем вернай ахоўніцы
Песня гэта
Шчымліва за мною ідзе
Ад калыскі.
Не прыстаць,
Не здарожыцца,
Не звярнуць на пярэдых, спачын,
Не пакінуць абурана,
За сабою не ляпнуць дзвярыма, як векам.
Песня помніць:
Адступіся яна ад людское душы —
І ўжо не ўберагчы
Анічым
Чалавека.